Беларускі Парк высокіх тэхналёгій (ПВТ), які доўгі час быў «раем для праграмістаў», хочуць «задушыць эканамічна», заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка на нарадзе па развіцьці IT-галіны, паведамляе БелТА.
На нараду аб IT запрасілі першага віцэ-прэмʼера і кіраўніка Назіральнай рады ПВТ Мікалая Снапкова і іншых чыноўнікаў, якія зьяўляюцца куратарамі гэтай сфэры. Лукашэнка заклікаў даць «новы імпульс развіцьцю галіны, забясьпечыць максымальна спрыяльныя ўмовы працы» ня толькі для рэзыдэнтаў ПВТ, але і для ўсіх беларускіх IT-кампаній. Ён прапанаваў замясьціць заходнія інвэстыцыі азіяцкімі.
Рэкорды адтоку ІТ-спэцыялістаў
Dev.by паведамляе, што ўсяго за 2022 год IT-сэктар страціў больш за 16,5 тысячы спэцыялістаў. У першыя два месяцы 2023 года ў беларускім IT працягваецца тэндэнцыя адтоку спэцыялістаў, якая назіралася амаль увесь 2022-і. За студзень і люты, паводле афіцыйнай статыстыкі, з кампаній сэктара «Інфармацыя і сувязь» звольніліся 3423 чалавекі.
Усяго за мінулы год беларускія IT-кампаніі працаўладкавалі крыху больш за 13 тысяч новых супрацоўнікаў — на 34% менш, чым за 2021 год.
З IT-кампаній за мінулы год звольнілася больш за 29,5 тысячы спэцыялістаў — на 74% больш, чым у 2021 годзе.
Адток айцішнікаў пацьвярджаецца і іншымі дадзенымі афіцыйнай статыстыкі. У прыватнасьці, зьмяненьнем сярэднеспісачнай колькасьці супрацоўнікаў у розных галінах. Гэта колькасьць работнікаў, якія лічыліся ў кампаніях у названыя пэрыяды, паводле зьвестак Белстату. Памеры кампаній, якія ўключаны ў статыстыку па агульнай колькасьці пэрсаналу, невядомыя.
У беларускім IT у студзені 2022 года сярэдняспісачная колькасьць была 53,7 тысячы, але ўжо ў сьнежні 2022-га — 41,9 тысячы (мінус 22%).