Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны ацаніў візыт Шайгу ў Менск і ягоную сустрэчу з Лукашэнкам


Міністры абароны Расеі і Беларусі Сяргей Шайгу на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. 10 красавіка 2023 году
Міністры абароны Расеі і Беларусі Сяргей Шайгу на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. 10 красавіка 2023 году

«Шайгу і Лукашэнка ў асноўным выкарыстоўвалі сустрэчу, каб паўтарыць шаблённую рыторыку».

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу і Аляксандар Лукашэнка выкарысталі сваю сустрэчу для падтрыманьня агрэсіўнай інфармацыйнай кампаніі супраць заходніх краін.

«Шайгу і Лукашэнка ў асноўным выкарыстоўвалі сустрэчу, каб паўтарыць шаблённую рыторыку, у якой падкрэсьлівалася трываласьць двухбаковай супрацы Расеі і Беларусі і абвінавачваліся NATO і калектыўны Захад у пагрозах тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі.

Лукашэнка выказаў удзячнасьць за захаваньне вайсковай прысутнасьці Расеі ў Беларусі і абвінаваціў Польшчу і Літву ў пагрозе беларускім межам, а Шайгу падзякаваў Лукашэнку за тое, што ён прадаставіў беларускія палігоны для выкарыстаньня расейскімі войскамі», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту.

Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу 10 красавіка знаходзіўся ў Менску. У часе свайго візыту ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў аб дамоўленасьці з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.

У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.

Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG