Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі цяжка, але небезнадзейна». Чаму зьнік помнік Ларысе Геніюш


Ларыса Геніюш
Ларыса Геніюш

Сёньня, 30 сакавіка, стала вядома, што ў Зэльве зьнік помнік беларускай паэтцы і грамадзянцы БНР Ларысе Геніюш.

Напярэдадні мясцовыя ўлады нібыта сьцьвярджалі, што прававых падставаў для дэмантажу няма. Ці азначае гэта, што скульптуру мінулай ноччу зьнесьлі бязь іхнага ведама, хто гэта зрабіў і дзе цяпер апынуўся помнік, невядома.

Зьмест падзеі, аднак, зусім не выбіваецца з той палітыкі, якая праводзіцца ў краіне апошнія тры гады. Забаранілі бела-чырвона-белы сьцяг — а гэта яе сьцяг, сьцяг Геніюш. Забаранілі адзначаць незалежнасьць БНР, а гэта яе дзяржава. Забаранілі кліч «Жыве Беларусь!», а гэта яе кліч:

Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць — дык жыць для Беларусі,
а безь яе — зусім ня жыць.

Усё жыцьцё Ларыса Геніюш захоўвала вернасьць Беларусі — не калгаснай і не савецкай, а сваёй адзінай радзіме, чалавечнай і беларускай па сутнасьці, мове і культуры. За гэта мусіла разам з мужам восем гадоў правесьці ў ГУЛАГу, а пасьля да апошніх дзён жыла ў сваёй хаце ў Зэльве пад пільным наглядам КГБ. І нават пасьля сьмерці 7 сакавіка 1983 году, 40 гадоў таму, калі на яе пахаваньне прыехала мноства людзей з усёй Беларусі, працэсія адбывалася пад пільным наглядам кагэбістаў, якія фатаграфавалі ўдзельнікаў (амаль) забароненага шэсьця. Быццам зусім нічога не зьмянілася з тых часоў.

У апошнія гады ейнага жыцьця мы зь сябрамі ня раз прыяжджалі ў яе гасьцінную хату, дапамагалі ў гаспадарцы, а яна чытала нам свае вершы. Тады мы толькі адкрывалі для сябе, што Беларусь зусім ня тая фасадная БССР, што яна проста Беларусь, якую хочацца любіць за яе родныя краявіды, за яе багатую і глыбока схаваную ў архівах гісторыю, за яе культуру, якая сягае ў вякі.

І вось яны ўзяліся за Геніюш. Дакладна, як ужо ня першы год «бяруцца» за Курапаты і за жывых людзей у сваіх канцлягерах. Назваць гэта можна рэваншам НКВД, калхознай сыстэмы, «русского мира» — сутнасьць ня зьменіцца. Ларыса Геніюш — найбольшы маральны аўтарытэт для тысяч беларусаў, якія жывуць для Беларусі, памнажаючы яе славу і годнае прадстаўніцтва сярод іншых нацый. У «ябацек» маральных аўтарытэтаў няма і ня можа быць. У іхнай карціне сьвету ўсё роўна наадварот.

Калісьці мне, 20-гадоваму, Ларыса Геніюш падпісала сваю кніжку словамі, якія тады крыху зьдзівілі, а сёньня будуць дарэчныя для мноства маіх суайчыньнікаў, а можа быць, і для ўсіх беларусаў увогуле. Вось гэтыя словы:

«Калі цяжка, але небезнадзейна».

Кніга з подпісам Ларысы Геніюш і словамі «Калі цяжка, але небезнадзейна»
Кніга з подпісам Ларысы Геніюш і словамі «Калі цяжка, але небезнадзейна»

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG