Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Вызваленьне Менску і дзіўнае савецкае разьмінаваньне


Фотакаляж. Панцеляймон Панамарэнка (справа) і Навум Трахтэнбэрг, справа ўверсе — савецкі сапёр падрывае дом у Менску, 1944 год
Фотакаляж. Панцеляймон Панамарэнка (справа) і Навум Трахтэнбэрг, справа ўверсе — савецкі сапёр падрывае дом у Менску, 1944 год

Радыё Свабода ў YouTube-канале «Гісторыя на Свабодзе» публікуе цыкль ілюстраваных відэагутарак пра Стары Менск.

У адзінаццатай частцы цыклю аўтар кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргей Абламейка расказвае, якія падзеі разгортваліся ў вызваленым Менску — пра дзіўнае савецкае разьмінаваньне, пра зносы старых будынкаў для атрыманьня будаўнічага матэрыялу і пра генплян 1946–1951 гадоў, які цалкам пагубіў Замчышча.

  • 0:45 — што адбывалася ў Менску 3–4 ліпеня 1944 году
  • 4:35 — чаму савецкае разьмінаваньне гораду ў кнізе названае «дзіўным»
  • 5:48 — як Ільля Эрэнбург апісаў падрывы дамоў у Менску 4 ліпеня 1944 году
  • 7:48 — здымкі савецкай псэўдахронікі
  • 9:05 — якія раёны пацярпелі ад выбухаў пасьля вызваленьня гораду
  • 11:16 — калі пачаліся савецкія зносы старой менскай забудовы
  • 12:24 — калі ў вызваленым Менску адбыўся першы суботнік
  • 14:35 — што такое «Трэст разборкі разбураных будынкаў і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў»
  • 15:23 — як менчукоў ганялі на разборкі завалаў
  • 18:05 — як і навошта «Трэст» зносіў будынкі, якія можна было аднавіць
  • 19:33 — якія вуліцы і помнікі разабраў «Трэст»
  • 21:35 — што з атрыманых са старых помнікаў будаўнічых матэрыялаў у Менску пабудавалі найперш
  • 23:25 — хто складаў і кіраваў плянамі аднаўленьня Менску
  • 28:27 — што прапаноўвалі зрабіць зь Менскам пасьля вайны маскоўскія архітэктары
  • 30:20 — хто рэальна плянаваў новы Менск
  • 32:23 — ці ратаваў нехта стары Менск пасьля вайны
  • 36:13 — чаму пасьля вайны кіраўніцтва БССР стала больш незалежным ад Масквы

Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Шупы зь Сяргеем Абламейкам:

— Сяргей, мы дабраліся да 1944 году. Мінулы раз гаворка ішла пра пажары пачатку вайны, пра нямецкія і савецкія бамбаваньні гораду і пра вызвольны штурм, падчас якога былі пашкоджаныя многія каштоўныя помнікі менскай архітэктуры. Але вось наступіла 3 ліпеня. Што рабілася ў Менску пасьля 3 ліпеня?

— У кнізе ёсьць разьдзел, які я назваў «Загадкавае савецкае разьмінаваньне». З мэмуараў і гісторыі мы ведаем, што Менск быў замінаваны немцамі напярэдадні вызваленьня. Гэта клясыка вайны — той, хто сыходзіць, мінуе месца, якое было пад яго кантролем, каб вораг панёс асабовыя і гаспадарчыя страты.

У савецкіх дакумэнтах таго часу мноства супярэчнасьцяў. Дакумэнты Савету народных камісараў БССР, якія тычацца разьмінаваньня, захоўваюцца цяпер у Нацыянальным архіве Беларусі. Там мы бачым і прыпіскі, і хаатычнасьць.

Вось бярэм справаздачу начальніка вайсковага аддзелу СНК БССР Куцейнікава пра ход разьмінаваньня Менску. Дзьве старонкі тэксту, і на абедзьвюх недакладнасьці і супярэчнасьці. Куцейнікаў піша пра колькасьць абясшкоджаных боепрыпасаў. Сярод іх ён называе лічбу 1080 — менавіта столькі было знойдзена ў горадзе так званых запальных трубак. А пасьля гэтага агульнага разьдзелу ідзе частка, дзе даюцца лічбы па асобных будынках і прадпрыемствах. І там таксама згадваюцца гэтыя трубкі. Недзе іх знайшлі скрыню, недзе дзьве, а на радыёвузьле — больш за 10 000 такіх трубак.

У іншым дакумэнце сьцьвярджаецца, што нямецка-фашысцкія захопнікі перад адыходам зь Менску замінавалі і падарвалі завод імя Кірава. А завод гэты застаўся абсалютна цэлым. І такіх дакумэнтаў можна знайсьці шмат.

І калі вярнуцца да справаздачы Куцейнікава, дык там ён, будучы цывільным чыноўнікам, піша:

«Личной проверкой основных объектов — здания ЦК КП(б)Б, Дома Правительства, типографии им. Сталина, радиоузла и ряда других зданий и предприятий установлено, что работу разминеров по этим зданиям и предприятиям нельзя считать законченной...»

Нібыта сам ён сапёр і нешта ў гэтым разумее.

Але чаму я назваў той разьдзел «У вызваленай сталіцы. Дзіўнае савецкае „разьмінаваньне“»? Таму што менчукі расказвалі пра выбухі ў Менску, якія пачаліся яшчэ 2 ліпеня і працягваліся і 3 ліпеня, і 4 ліпеня ў розных частках гораду. І гэта былі не цэнтральныя адміністрацыйныя будынкі сталіцы, пра якія пісаў у сваіх мэмуарах маршал Георгій Жукаў:

«По данным белорусских партизан, действовавших в районе Минска, нам стало известно, что сохранившиеся в Минске Дом Правительства, здание ЦК партии Белоруссии и окружной Дом офицеров спешно минируются и готовятся к взрыву. Чтобы спасти эти крупные здания, было решено ускорить движение в Минск танковых частей и послать вместе с ними отряды разминирования. Цель заключалась в том, чтобы прорваться в город, не ввязываясь в бои на подступах, и захватить эти правительственные здания. Задача была блестяще выполнена. Здания были разминированы и сохранены».

Але людзі расказвалі пра выбухі проста ў жылых кварталах. І гэта якраз было дзіўна, таму я стаў зьбіраць інфармацыю пра гэта.

Мінулы раз мы размаўлялі пра Стары горад у вайну і ведаем, што ён практычна ўжо быў разбураны. Там засталося менш за палову забудовы Замчышча і палова кварталу паміж Казьмадзям’янаўскай і Школьнай. Таму самі гэтыя выбухі мяне ня вельмі цікавілі, але пункцірна я іх пазначыў і напісаў невялікую главу.

Вось, напрыклад, цікавае сьведчаньне савецкага ваеннага журналіста № 1, пісьменьніка Ільлі Эрэнбурга, які ў 1944 годзе ішоў на захад разам зь перадавымі часткамі Чырвонай арміі. Эрэнбург усё жыцьцё пісаў дзёньнік, а пад канец жыцьця на падставе дзёньніка напісаў шасьцітамовыя мэмуары «Люди. Годы. Жизнь». Да рэвалюцыі ён жыў у Парыжы, уваходзіў у кола тамтэйшай багемы, быў знаёмы з Мадыльяні і іншымі тагачаснымі творцамі. Яго мэмуары лічацца аднымі з найлепшых у сьвеце, у тым ліку і праз сваю дакладнасьць. Дык вось Эрэнбург напісаў у сваіх успамінах:

«В Минск я попал 4 июля. Танкисты накануне прорвались в город и тотчас ушли дальше на запад. В южных кварталах еще шла стрельба. Я поглядел на длинную улицу и обрадовался: почти все дома невредимы; четверть часа спустя раздались взрывы, и домов не стало. Весь день работали саперы...»

Калі галоўныя адміністрацыйныя будынкі гораду і былі замінаваныя, то нічога зь іх не ўзарвалася. Дом Ураду застаўся, НКУС застаўся, абедзьве турмы засталіся, Дом афіцэраў, Акадэмія навук — усё засталося. А вось у кварталах жылой забудовы чамусьці адбываліся выбухі...

Я доўга думаў над тым, якія раёны гораду маглі пацярпець ад гэтых выбухаў. У кнізе ёсьць больш падрабязны аналіз гэтага, ёсьць і не адна цытата з Ільлі Эрэнбурга, але адно такое месца я магу тут назваць дакладна. Гэта квартал паміж вуліцамі Інтэрнацыянальнай, Камсамольскай, Рэвалюцыйнай і Рэспубліканскай — велізарны квартал старой менскай забудовы. Асабліва вуліца Фэліцыянская-Камсамольская. На адрэзку паміж вуліцамі Інтэрнацыянальнай і Рэвалюцыйнай яна была шырынёй ня больш за 8 мэтраў, праежджае палатно, адпаведна, было яшчэ вузейшае.

Гэтая вуліца і ўвесь той квартал згарэлі ў чэрвені 1944 году ў выніку савецкіх авіяналётаў. Але калі я гляджу авіяздымкі адразу пасьля вызваленьня гораду, я бачу, што на Камсамольскай стаяць цэлыя каробкі, сьцены з боку вуліцы ёсьць. А на здымку 22 ліпеня 1944 году гэтых сьцен ужо няма. Магчыма, Эрэнбург бачыў, як была падарваная наша старая Фэліцыянская.

Гэта цэнтар гораду, ён там хадзіў якраз. Мы ведаем, што ўсе, хто ўяжджаў у Менск, уяжджалі з паўночнага ўсходу, а паколькі мост на Савецкай каля цяперашняга цырку быў падарваны, дык транспарт паварочваў да Траецкага прадмесьця і трапляў на плошчу Свабоды і вуліцу Ленінскую зь Нізкага рынку.

— Таму на славутай карціне мастака Валянціна Волкава «Менск. 3 ліпеня 1944 году» савецкія войскі прыходзяць у цэнтар Менску з захаду, і некаторыя людзі пытаюцца чаму.

— Так, менавіта таму.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:

«Невядомы Менск». Загадкавае савецкае разьмінаваньне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:38:03 0:00
Наўпроставы лінк

Бясплатна спампуйце і чытайце кнігі «Бібліятэкі Свабоды»:

  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая. 2021 (PDF) (EPUB)
  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга другая. 2021 (PDF) (EPUB)

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG