Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ІТ у Беларусі ня гіне, але павольна скарачаецца». Расказваем, што адбываецца ў галіне


Парк высокіх тэхнгалёгій, архіўнае фота
Парк высокіх тэхнгалёгій, архіўнае фота

За студзень-красавік чысты адток спэцыялістаў з ІТ-кампаніяў склаў 2,7 тысячы чалавек.

17 лістапада Аляксандар Лукашэнка сабраў нараду наконт разьвіцьця Парку высокіх тэхналёгіяў і заявіў, што зь ім усё добра.

«Я не чакаў. За тры кварталы — 9 месяцаў гэтага году экспарт парку наблізіўся да $2 млрд. Я гэтага не чакаў. Я думаў, вы там ужо разьбегліся па закутках плянэты. Крыху гэта менш, чым летась. Але, тым не менш, гэта высокі ўзровень. Але гэта тры кварталы. Год — чатыры кварталы. Паглядзім, як вы адпрацуеце ў чацьвёртым квартале», — сказаў Лукашэнка.

Глядзім, ці сапраўды ўсё так добра.

Рэкорды адтоку спэцыялістаў

Аналітыкі Эўразійскага банку разьвіцьця ў кастрычніку давалі зьвесткі аб падзеньні ВУП Беларусі. У тым ліку аб праблемах у сфэры ІТ.

За студзень—красавік зь беларускіх ІТ-кампаніяў звольніліся больш за 8 тысяч спэцыялістаў. Гэта на 62% больш, чым у 2021 годзе.

З пачатку году чысты адток кадраў у ІТ (розьніца паміж нанятымі і звольненымі) склаў 2,7 тысячы чалавек. За сакавік—красавік — 3,3 тысячы чалавек.

Як падлічыў Dev.by, з пачатку палітычнага крызісу 2020 году зь Беларусі выехалі больш за 20 тысяч ІТ-спэцыялістаў.

Летась ПВТ даваў зьвесткі аб экспарце паслуг на 3,2 мільярда даляраў. Сёлета за 9 месяцаў — на 2 мільярды.

Колькі кампаніяў і спэцыялістаў застаецца ў ПВТ

Цяпер на сайце ПВТ пазначана, што ў парку зарэгістравана 1065 рэзыдэнтаў, 78 тысяч супрацоўнікаў і 122 цэнтры распрацоўкі замежных карпарацыяў. Але гэтая статыстыка — за 2021 год, сьвяжэйшай няма.

Калі ў студзені—сакавіку 2021 году падаткі ПВТ складалі 2,3% агульнага аб’ёму падатковых паступленьняў у дзяржаўны бюджэт, то ў першым квартале 2022-га — 2,81%.

Пры гэтым зь Беларусі працягваюць сыходзіць вядомыя ІТ-кампаніі. У лістападзе стала вядома, што свой бізнэс у Беларусі закрывае казахстанскі інвэстар, стваральнік онлайн-плятформы Smart Satu Балатбек Аспанаў. Гэтая онлайн-плятформа забясьпечвае простыя кантакты пастаўнікоў з раздробным гандлем і рэстаратарамі. Акрамя Казахстану, яе паслугі дасяжныя ў Расеі, Турцыі, Сынгапуры, ААЭ і ЗША. Smart Satu называецца адным з самых буйных і пасьпяховых стартапаў Казахстану. Яго ацэнка — 40 млн даляраў. Яшчэ раней свой бізнэс у Беларусі прадала кампанія Wargaming, зь Беларусі пайшлі кампаніі Flo, PandaDoc, OneSoil ды іншыя.

«Сыход ІТ наўпрост зьвязаны з рэпрэсіямі»

Беларускі ІТ-прадпрымальнік, інвэстар і сузаснавальнік Tut.by Кірыл Валошын зьвяртае ўвагу на рост колькасьці беларускіх ІТ-спэцыялістаў за мяжой.

«Пра сёлетні год для ПВТ пакуль можна меркаваць толькі з ускосных прыкметаў: расьце колькасьць беларусаў у Літве і Польшчы, расьце колькасьць выдадзеных візаў для ІТ-спэцыялістаў, увесь час зьяўляюцца навіны пра закрыцьцё ІТ-кампаніяў у Беларусі. Зьніжаецца экспарт ІТ-паслуг. ІТ у Беларусі ня гіне, але павольна скарачаецца», — гаворыць Кірыл Валошын.

Пры гэтым у Беларусі яшчэ застаюцца ІТ-кампаніі і спэцыялісты.

«ПВТ нават з падвышанымі падаткамі застаецца цікавай падатковай гаваньню, не ўсе супрацоўнікі могуць пераехаць. Ёсьць людзі, якія камфортна пачуваюцца ўва ўнутранай эміграцыі. Пры пераезьдзе кампанія, магчыма, лепш пачынае працаваць, але ў кампаніі робіцца больш падаткаў», — разважае Валошын.

Дзяржава ўжо спрабавала спыніць сыход ІТ-кампаній адміністрацыйнымі мэтадамі — забараніць продаж актываў. На думку Валошына, гэта не ўратуе ад сыходу.

«Нейкая кампанія можа проста махнуць рукой, кінуць свой бізнэс і зьехаць. А як пасьля дзяржава будзе выбіваць даўгі, ліквідаваць бізнэс, іх гэта можа проста не турбаваць», — кажа экспэрт.

На думку бізнэсоўца, далейшы ад’езд ІТ-спэцыялістаў з Беларусі наўпрост зьвязаны з рэпрэсіямі.

«Сыход ІТ наўпрост зьвязаны з гвалтам і рэпрэсіямі, гэты ціск пакуль не спыняецца. Зьяўляюцца навіны, што затрымліваюць людзей, якія вяртаюцца з-за мяжы. Людзі будуць зьяжджаць ад рэпрэсій, а цяпер яшчэ расьце інфляцыя, узьнікае дэфіцыт тавараў. Узровень жыцьця не павышаецца, узровень камфорту падае», — даводзіць бізнэсовец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG