Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раней Лукашэнка гандляваў пацалункамі, цяпер — сувэрэнітэтам», — фінскі экспэрт Аркадзь Мошэс


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс расказвае пра тое, як фінскае грамадзтва ўспрымае ўступленьне краіны ў NATO.

Мошэс дыскутуе з вэрсіяй Юрыя Фяльштынскага, выкладзенай у нядаўнім інтэрвію Свабодзе, і выказвае перакананьне, што да рэальнага прымяненьня ядзернай зброі справа ня дойдзе.

Сьцісла:

  • У Фінляндыі існуе відавочны палітычны кансэнсус наконт таго, што ўступленьне ў NATO — гэта важны і неабходны крок.
  • У Расеі няма магчымасьці неяк асабліва сур’ёзна адрэагаваць на ўступленьне Фінляндыі ў NATO.
  • Лукашэнка разьлічвае, што ядзерная зброя ў нейкі момант можа стаць козырам, якім можна будзе таргавацца з Захадам.
  • Расея як бы запрашае Захад да дыялёгу і дае яму час «падумаць» — маўляў, давайце мы пачакаем да 1 ліпеня.
  • Масква плаціць Лукашэнку, бо іншых саюзьнікаў у яе не засталося.

— Зь сёньняшняга дня Фінляндыя афіцыйна зьяўляецца чальцом NATO. Ці ёсьць згода ў фінскім грамадзтве наконт далучэньня да гэтага блёку, як цяпер мяняецца ваенная і абарончая дактрына краіны? Ці не асьцерагаецца Фінляндыя расейскай рэакцыі?

— Сапраўды, гістарычнае значэньне гэтай падзеі для Фінляндыі немагчыма перабольшыць. Фінскія палітыкі і грамадзтва тут адзіныя. Але, калі рашэньне прынята і рэалізавана, то апошняя завяршальная кропка ўжо мае адносна меншае значэньне. Таму ўсё адбываецца дастаткова будзённа, на рабочым узроўні — нейкіх сьвяткаваньняў сёньня не адбываецца. Гэта не параўнаць з тымі сьвяткаваньнямі, якія адбываюцца, калі фінская зборная выйграе хакейныя турніры — чэмпіянаты сьвету ці Алімпіяды.

Звычайна працэс уступленьня ў NATO займае паўтара года, а ў Фінляндыі гэта заняло каля 10 месяцаў — гэта вельмі хутка. У краіне існуе відавочны палітычны кансэнсус наконт таго, што ўступленьне ў NATO — гэта важны і неабходны крок. За канчатковую ратыфікацыю ўступленьня ў NATO прагаласавалі 188 дэпутатаў, і толькі 6 супраць. Гэта паказвае стан фінскага грамадзтва: краіна лічыць гэта слушным і прагматычным крокам.

Да пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны для фінскіх палітыкаў прагматычным лічылася мець роўныя і працоўныя адносіны з Масквой, але пасьля пачатку вайны ўсё імгненна перавярнулася. Прыйшло разуменьне, што ніякія фармальна добрыя адносіны з Расеяй ня могуць гарантаваць Фінляндыі бясьпеку.

Расея атрымлівае 1300 кілямэтраў новай мяжы з краінай NATO. Але адметна, што рэакцыя Расеі была вельмі стрыманая. І зразумела, што ніякай звышжорсткай рэакцыі Расеі ня можа быць — проста таму, што на гэта ў Масквы няма ніякіх сілаў.

Стала канчаткова зразумела, што вайна ва Ўкраіне ніяк не зьвязаная з пашырэньнем NATO. Вайна зьвязаная выключна з жаданьнем Крамля падпарадкаваць сабе Ўкраіну, а NATO — толькі нагода. Бо Фінляндыя, мяжа якой знаходзіцца фактычна ў прыгарадах Санкт-Пецярбургу, ніякай жорсткай рэакцыі ў Масквы не выклікае.

Ці ёсьць у Фінляндыі нейкія перасьцярогі? Думаю, нейкіх істотных няма. Бо ёсьць уяўленьне пра рэальныя магчымасьці Расеі, разуменьне таго, што ў Расеі няма магчымасьці нейкім асабліва сурʼёзным чынам адрэагаваць на ўступленьне Фінляндыі ў NATO.

— Калісьці ў Беларусі паняцьце «фінляндызацыя» было ледзь ня ўзорам адносінаў з Расеяй, некаторыя беларускія палітыкі гаварылі пра яго як пра вельмі пажаданы варыянт. То бок варыянт добрасуседзкіх адносін і неўступленьня ў розныя заходнія структуры. Хаця, як вядома, самім фінам гэты тэрмін і гэтая палітыка ня вельмі падабаюцца. Ці можна сказаць, што цяпер гэты тэрмін канчаткова страціў усялякую прывабнасьць — для такіх краінаў як Беларусь?

Аркадзь Мошэс
Аркадзь Мошэс

— Фінляндызацыя — гэта слова, якое фіны, сапраўды, ня любяць. Гэта ня быў свабодны выбар Фінляндыі, гэта была навязаная Масквой палітыка. Савецкім людзям унушалася, што гэта сымбаль добрасуседзтва. Гэта не было добрасуседзтвам, але гэта быў кампраміс, які працаваў. Абмежаваньне замежнапалітычнага сувэрэнітэту Фінляндыі ў абмен на захаваньне ўнутрыпалітычных асноваў дзяржаўнасьці.

Ужо з уступленьнем Фінляндыі ў Эўразьвяз у 1994 годзе паступова са сьветапогляду эліт сыходзілі нават намёкі на тое, што «фінляндызацыя» — гэта добрая рэч. «Фінляндызацыя» не перашкодзіла краіне, як толькі зьмяніліся абставіны, імгненна рэінтэгравацца ў Захад.

Таму для постсавецкіх краінаў, у тым ліку для Беларусі, гэтая паралель была цалкам непрымяняльная. Калі гаварыць канкрэтна пра Беларусь, то тут за апошнія дзесяцігодзьдзі назіраўся працэс страты сувэрэнітэту пры адначасовым выбудоўваньні і ў Расеі, і ў Беларусі такіх сыстэмаў, якія аддалялі і тую, і другую ад Эўропы. Унутрыпалітычны рэжым у Беларусі быў і ёсьць такі, які ня мог ня скончыць сваю замежную палітыку тым, чым і скончыў цяпер — а менавіта прывёўшы краіну да кропкі, калі ў яе ўжо не засталося замежнапалітычнага сувэрэнітэту.

— Апошнія тыдні разгарнуліся дыскусіі вакол абвешчанага намеру Масквы разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Лукашэнка хоча прадставіць гэтую сытуацыю так, нібыта гэта будзе «наша ядзерная зброя» — што не супадае ані з заявай Пуціна, ані з тлумачэньнем беларускага МЗС. Зразумела, для чаго гэта Пуціну. Але для чаго гэта трэба Лукашэнку? Ці яго ўжо ніхто не пытаецца?

— Я думаю, па вялікім рахунку, яго ўжо ніхто не пытаецца. Калі б ён гэтага не хацеў і рэальна спрабаваў супраціўляцца, я думаю, што расейская ядзерная зброя ў Беларусі ўсё роўна магла б зьявіцца. Гэтаксама як ніхто ў яго не пытаўся ў лютым 2022 году, калі расейскія войскі былі ўведзеныя ў Беларусь нібыта для вучэньняў, але потым іх «забылі» вывесьці зь Беларусі.

Таксама ніхто б у яго нічога не пытаўся і цяпер, бо Масква гуляе ў сваю гульню і ў рамках гэтай гульні выкарыстоўвае тыя вагары, якія мае. Пытаньне пагрозы разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі — адзін з такіх крокаў у гэтай гульні. Невыпадкова Масква як бы запрашае Захад да дыялёгу і дае яму час «падумаць» — маўляў, давайце мы пачакаем да 1 ліпеня, а за гэтыя тры месяцы мы нешта абмяркуем. Гэта дыпляматычная гульня, у якой Масква карыстаецца тымі рэсурсамі, якія мае.

Лукашэнка ў цэлым робіць добрую міну пры кепскай гульні, ён ня можа не разумець, што ўнутры краіны гэта вельмі непапулярнае рашэньне. І што для многіх беларусаў, з улікам чарнобыльскага сындрому, гэта вельмі балючая тэма. Ён спрабуе выглядаць хоць трошкі больш уплывовым у вачах унутранай аўдыторыі і ў вачах замежжа, і спадзяецца, што за гэта Пуцін яго ацэніць і падкіне грошай.

Але Лукашэнка таксама разьлічвае, што ў нейкі момант гэта можа стаць козырам, якім можна будзе гандляваць з Захадам. Канечне, ніякага беларускага кантролю над ядзернай зброяй і ніякага «падвойнага ключа» ня будзе. Але як толькі ў вас на тэрыторыі зьяўляецца база зь ядзернай зброяй, то вы можаце ў нейкі момант яе блякаваць, перакрыць дарогі, зладзіць нейкі мітынг пратэсту — і прадаць гэта Захаду як ваш супраціў. І тады зьяўляецца нейкая інфармацыйная нагода паказаць Захаду, што вы ўсё яшчэ ў гульні.

Але трэба разумець і тое, што заявы Лукашэнкі наконт нібыта «братаньня» на расейска-ўкраінскім фронце былі вельмі жорстка папраўленыя Пясковым. Таму слухаць усё тое, што кажа Лукашэнка, варта зь вялікай доляй скептыцызму і нават іроніі. Зразумела, што рыторыка — гэта адзінае, што яму застаецца.

— У інтэрвію Свабодзе гісторык Юры Фяльштынскі заявіў, што Пуцін рыхтуе ядзерны ўдар па Эўропе з тэрыторыі Беларусі і што інтэрвэнцыя ў Беларусь сіламі саюзьнікаў — самы хуткі і бяскроўны спосаб завяршыць распачатую вайну і спыніць расейскую агрэсію. Але ёсьць такое ўражаньне, што пакуль на Захадзе такую вэрсію не ўспрымаюць вельмі сурʼёзна. Чаму?

— Ведаеце, адказ утрымліваецца ў тым жа інтэрвію, калі на ваша пытаньне Фяльштынскі адказвае: «Калі б Расея гатовая была нанесьці ядзерны ўдар па Эўропе і ЗША (і атрымаць зваротныя ўдары), яна б гэта ўжо зрабіла. Калі б Расея гатовая была ўварвацца войскамі ва Ўсходнюю Эўропу, яна б гэта ўжо зрабіла».

Я думаю, што не ідзе размова пра падрыхтоўку да рэальнага прымяненьня ядзернай зброі. Бо тактычная ядзерная зброя на сёньня ў ваенным сэнсе вялікай ролі выконваць ня можа. Гэта хутчэй псыхалягічная зброя, якая паказвае, што пэўная чырвоная лінія пяройдзена.

Але мне падаецца, што ў выпадку яе прымяненьня ўдар у адказ будзе не па тым месцы, адкуль вылецела ракета — туды біць ужо ня мае сэнсу. А ўдар будзе асымэтрычны, сурʼёзны, які радыкальна аслабіць расейскія вайсковыя магчымасьці. І, дарэчы, не абавязкова тактычнай ядзернай зброяй. Сёньня звычайнымі ўзбраеньнямі вялікай магутнасьці можна нанесьці шкоду значна большую, чым тактычнай ядзернай зброяй.

Таму і ў гэтым кантэксьце, і ў кантэксьце таго, што ядзерная зброя ніколі не выкарыстоўвалася ў Эўропе — я зыходжу з таго, што гэта ўсё ж элемэнт шантажу, дыпляматыя на мяжы фолу. Аднак ставіцца да гэтага трэба спакойна, бяз панікі — што мы і бачым у заходняй рэакцыі, якая грунтуецца на фактах, аналізе і разуменьні сытуацыі.

— Значыць, ад Захаду ня будзе ніякай рэзкай рэакцыі, і ў выніку Масква разьмесьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі?

— Так, імавернасьць гэтага вельмі высокая, але за гэтым разьмяшчэньнем нічога новага не адбудзецца. Так, гэта новы віток эскаляцыі. Аднак расейская тактычная ядзерная зброя ўжо разьмешчаная ў Калінінградзе, адкуль адпаведныя носьбіты могуць даставіць яе ў «цэнтры прыняцьця рашэньняў» Захаду хутчэй, чым з тэрыторыі Беларусі.

— У 2022 годзе была зафіксаваная рэкордная дапамога Расеі менскаму рэжыму — агулам, з улікам розных зьніжак і прэфэрэнцый, каля 15 мільярдаў даляраў. Значыць, ёсьць за што плаціць? Гэта адзінае, чаго Лукашэнка і дабіваецца — прадае па кавалках сувэрэнітэт за грошы з Расеі?

— Тут няма нічога прынцыпова новага, гэта палітыка, якую Лукашэнка праводзіць усе гады свайго знаходжаньня ва ўладзе. Калісьці гэта быў проста «газ у абмен на пацалункі», калі Менск увогуле мог нічога не рабіць. А цяпер даводзіцца рабіць. Беларусь — адзіны саюзьнік Расеі. Калі трэба дазволіць скарыстаць тэрыторыю для вайны супраць іншай дзяржавы — Беларусь гэта робіць. Калі трэба галасаваць у ААН ці ў іншых структурах за Расею — Беларусь робіць. За ўсё гэта трэба плаціць, бо іншых саюзьнікаў у Расеі не засталося.

Так што гэта працяг той палітыкі, якую Лукашэнка праводзіў увесь час свайго кіраваньня. І гэта яго задавальняе. Калі да 2020-га ён атрымліваў пераважна эканамічныя падачкі, якія дазвалялі ягонаму рэжыму выжываць, то ў 2020-м змог ужо абаперціся і на сілавую падтрымку «старэйшага брата». Гэта мэтанакіраваная палітыка, якая прывяла менавіта да таго выніку, да якога і павінна была прывесьці. Гандаль дзяржаўным сувэрэнітэтам, гандаль замежнапалітычным і эканамічным сувэрэнітэтам у абмен на фінансавыя субсыдыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG