Выступаючы з пасланьнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, Аляксандар Лукашэнка заклікаў да аб’ектыўнасьці ў ацэнцы гістарычнай праўды і заявіў, што пэрыяды Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у свой час былі занадта рамантызаваныя. На яго думку, Радзівілы і Сапегі не былі ніякімі патрыётамі, бо «прадаліся палякам»; апрача таго, яны, паводле Лукашэнкі, былі алігархамі, якія нажываліся на карку народу.
Пра заявы Лукашэнкі-гісторыка і яго высновы на Ютуб-канале «Гісторыя на Свабодзе» разважае журналіст і гісторык Сяргей Абламейка.
- 1:17 — калі Лукашэнка называў сябе Львом Сапегам
- 2:14 — калі Лукашэнка пачаў абвінавачваць Польшчу ў спробах анэксіі Горадзеншчыны
- 3:26 — сацыялягізацыя і вульгарызацыя гісторыі ў выкананьні сьпічрайтэраў Лукашэнкі
- 4:54 — чаму ў гісторыі мы больш ведаем пра арыстакратаў, чым пра простых людзей
- 8:15 — ці сапраўды магнаты былі палякамі і ці лёгка здраджвалі айчыне
- 11:02 — ці быў у Беларусі прыгон і ці былі магнаты алігархамі
- 13:30 — як шляхта ставілася да прыгону ў ХІХ ст.
- 15.22 — ці праўда, што аснова ідэнтычнасьці беларускага народу — праваслаўе
- 19:28 — чаму, заяўляючы, што праваслаўе ёсьць асноваю беларускай ідэнтычнасьці, мы вульгарна скажаем гісторыю
Фрагмэнт размовы вядоўцы Дзьмітрыя Гурневіча зь Сяргеем Абламейкам:
— Спачатку я працытую гістарычны пасаж Лукашэнкі: «Мы очень быстро заглотили эту наживку. Как будто мы все потомки Радзивиллов и Сапег. К слову, магнатов было на нашей земле — считанные фамилии. Были ли они патриотами своего Отечества? Нет, и еще раз нет. С легкостью, как мы помним, меняли и веру, и язык на польские шляхетские вольности, титулы и должности. Средневековые олигархи свое богатство наживали на горбу народа, который сеял, пахал, строил. Народ жил тяжко. Но рассказывают ли об этом на экскурсиях в этих замках, в этих дворцах, которые мы восстановили и реставрировали? Это к вопросу об исторической правде и объективности».
Сяргей, як можна ацаніць словы Лукашэнкі?
— Спачатку хочацца зрабіць простую рэмарку. Відаць, ужо мала хто з нашых слухачоў памятае, што ў канцы 1995 году ў газэце «Советская Белоруссия» быў апублікаваны вялікі артыкул Аляксандра Лукашэнкі, дзе ён пісаў: «Сегодня, вглядываясь в будущее, я ощущаю себя канцлером Львом Сапегой...» Як бачым, раней ён адчуваў сябе Сапегам, а цяпер Сапегаў пляжыць.
Ну, а калі казаць пра тое, што прагучала ў прамове Лукашэнкі, то гэта вельмі цікава і вельмі сымптаматычна. Я наогул дзіўлюся, як зь мінулых стагодзьдзяў і дзесяцігодзьдзяў усё вяртаецца. Відаць, мала аргумэнтаў у гэтых людзей.
Мы памятаем, што Лукашэнка заявіў пра тое, што Польшча хоча адхапіць кавалак Горадзеншчыны, яшчэ ў жніўні 2020 году нават войскі туды перакідалі, да заходняй мяжы. Пагроза агрэсіі, відаць, заключалася ў тым, што аўтары вядомага тэлеграм-каналу знаходзіліся ў Польшчы.
Пасьля гэтыя аргумэнты падхапілі і расейцы. Цяпер, як вядома, яны ўвесь час расказваюць нам, што Польшча рыхтуецца да тэрытарыяльнага падзелу Ўкраіны і да анэксіі Галіччыны. Расея такім чынам нібыта хавае свае імпэрскія апэтыты і адначасова захоплівае ўкраінскія тэрыторыі сама.
Справа тут у тым, што Польшча — гэта спрадвечны культурны і цывілізацыйны вораг Расеі. Гэта была пагроза, надта прывабны быў заходні сьвет на сваіх межах. Таму Расея заўсёды хацела Польшчу ліквідаваць, таму два разы і разьбірала гэтую краіну разам зь іншымі суседзямі.
І Салжаніцын пісаў пра гэта, і ў ХІХ стагодзьдзі было тое ж, і ў Савецкім Саюзе. Савецкія камуністы, якія насамрэч былі расейскімі нацыяналістамі, таксама ставіліся да Польшчы адмоўна, таму ў СССР беларусам у школах і ВНУ расказвалі, што нас прыгняталі польскія паны. Гэта была ўсё тая ж казка Расеі пра вызваленьне беларускага народу з-пад прыгнёту Польшчы.
Іншая рэч, што ў заявах Лукашэнкі праявіліся тэарэтычныя хібы гісторыкаў, якія маглі мець дачыненьне да напісаньня тэксту ягонага выступу. Тут мы маем справу з сур’ёзнымі рэчамі — з сацыялягізацыяй і вульгарызацыяй гісторыі.
— Што гэта такое? Раскажыце, калі ласка, для нашых слухачоў.
— Гэта навуковыя тэрміны, якія нарадзіліся ў мінулым стагодзьдзі. Гэтым якраз і грашылі марксісцкія гісторыкі, якія, натуральна, працавалі і ў СССР. Таму гэты савок і ўсплывае ўвесь час.
Сацыялягізацыя гісторыі — гэта штучны падзел народу ў мінулыя стагодзьдзі на клясы і сацыяльныя групы, націск на супярэчнасьцях у адносінах паміж гэтымі клясамі. Для марксістаў народы ніколі не былі адзінымі. Яны заўсёды дзяліліся на прыгнятальнікаў і на тых, каго прыгнятальнікі эксплюатавалі, на чыім карку жыравалі — якраз у такіх фармулёўках гэта і прагучала ў пасланьні да беларускага народу і Нацыянальнага Сходу. Гэта ня што іншае, як марксісцкае ўяўленьне пра гісторыю.
А вульгарызацыя — гэта спрашчэньне гістарычнага погляду і гістарычных ацэнак. Для такога погляду характэрна казаць, што быў добры народ і былі дрэнныя арыстакраты.
— А сапраўды, чаму мы больш ведаем пра князёў і магнатаў, пра Радзівілаў і Сапегаў, чым пра простых людзей? Сапраўды ж у мінулыя стагодзьдзі большасьць народу ня танцавала пад палянэз у прыгожых сукенках, ня ела са срэбранага посуду срэбранымі ці залатымі лыжкамі.
— Адказ вельмі просты — даступнасьць адукацыі. Адукацыя не заўсёды была даступная розным пластам грамадзтва. Тым і добрае XVIII стагодзьдзе — стагодзьдзе Асьветніцтва, калі адукацыя і навуковыя веды сталі пашырацца.
Напрыклад, гісторыкі-тэарэтыкі, аналітыкі ў ХХ стагодзьдзі лічылі, што сярод прычын, чаму камунізм замацаваўся ў Расеі, была малая адукацыя народу.
І вось паколькі адукацыя ў пэўныя часы гісторыі была даступная толькі найвышэйшым слаям грамадзтва, адпаведна, яны пакінулі па сабе больш памяці і мы больш пра іх ведаем.
Хронікі і летапісы таксама пісалі пра галоўных тагачасных герояў, маўляў, князь пайшоў туды або сюды. Зрэдку згадваюць яго памагатых, дружыньнікаў, сваякоў, або нейкіх герояў, якія вызначыліся нейкім чынам, напрыклад, на паляваньні ці на полі бою. Так у XV стагодзьдзі стаў вядомы Осьцік — продак Радзівілаў. Але такія героі атрымлівалі шляхецтва, і далей мы ўжо звыкла пра іх ведаем. Чым больш багацьця і чым большая пасада, тым больш і мы пра іх чытаем.
Гісторыкі ня ведаюць, ці была ў Беларусі хоць адна школа ў часы Скарыны. Адпаведна, вельмі позна простыя людзі трапляюць на старонкі нашых хронік ці магістрацкіх кніг. Адносна тэрыторыі Беларусі гэта адбываецца не раней за XV стагодзьдзе.
Так што ў тым, што мы лепш ведаем пра найвышэйшыя пласты грамадзтва, няма нічога дзіўнага. Гісторыя — наогул несправядлівая рэч, і грамадзтва — несправядлівая рэч, і цяперашняе нашае грамадзтва — несправядлівае.
Людзі ў прэзыдэнцкіх рэзыдэнцыях у Драздах жыруюць таксама ж не за ўласны кошт, а за кошт народу.
А зь іншага боку, гэта натуральна, што мы больш ведаем пра дзеючыя асобы гісторыі — бо яны яе рабілі. Мы ведаем пра Скарыну, багатая сям’я якога валодала прыгоннымі сялянамі, ведаем пра Канстанціна Астроскага, які выйграў Аршанскую бітву, ведаем пра творцаў Берасьцейскай Уніі, ведаем пра іншага Астроскага, які праз 100 гадоў бараніў праваслаўе, ведаем пра Януша Радзівіла, які ўратаваў Беларусь ад казакоў у XVII стагодзьдзі. Гэтыя людзі прымалі рашэньні, выйгравалі бітвы, пісалі і друкавалі тэксты.
Так што аддзяліцца ад іх і захапляцца сёньня толькі фальклёрам, які стварыў безыменны народ, было б фатальнай памылкай, якая б прывяла да культурнага зьбядненьня, да дэградацыі і дэнацыяналізацыі народу.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.