Двое беларусаў з шасьцю кіляграмамі лекаў спрабавалі пешшу перасекчы пункт пропуску Беняконі — Шальчынінкай. Па іх словах, яны несьлі лекі суайчыньнікам, якія маюць у іх патрэбу. Іх аштрафуюць, а лекі канфіскуюць, паведамляе Літоўская мытня.
Раніцай 14 красавіка двое беларусаў пешшу накіраваліся зь Беларусі ў Літву, схаваўшы ад уладаў амаль 6 кіляграмаў розных беларускіх лекавых сродкаў. Сярод іх былі як рэцэптурныя лекі, так і вітаміны і безрэцэптурныя сродкі, напрыклад цытрамон, оспамокс, абляпіхавы алей.
«Асобы, якія перамяшчалі лекі, патлумачылі мытнікам, што вязуць лекі мясцовым беларусам і іншым знаёмым, якія пражываюць у Літве, якія пра іх прасілі», — гаворыцца ў заяве мытні.
Мытнікі затрымалі лекавы груз, а на парушальнікаў склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях. За кантрабанду лекаў ім пагражае штраф і канфіскацыя.
У Літву можна ўвозіць лекі, але мытнікі маюць права запатрабаваць рэцэпт, а таксама даведку, што такі аб’ём неабходны для лячэньня. Што да безрэцэптурных лекаў, то дазваляецца ўвозіць або атрымліваць па пошце ня больш за 10 упаковак лекавых прэпаратаў за адзін раз.