Разьвітваліся з паэткай Ларысай Геніюш 10 красавіка 1983 году. Праводзіць яе ў Зэльву прыехалі тысячы людзей. За пахаваньнем назіралі службоўцы ў цывільным з Зэльвы і Ваўкавыску.
Здымкі з пахаваньня зьберагаюцца ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане.
Сьвятара зэльвенскай Сьвята-Траецкай царквы запалохвалі і настойвалі, каб не было адпяваньня. Але айцец Васіль Чыкіда адпяваў Ларысу Геніюш чатыры гадзіны. Ён назваў яе чалавекам «з крыштальна чыстай душой, чые творы будуць жыць вечна».
Ад храма да могілак людзі несьлі труну на плячах.
На могілках выступілі Адам Мальдзіс і Ўладзімер Арлоў. Арлоў прачытаў верш Сержука Сокалава-Воюша, напісаны на сьмерць паэткі.
Напярэдадні пісьменьнікаў з Горадні і Менску выклікалі ў райвыканкам і папярэджвалі, каб тыя не гаварылі на пахаваньні прамоваў.
7 красавіка ў Вільні ў 18:00 пройдзе вечарына памяці беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Роўна 40 гадоў таму ў гэты дзень яна памерла.
Вечарыну яе памяці правядзе літаратар і журналіст Сяргей Дубавец, які асабіста ведаў Ларысу Антонаўну.
Вечарына пройдзе ў Віленскім Цэнтры беларускай культуры і супольнасьці (вуліца Vilniaus, 20).