Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася фота дэмантажу помніка Ларысе Геніюш у Зэльве. На ім відаць людзі ў камунгасаўскай уніформе


Помнік паэтцы Ларысе Геніюш каля праваслаўнай царквы ў Зэльве да зносу. Архіўнае фота
Помнік паэтцы Ларысе Геніюш каля праваслаўнай царквы ў Зэльве да зносу. Архіўнае фота

«Народная воля» апублікавала фота дэмантажу помніка паэтцы Ларысе Геніюш каля праваслаўнай царквы ў Зэльве. Паводле зьвестак выданьня, помнік схавалі ў мясцовай царкве.

На здымку, апублікаваным газэтай «Народная воля», відаць, што бюст з пастамэнту здымаюць людзі быццам у камунгасаўскай уніформе.

«А камунальная гаспадарка ў Зэльве (як і паўсюль) падпарадкоўваецца выканкаму, — піша выданьне. — Значыць, мясцовая выканаўчая ўлада ўсё ж мела дачыненьне да ганебнай акцыі», піша газэта.

Знос бюста Ларысы Геніюш у Зэльве. Фота газэты «Народная Воля»
Знос бюста Ларысы Геніюш у Зэльве. Фота газэты «Народная Воля»

Пра тое, што помнік Геніюш зьнесьлі, стала вядома 30 сакавіка. У Зэльвенскім райвыканкаме пераконвалі, што ня ведаюць, куды падзеўся помнік, але раілі не шукаць яго і не выкупляць.

«Помнік знаходзіцца ва ўласьніка, і ён не плянуе рабіць захады па яго продажы. Я думаю, калі ён ва ўласьніка, то ён патрэбны ўласьніку», – даводзіла журналістам чыноўніца.

29 сакавіка ў СМІ трапіў афіцыйны адказ Зэльвенскага райвыканкама аб адмове дэмантаваць помнік славутай беларускай паэтцы Ларысе Геніюш, аб чым прасіла прарасейская актывістка Вольга Бондарава. Аднак 30 сакавіка мясцовыя жыхары паведамілі аб тым, што помніка на месцы ўжо няма.

Як пісала раней «Народная воля», помнік можа знаходзіцца ў зэльвенскай царкве, каля якой стаяў.

Хто такая Ларыса Геніюш

  • Ларыса Геніюш (1910–1983) — беларуская паэтка, дзяячка беларускага адраджэньня. Захавальніца архіваў БНР. Разам з мужам была пазбаўленая чэскага грамадзянства і выдадзеная ў СССР, грамадзянства якога, нягледзячы на катаваньні і лягеры камуністычнага рэжыму, так і ня ўзяла.
  • Помнік Ларысе Геніюш пры зэльвенскай царкве паставілі з дабраславеньня мітрапаліта Філарэта ў 2003 годзе. Манумэнт фактычна належаў Беларускай праваслаўнай царкве.
  • Помнік Геніюш патрабавала зьнесьці прарасейская актывістка з Горадні Вольга Бондарава, але ёй у афіцыйным адказе адмовілі.
  • Зэльвенскі райвыканкам у афіцыйным адказе напісаў, што помнік прыбіраць ня будуць, бо дэмантаж не адпавядае заканадаўству. Аднак 30 сакавіка помнік прапаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG