Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніхто не зьбіраўся іх ратаваць». Гісторык тлумачыць, што ня так з расейскім фільмам пра ратаваньне партызанамі габрэяў у Беларусі


Іна Герасімава
Іна Герасімава

У кінатэатрах Беларусі паказваюць расейскі фільм «Праведнік» пра рэальную гісторыю партызана, які падчас ІІ сусьветнай вайны вывеў з гета ў беларускай вёсцы больш за 200 габрэяў за лінію фронту. Але ў беларускага гісторыка, які адкрыў гэтую гісторыю сьвету, ёсьць шмат пытаньняў да аўтараў фільму.

У 1942 годзе партызану Мікалаю Кісялёву ўдалося вывесьці з акупаванай Беларусі за лінію фронту больш за 200 беларускіх габрэяў. Гэта стала магчымым дзякуючы 40-кілямэтровай зоне разрыву ў фронце, вядомай пад назвай «Сураскія вароты». Разам зь беларускімі партызанамі Кісялёў суправаджаў групу габрэяў у шматсоткілямэтровай дарозе. Дзякуючы гэтаму некалькі сотняў беларускіх габрэяў уратаваліся ад Галакосту. Ажно да 2000-х пра гэты гістарычны факт было невядома, нягледзячы на тое, што былі жывыя сьведкі маршу Кісялёва.

Першай пра гэта напісала Іна Герасімава, былая дырэктарка Музэю гісторыі і культуры габрэяў Беларусі. У 2016 годзе, пасьля 10 год працы, яна выдала кнігу «Марш жыцьця. Як ратавалі даўгінаўскіх габрэяў». Менавіта Герасімава ініцыявала працэс наданьня Кісялёву званьня «Праведнік сьвету», якім ушаноўваюцца людзі, што ў ІІ сусьветную вайну ратавалі габрэяў.

Гісторыю Кісялёва Герасімава адкрыла выпадкова, працуючы ў Нацыянальным архіве.

«Праз гэтыя „вароты“ хадзілі ў асноўным партызаны. Мала хто ведаў пра іх існаваньне. Празь іх вывозілі дзяцей, партызанскія сем’і. Але гісторыя пра тое, што партызаны выводзілі тудою габрэяў, — адзіная ў гісторыі ІІ сусьветнай вайны. Працуючы ў архіве, я знайшла ліст самога Кісялёва пра гэта. Ён быў сярод сотняў тысяч партызанскіх дакумэнтаў. З гэтага ўсё пачалося», — расказвае Герасімава.

Іна вырашыла напісаць кнігу. Калі яна працавала па гэтым пытаньні ў архіве ў Маскве, то пазнаёмілася з дачкой Кісялёва. Расповед гісторыка зь Менску стаў для дачкі нечаканасьцю, яна і сама ня чула пра ўчынак свайго бацькі. Дачка зацікавіла гэтай тэмай свайго знаёмага, кінадакумэнталіста, які неўзабаве прыехаў у Менск.

«Здымачная група была ў мяне ў музэі, дома, здымалі і мяне, і ўсе мае дакумэнты, што я знайшла. Я іх пазнаёміла з даўгінаўцамі, якіх выводзіў Кісялёў. Праз паўгода выйшаў фільм. Мне пазванілі сябры і кажуць: а цябе ў фільме няма, ёсьць дакумэнты, але ня ты. Атрымалася, што нібыта сам прадусар і рэжысэр знайшлі ўсе дакумэнты і сьведак», — кажа Герасімава.

Калі той дакумэнтальны фільм атрымаў процьму ўзнагародаў і рэзананс, то прадусар, як кажа Іна Герасімава, вырашыў зрабіць і мастацкі фільм. Але захварэў і неўзабаве памёр. Яго справу працягнулі іншыя, хто быў датычны да здымкаў таго дакумэнтальнага фільму.

«Я ўпэўненая, што менавіта яны прапанавалі ідэю рэжысэру „Праведніка“ Ўрсуляку. Я ведала, што гэты фільм здымаецца, але да мяне ніхто не зьвяртаўся. Я ведаю, што сцэнарыст чытаў маю кнігу і карыстаўся ёю. Спачатку я была трошкі засмучаная, што так атрымалася. А пасьля я паглядзела эпізоды і была шчасьлівая, што мяне там не было», — расказвае Герасімава.

Аўтары фільму падкрэсьліваюць рэальнасьць гісторыі Кісялёва, але гісторык кажа, што ў «Праведніку» няма «гістарычнага базісу» гісторыі, кантэксту, у якім адбываюцца падзеі.

«Фільм пачынаецца з таго, што немцы заходзяць у вёску і пачынаюць страляць па хатах. Габрэі зьбіраюцца і ўцякаюць. Незразумела, ёсьць там гета ці не. Проста людзі спалохаліся стрэлаў, уцяклі і адразу ў лесе сустрэлі Кісялёва. І калі партызаны ўбачылі, што прыйшло шмат людзей, то вырашылі іх кудысьці завесьці», — кажа гісторык.

Не ўратаваць, а менавіта вывесьці, падкрэсьлівае Герасімава. Дарэчы, пра гэта і сам Кісялёў некалькі разоў піша ў справаздачы. Мэта была — вывесьці людзей куды далей. Ніхто, апрача Кісялёва, не хацеў займацца гэтай групай габрэяў, бо ўсе разумелі, што яны нікуды ня здолеюць дайсьці.

«Зрэшты, і Кісялёў спачатку таксама адмаўляўся. Гэта быў проста ход, каб вывесьці іх зь лесу. Бо знаходзячыся побач з партызанамі, яны вельмі ім перашкаджалі. Бо хто гэтых габрэяў будзе карміць? Партызаны самі карысталіся вёскамі, бралі ўсё, што там ёсьць. У атрад іх браць не хацелі. Былі выпадкі, калі габрэі прыходзілі ў партызанскія атрады, а іх расстрэльвалі. Таму каб не было ідыліі: ніхто не зьбіраўся іх ратаваць», — расказвае Герасімава.

Зрэшты, як перакананая гісторык, і сам Кісялёў у 1942 годзе натхняўся зусім не гуманнасьцю да габрэяў і інтэрнацыяналізмам. Пасьля вайны, кажа Герасімава, тэма ратаваньня габрэяў мала каго цікавіла ў партызанскім руху, таму пра гэта ніхто і ня ўзгадваў. Менавіта з гэтай прычыны гісторыкі раней не апісалі ўчынак Кісялёва. Ані яго, ані іншых партызанаў, якія выводзілі габрэяў за лінію фронту, за гэта пры жыцьці не ўзнагародзілі. У 1948 годзе ён атрымаў ордэн ад сакратара падпольнага абкаму партыі ў мясцовасьці Ільля, тагачаснай Маладачанскай вобласьці, дзе Кісялёў дзейнічаў у вайну. Але гэтая ўзнагарода была не за апэрацыю па ратаваньні габрэяў, а за яго агульную падпольную дзейнасьць як бальшавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG