Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Хто разбурыў Стары горад у вайну: немцы ці саветы


Фотакаляж. Зьлева ўнізе вуліца Няміская, у цэнтры — Камсамольская. Дым уздымаеца пры сутыку вуліц Рэвалюцыйнай і Камсамольскай.
Фотакаляж. Зьлева ўнізе вуліца Няміская, у цэнтры — Камсамольская. Дым уздымаеца пры сутыку вуліц Рэвалюцыйнай і Камсамольскай.

Радыё Свабода ў YouTube-канале «Гісторыя на Свабодзе» публікуе цыкль ілюстраваных відэагутарак пра Стары Менск.

У дзясятай частцы цыклю аўтар кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргей Абламейка расказвае пра нямецкія бамбаваньні і падпалы першых дзён вайны, пра знос немцамі паловы Старога гораду, а таксама пра савецкія бамбаваньні часоў акупацыі і вызвольнага штурму.

1:46 — як немцы ацэньвалі маштаб разбурэньняў гораду

3:42 — што адбывалася ў Менску ў першыя дні вайны

7:25 — калі згарэла самая старая мураваная частка Менску — Нізкі рынак і кварталы вакол яго

9:02 — ці былі ў пачатку вайны падпалы

13:36 — якім убачылі Менск немцы вечарам 28 чэрвеня 1941 году

17:31 — што рабілі немцы з гарадзкой забудовай у часы акупацыі

21:37 — калі ў часы акупацыі немцы стварылі службу аховы помнікаў

22:25 — якім быў вынік савецкіх бамбаваньняў Менску падчас акупацыі і колькі іх было

27:00 — калі савецкая авіяцыя разбамбіла Замчышча

28:14 — як бамбардавалі Менск перад вызваленьнем і які быў вынік

34:50 — хто зьнішчыў Стары горад у Менску

35:55 — калі і хто зьнёс Казьмадзям'янаўскую вуліцу

Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Шупы зь Сяргеем Абламейкам:

— Вось мы і падышлі да пачатку Другой сусьветнай вайны. Мінулы раз ты расказваў пра тое, што якраз перад вайной, у 1940–1941 гадах пачалася актыўная рэалізацыя генпляну, які прадугледжваў поўны знос Старога гораду, але перашкодзіла вайна. Вядома, што з пачаткам вайны цэнтар Менску згарэў. Давай пагаворым пра гэтыя пажары. І чаму ты назваў главу пра гэта «Пажары і падпалы першых дзён»?

— Перадваенны генплян Менску часткова выканала... вайна. Тут шмат цікавага, пачынаючы з працэнтаў разбуранай забудовы.

Агульнавядомая лічба — 80%. Прычым яе называлі і немцы. Калі яны прыйшлі ў канцы чэрвеня 1941 году ў Менск, яны нават пачалі пісаць скаргі ў Бэрлін, маўляў, навошта было так моцна разбураць горад, каб цяпер не было дзе разьмяшчаць вайсковыя і цывільныя нямецкія ўстановы.

Некаторыя нямецкія гаспадарнікі ў сваіх дэпэшах у Бэрлін нават называлі лічбу 97% разбуранай забудовы ў Менску.

Тым ня менш праўда такая, што пасьля нямецкіх бамбаваньняў пачатку вайны, пасьля нямецкіх зносаў і савецкіх бамбаваньняў часоў акупацыі і вызвольнага штурму ў студзені 1946 году Бюро інвэнтарызацыі Менскага гарвыканкаму назвала рэальную лічбу разбурэньняў у горадзе — 54,2%.

Мы ведаем, што ў цэнтры Менску было 39 цалкам мураваных кварталаў. У кнізе я прапаную лічыць трагічную дату — 24 чэрвеня, 9:40 раніцы — нечым падобным да дзён бамбардаваньня Хірасімы і Нагасакі і адзначаць яе адпаведным чынам. Я лічыў бы да месца, каб у нармальнай вольнай Беларусі ў гэты дзень у 9:40 раніцы званілі званы цэркваў і касьцёлаў.

Бо менавіта 24 чэрвеня 1941 году а 9:40 раніцы пачалася першая і самая моцная бамбёжка Менску, якая доўжылася некалькі дзён. Толькі ў першы дзень было 18 хваляў налётаў, у кожнай зь якіх бралі ўдзел 35–40 самалётаў. Яны бамбавалі горад фугаснымі і запальнымі бомбамі.

Я дабраўся да Нацыянальнага архіву ЗША. Амэрыканцы канфіскавалі архіў Люфтвафэ, які цяпер захоўваецца ў Вашынгтоне. Я знайшоў там каля дзясятка авіяздымкаў Менску, большасьць зь якіх былі раней невядомыя. Гэтыя здымкі дазваляюць устанавіць карціну, як гэта было ў першыя дні вайны.

23 чэрвеня 1941 году немцы сфатаграфавалі яшчэ некрануты Менск. Раніцай 24 чэрвеня першыя бомбы ўпалі на Ляхаўку, гэта раён ніжняй часткі цяперашняй вуліцы Чырвонаармейскай і вуліцы Пуліхава. Пасьля моцны пажар пачаўся на зарэчнай частцы гораду. Гарэлі Залатая Горка, Камароўка, Трамвайнае дэпо, Траецкая гара (там, дзе цяпер Опэрны тэатар) і ніжняя частка старэйшай часткі гораду ўздоўж Сьвіслачы, там, дзе цяпер парк Янкі Купалы, вуліца Янкі Купалы, цырк. Усё гэта гарэла вечарам 24 чэрвеня.

Мы маем авіяздымкі Менску 24, 25 і 26 чэрвеня. Яны паказваюць, што раніцай 25 чэрвеня на зарэчнай частцы ўжо пажар скончыўся, ёсьць толькі асобныя рэшткавыя ачагі дыму, але агню як такога ўжо няма.

Але хвалі налётаў працягваліся і 25 чэрвеня. І менавіта ў гэты дзень згарэла цэнтральная мураваная частка гораду — гэта Савецкая вуліца і ўсе яе ваколіцы.

На здымках 26 чэрвеня мы бачым толькі вельмі лякальныя пажары. Гарэла пара дамоў на вуліцы Ленінскай пры яе сутыку з Інтэрнацыянальнай і плошчай Свабоды. Гарэла і некалькі дамоў на вуліцы Рэспубліканскай, там, дзе цяпер схіл ад Пішчалаўскага замку. А ў верхняй частцы гораду, уздоўж Савецкай, пажары ўжо былі патушаныя.

І вось што самае цікавае. Гэтыя здымкі не даюць адказу на пытаньне, калі летам 1941 году згарэла палова Старога гораду. На здымках да канца 26 чэрвеня, гэта значыць раніцай і вечарам, няма ніводнага пашкоджанага дому на Школьнай вуліцы, на Казьмадзям’янаўскай вуліцы і ў квартале паміж імі, а таксама на Нізкім рынку.

А пасьля мы маем ужо здымкі ліпеня 1941 году, і там можна ўбачыць, што дамы каля езуіцкага кляштара з боку Інтэрнацыянальнай ужо згарэлі, што спаленая верхняя частка Школьнай вуліцы над былым Школьным дваром. Таксама бачым, што ўжо цалкам згарэў самы стары мураваны квартал Менску паміж вуліцамі Казьмадзям’янаўскай і Школьнай і два кварталы паміж Рыбным і Нізкім рынкамі. Гэта ўсё самая старая мураваная забудова Менску, і яна згарэла, страціла дахі і, шмат дзе, перакрыцьці.

І вось я ня маю адказу, як і калі гэта ўсё згарэла.

— Бамабаваньняў тады ўжо не было? Ты маеш на ўвазе прамежак часу паміж 26 чэрвеня і пачаткам ліпеня?

— Згарэлі яны 26, 27 ці, напрыклад, 29 чэрвеня — я ня ведаю. Крыніц няма. Я не кансьпіроляг, і будаваць кансьпіралягічныя тэорыі ня буду. Хаця першая глава другой кнігі называецца «Пажар і падпалы першых дзён».

— А што там было такога важнага, каб падпальваць, у Старым горадзе?

— Не, там мова ідзе наогул пра падпалы ў Менску, не ў Старым горадзе.

Пра падпалы ў Менску я ведаў зь дзяцінства. Мне расказвала мая бабуля, яна, напрыклад, бачыла, як падпальвалі Дом піянэраў. Нямецкая прапаганда і беларускія калябаранты ў часе акупацыі пісалі, што падпальшчыкі кідалі ў вокны паходні. Але мне бабуля расказвала, што падпальшчыкі каля Дому піянэраў былі зь нейкай прыладай, падобнаю на агнямёт.

Я пачаў працу над кнігай у 2006 годзе, калі яшчэ былі жывыя многія менскія старажылы, таму я меў магчымасьць пагутарыць ня толькі са сваімі сваякамі — бабуляй і яе сястрой. Я зрабіў падборку з 38 вялікіх фатаздымкаў і апытаў 18 старажылаў. Шасьцёра расказалі, што бачылі падпалы. Прычым сярод іх былі ня толькі простыя людзі, але і, напрыклад, кандыдаты мэдычных навук. Некаторыя забаранілі называць іх імёны ў кнізе. А вось, напрыклад, кандыдат гістарычных навук Уладзімер Ісаенка ня быў супраць і шмат чаго мне расказаў.

Ніхто толкам ня ведае, былі гэта нямецкія ці савецкія падпальшчыкі. Цалкам магчыма, што гэта маглі быць нямецкія дывэрсанты, якія хацелі выклікаць у горадзе паніку. Але маглі быць і савецкія. Афіцыйныя крыніцы згадваюць пра засылку ў Менск спэцыяльных групаў, бо ня быў цалкам вывезены архіў Савету народных камісараў ці абласной управы НКВД. Іх маглі засылаць для зьнішчэньня архіваў. Якраз Уладзімер Ісаенка бачыў, як падпальвалі абласную ўправу міліцыі.

Адзін беларускі гісторык пярэчыў мне і сьцьвярджаў, што падпалаў у Менску не было. Але пярэчыў так, што напісаў, што сам размаўляў са сьведкамі, якія бачылі, як спрабавалі падпаліць дамы на вуліцы Маскоўскай і той жа Дом піянэраў (што пацьвярджае сумленнасьць маёй бабулі), але, маўляў, менчукі тым падпальшчыкам перашкодзілі і пажары хутка патушылі. Але гэта ж толькі сьведчыць пра тое, што і падпалы, і падпальшчыкі былі.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах.

«Невядомы Менск». Хто разбурыў стары Менск у вайну
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:37:16 0:00
Наўпроставы лінк

Бясплатна спампуйце і чытайце кнігі «Бібліятэкі Свабоды»:

  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая. 2021 (PDF) (EPUB)
  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга другая. 2021 (PDF) (EPUB)

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG