Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Апошняя спроба Міколы Шчакаціхіна ўратаваць Стары горад


Радыё Свабода пачало ў новым YouTube-канале «Гісторыя на Свабодзе» публікацыю цыклю ілюстраваных відэагутарак пра Стары Менск.

У дзявятай частцы цыклю аўтар кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргей Абламейка расказвае пра разгром нацыянальнага руху ў БССР у 1929–1930 гадах, пра апошнюю спробу Міколы Шчакаціхіна ўратаваць Стары горад і пра тое, як генплян Менску зьвязаны з найвышэйшым кіраўніцтвам СССР.

0:50 — разгром беларусізацыі у траўні — ліпені 1929 году

2:13 — апошняя згадка пра зьніклую манаграфію як зборнік «Стары Менск»

2:51 — прыезд у Менск камісіі Затонскага

3:37 — вынік дакладу Затонскага на пленуме ЦК КП(б)Б

4:29 — пачатак арыштаў беларускіх дзеячаў у 1930 годзе

5:17 — чым вядомы адзін зь першых арыштаваных — гісторык Аляксандар Шлюбскі

6:06 — апошняя гераічная спроба Міколы Шчакаціхіна ва ўмовах антыбеларускага пагрому ўратаваць Стары горад

11:34 — ідэалягічныя падставы Масквы ў рэканструкцыі Менску

14:10 — чыя постаць стаяла за плянамі рэканструкцыі Менску

15:38 — як Масква кантралявала менскія пляны

17:48 — чаму рэканструкцыя, а не рэстаўрацыя

18:45 — чаму ў справе рэканструкцыі Менску не прымалася асобнай рэзалюцыі

22:12 — хто, калі і дзе стварыў першы генплян Менску

24:53 — які лёс чакаў Стары горад паводле генпляну

26:05 — калі павінна была быць зьнесена Няміга паводле даваеннага генпляну

Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Шупы зь Сяргеем Абламейкам:

— Вельмі важна сказаць, што апошняя спроба абараніць Стары Менск была зробленая Міколам Шчакаціхіным якраз у пачатку 1930 году. Гэта адбылося за некалькі месяцаў да ягонага арышту і да таго, як летам 1930 году пачалася справа «Саюзу вызваленьня Беларусі» і былі арыштаваныя больш за 100 ягоных «членаў». Але арышты адбываліся і на месцах, хапалі настаўнікаў, школьных інспэктараў.

У другім нумары часопісу «Чырвоная Беларусь» за 1930 год выйшаў артыкул Міколы Шчакаціхіна «Новы Менск». Артыкул сам па сабе фантастычны, яго трэба чытаць увесь. Там ня верыш сваім вачам, што гэта напісаны тым аўтарам. Ужо паўгода ў друку ідзе антыбеларускі пагром. І мы бачым, што Шчакаціхін нібы «пераапрануўся», што ён гаворыць мовай Сямёна Вальфсона і тагачаснай прапаганды. Вось, напрыклад, цытата:

«А пройдзе яшчэ пэўны час, яшчэ шырэй разгорнецца новае будаўніцтва, і канчаткова зьнікнуць нават сьляды старога мізэрнага Менску. На месцы іх паўстане цалкам новы пралетарскі горад, цытадэль на мяжы капіталістычнага Захаду і першай у сьвеце працоўнай краіны Саветаў. Упартая воля пралетарыяту — гэтаму бясспрэчным залогам».

Цяжка паверыць, што гэта пісаў чалавек, які замілоўваўся краявідамі Старога гораду. І ўвесь ягоны артыкул поўны такой прапагандысцкай рыторыкі.

Адзін сучасны гісторык і літаратар зрабіў пра гэты артыкул публікацыю і працытаваў яго амаль увесь, за выключэньнем некалькіх рэчаў, на якія і трэба было зьвярнуць увагу.

Дарэчы, у першым нумары за 1930 год часопіс «Чырвоная Беларусь», які тады рэдагаваў Міхась Чарот, зьмясьціў на развароце падборку фатаздымкаў Менску пад загалоўкам «Адзінаццаць год БССР — адзінаццаць год пераможнага будаўніцтва». Сярод ужо пабудаваных гмахаў і новабудоўляў з рыштаваньнямі быў надрукаваны і здымак вуліцы Казьмадзям’янаўскай з гэткім подпісам пад ім:

«Пад ударамі пераможнага сацыялістычнага будаўніцтва памірае стары, сярэдневяковы, губэрнатарска-архірэйскі „город Минск“».

Але насамрэч у Шчакаціхіна была мэта. Ён стараўся адпавядаць бальшавікам у іх ідэалягічнай траскатні, але вось што ён там напісаў:

«Апошнімі часамі, праўда, шэраг пабудоў вынесены за горад на Камароўку. Такім спосабам там створацца цэлыя кварталы новага пралетарскага Менску. Але яшчэ лепей было бы ласьне там найболей узмацніць новае будаўніцтва, стварыць там цэлы новы горад, які адтуль пераможна мог бы весьці свой наступ на Стары Менск сваімі шырокімі вуліцамі аж да самай ракі. З гэтага ж боку ракі ў большасьці можна было бы абмежавацца толькі зьнішчэньнем драўляных кварталаў і паасобных драўляных дамоў паміж камяніцамі, і разьбіўкай на іх мясцох маладых зялёных сквэраў».

Фантастыка! Гэта фантастычны тэкст. Ужо ідуць арышты, а Шчакаціхін цалкам у адпаведнасьці з плянам рэстаўрацыі Інбелкульту піша, што трэба зьнесьці драўляныя будынкі на Замчышчы і пасадзіць парк, у чым можна бачыць вобраз колішняга бульвару для турыстаў.

І больш за тое. Тут мае месца і перакліканьне з Шастакоўскім плянам «Вялікай Масквы», дзе аўтар прапаноўваў перанесьці цэнтар Масквы на Хадынскае поле. Шчакаціхін таксама прапануе перанесьці цэнтар Менску на Камароўку.

Мне гэта так спадабалася: «весьці наступ аж да самай ракі»...

Але спроба тая не магла ўжо быць пасьпяховаю. Нічога з тых ідэяў не было рэалізавана. Вясной пачаліся арышты. Арыштаваная беларуская эліта спачатку сядзела ў «Амэрыканцы», пасьля іх перавезьлі ў Маскву, у Бутырскую турму. Бальшавікі амаль год не маглі вырашыць, што зь ім рабіць, а пасьля вырашылі даць ім пяць гадоў высылкі і вясной 1931 году пачалі развозіць на ўсход.

— Давай цяпер пагаворым пра ідэалягічныя падставы рэканструкцыі Менску. Ты лічыш, што за гэтай справай стаяла Масква. А якія ідэалягічныя задачы і мэты яна вырашала, навошта ім было разбураць Стары горад?

— За ўсім тады стаяла Масква. Цэнтралізацыя тады ўжо была татальная. Гэта праяўлялася і ў 1920-я гады. Па архіўных паперах ЦВК БССР, Дзяржпляну ці СНК добра відаць, што найдрабнейшыя справы вырашаліся паводле інструкцый ці ўзораў з Масквы.

У нашай справе за ўсім стаіць постаць прафэсара архітэктуры Ўладзіміра Сямёнава, які некалі ўзяўся за каналізацыю Менску, пасьля прапанаваў стварыць генплян і ўрэшце яго стварыў.

Дарэчы, разьлічаны на 25 гадоў ягоны плян увосень 1926 году быў скарочаны Дзяржплянам БССР да пяці гадоў, але і ў такім выглядзе ня быў выкананы. Камгас толькі зьнёс гандлёвыя рады на Нізкім рынку і пасадзіў некалькі дрэваў. Ствараецца ўражаньне, што ўся валтузьня была пакліканая для таго, каб стварыць альтэрнатыву плянам Інбелкульту.

Нацдэмаў пачалі развозіць на ўсход у сакавіку. Красавіку і траўні 1931 году, і якраз ужо ў траўні ў Менск прыехала група спэцыялістаў з Масквы і Ленінграду здымаць геадэзічны плян гораду для пачатку працы над генплянам.

Генплянам Менску пачаў займацца ЦВК СССР пад кіраўніцтвам Міхаіла Калініна. Пры гэты органе існавала Найвышэйшая рада камунальнай гаспадаркі. У 1931 годзе камгас быў вылучаны з НКВД і зь яго стварылі Народны камісарыят камунальнай гаспадаркі СССР. Пры гэтым наркамаце існавала Навуковая рада, якой кіраваў наш добры знаёмец Уладзімір Сямёнаў. Ён жа кіраваў пляніроўкай гарадоў у Акадэміі архітэктуры.

У той жа час Сямёнаў, будучы яшчэ і галоўным архітэктарам Масквы, ствараў плян яе сацыялістычнай рэканструкцыі. Скончаны ён быў у 1933 — 1934 гадах.

У 1933 годзе ЦВК СССР пад кіраўніцтвам Калініна прымае пастанову, дзе гаварылася наступнае:

«Закончить в 1934 г. разработку проекта планировки города Минска под особым наблюдением за этой работой и при систематической проверке ее на месте со стороны Высшего совета коммунального хозяйства при ЦИК Союза СССР».

Так што Менск у іх быў на асаблівым кантролі. Відаць з прычыны той актыўнасьці, якую ў 1920-я гады разгарнуў Інбелкульт.

Галоўным пунктам ў ідэалёгіі генпляну было слова «рэканструкцыя». Напрыклад, у 1930 годзе вядомы швайцарска-францускі архітэктар Ле Карбюзье зьвярнуўся да кіраўніцтва СССР з прапановай зьнесьці Маскву і пабудаваць на яе месцы горад будучыні. Але яму адказаў менавіта Ўладзімір Сямёнаў, і вось як: «Когда нужен хирург, не приглашают палача».

Сёньня расейскія гісторыкі архітэктуры пішуць часам пра гэта, як пра абарону старой Масквы, але гэта зусім ня так. Насамрэч гэта было сказана ў поўнай адпаведнасьці з тым, чаго хацелі Сталін, Кагановіч і Калінін.

У 1935 годзе была прынятая пастанова СНК СССР і ЦК ВКП(б) «О генеральном плане реконструкции города Москвы». І былі там такія радкі:

«ЦК ВКП(б) и СНК СССР отвергают проекты сохранения существующего города, как законсервированного музейного города старины, с созданием нового города за пределами существующего. ЦК ВКП(б) и СНК СССР отвергают также предложения о сломке сложившегося города и постройке на его месте города по совершенно новому плану. ЦК ВКП(б) и СНК СССР считают, что при определении плана Москвы необходимо исходить из сохранения основ исторически сложившегося города, но с коренной перепланировкой его путем решительного упорядочения сети городских улиц и площадей...»

Вось што было галоўнае — сацыялістычная рэканструкцыя. Яны адкінулі ідэі як Шастакова, так і Ле Карбюзье.

І вельмі цікава, што і ў і генпляну Масквы, і ў генпляну Менску быў адзін і той жа аўтар і натхняльнік — Уладзімір Сямёнаў, за якім, як мы цяпер ведаем з кнігі, пра якую гаворым, стаяла найвышэйшае кіраўніцтва СССР.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах.

Бясплатна спампуйце і чытайце кнігі «Бібліятэкі Свабоды»:

  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая. 2021 (PDF) (EPUB)
  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга другая. 2021 (PDF) (EPUB)

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG