Паўліна Вітушчанка — куратарка музэя Івана Луцкевіча ў Вільні (Цэнтру беларускай культуры і супольнасьці). Яна расказвае, што віленскае самакіраваньне пасьля 2020 году, калі ў сталіцы Літвы пабольшала беларусаў, хацела дапамагчы ім і і вырашыла аддаць будынак у цэнтры Вільні пад беларускую дзейнасьць.
«Мы выйгралі конкурс на гэты будынак і, такім чынам, улетку 2021 году пачалі працаваць. Цяпер тут працуюць некалькі арганізацыяў — „Вясна“, „Дактары за праўду і справядлівасьць“, плятформа „Зубр“ і мы, Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча (ён жа Цэнтар беларускай культуры і супольнасьці ў Літве)», — кажа куратарка Цэнтру Паўліна Вітушчанка.
Вітушчанка дадае, што ўсе арганізацыі працуюць на тое, каб беларусы ў Літве інтэграваліся, а таксама падтрымлівалі сувязь са сваёй ідэнтычнасьцю.
«У Цэнтры дзеці і дарослыя могуць атрымаць псыхалягічную дапамогу. Тут працуюць вельмі таленавітыя псыхолягі, якія цудоўна разумеюць, праз што кожны з нас праходзіць. І шмат людзей карыстаюцца гэтым».
У Цэнтры працуе самая вялікая беларуская публічная бібліятэка ў Літве, кажа куратарка.
«Кожны можа знайсьці сабе кніжку на любы густ. Мы стараемся па магчымасьці дапаўняць бібліятэку. Таксама для аматараў чытаньня ледзь ня кожны месяц прапануем кніжныя прэзэнтацыі. За гэты час да нас завітала шмат цудоўных беларускіх пісьменьнікаў і пісьменьніц, перакладчыц, выдавецтваў, заўжды атрымліваюцца вельмі цікавыя сустрэчы. Таксама рэгулярна ладзяцца канцэрты беларускіх творцаў».
Яшчэ ў Цэнтры ёсьць бясплатны каворкінг, а кожны аўторак зьбіраецца жаночы клюб, расказвае суразмоўца.
«Жанчыны займаюцца традыцыйнымі беларускімі рамёствамі, сьпяваюць, размаўляюць на важныя тэмы. Часам да іх прыходзіць і доктар-гінэколяг, які можа адказаць на важныя пытаньні, ёсьць для іх і заняткі па самаабароне — усё, што патрэбна сучаснай жанчыне. Таксама ёсьць усялякая дзейнасьць для супольнасьці — рэгулярна пішам паштоўкі палітвязьням, лісты».
Далучыцца можна і да заняткаў народнымі сьпевамі, а таксама да экскурсій па Вільні. У Цэнтры працуюць і моўныя курсы, гаворыць Паўліна.
«Цяпер працуюць некалькі групаў курсаў літоўскай мовы і польскай. Не забываемся і на беларускую: кожную сераду мовазнаўца Вінцук Вячорка прыходзіць да нас і расказвае цікава пра розныя аспэкты культуры мовы, як добра, правільна і прыгожа размаўляць па-беларуску».
У Цэнтры культуры і супольнасьці ў Вільні шмат чаго робяць і для дзяцей. Працуе нядзельная школа.
«Школка — адна самых вялікіх у Літве і ва ўсіх дыяспарах ініцыятыў нефармальнай адукацыі для беларускіх дзяцей, яна налічвае больш за 150 чалавек. Кожны тыдзень адбываюцца гурткі на самыя розныя тэмы, мы намагаемся знаёміць дзетак і са сваёй гісторыяй, культурай, мовай, але таксама, каб яны ў Вільні пачуваліся як дома», — кажа Паўліна Вітушчанка.
Кожныя выходныя з 10-й па 16-ю гадзіну дзеці ад 3 да 16 гадоў могуць займацца займацца самымі рознымі справамі: маляваньнем, робататэхнікай, сьпевамі, тэатрам, моўнымі курсамі і іншымі актыўнасьцямі.
Як дапамагчы Цэнтру беларускай культуры і супольнасьці ў Літве?
Каб дапамагчы Цэнтру культуры і супольнасьці, можна стаць валянтэрам, а таксама заданаціць любую суму.
«Гэтыя ахвяраваньні нам дапамагаюць спраўляцца з нашымі камуналкамі, мець пачастункі для дзіцячай школкі, бо малыя заўжды зьядаюць усё на сваім шляху, — усьміхаецца Паўліна. — Вялікая частка штату нашага цэнтру — таксама валянтэры, таму фінансавая падтрымка вельмі дапамагае нам выжываць. Ну і, вядома, дапамогай будзе, калі вы будзеце ўдзельнічаць у імпрэзах, прыводзіць сваіх сяброў, бо асноўная наша функцыя — працаваць для беларусаў у Вільні, і чым больш мы можам ахапіць людзей, тым для нас лепш».
Беларусы ў Літве, якія дэкляруюць свае заробкі, могуць дапамагчы Цэнтру, накіраваўшы суму са свайго падатку на яго дзейнасьць, расказвае Вітушчанка.
«У Літве працуе такая сыстэма, дзе кожны можа ахвяраваць 1,2% дэкляраванай сумы на любую арганізацыю, якая яму падабаецца. Зь сярэдняга заробку — гэта амаль 39 эўра. І калі гэтыя грошы нікому не ахвяраваць, то яны проста аўтаматычна ідуць літоўскай дзяржаве. Мы за гэтыя грошы можам купіць новыя кніжкі для бібліятэкі, асабліва для дзіцячай, бо дзеці — нашыя самы актыўныя чытачы, ім сапраўды кожны тыдзень трэба шмат новых кніжак. Сродкі дапамогуць нам рабіць сьвяты для дзяцей, дзе трэба арганізаваць нешта прыгожае».
Па словах куратаркі, працэдура вельмі простая. Стаць ахвярадаўцам можна літаральна за 10 хвілін. Для зручнасьці супрацоўнікі Цэнтру разьмясьцілі ў сваім Instagram інструкцыю.
«Калектыўна берагчы адно аднога — гэта надзвычай важная праца»
Цяпер Цэнтар працуе над арганізацыяй дзіцячых летнікаў, расказвае Паўліна Вітушчанка.
«Беларусам у Беларусі раней было вельмі проста — дзяцей можна было адправіць да бабулі і дзядулі. А цяпер у Вільні займаць дзяцей летам трошкі праблемна. Таму мы хацелі б далучыцца да вырашэньня гэтай праблемы і зрабіць летнікі ў Вільні, куды малыя прыходзяць, займаюцца з настаўнікамі, карыснае нешта вучаць, робяць штосьці рукамі, рухаюцца, сьпяваюць, дурэюць у кампаніі такіх жа беларускіх дзяцей — і ўвечары вяртаюцца дадому».
Пакуль у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, праца цэнтру вельмі важная, мяркуе куратарка. Па яе словах, жыцьцё ў супольнасьці мае шмат сваіх плюсаў.
«Ёсьць магчымасьць адно аднаго падтрымаць, бо беларускае жыцьцё апошнія пару гадоў для нас штодзённасьць, а насамрэч гэта вялізны стрэс. Таму мне здаецца, што калі можна неяк калектыўна берагчы адно аднога — гэта надзвычай важная праца».