Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі школьнікі ўдзельнічалі ва ўшанаваньні памяці Ўладлена Татарскага. Так там адзначылі «Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі»


Фота - з сацыяльных сетак дзіцячага садку № 8 Рагачова і Сталпянскай школы Рагачоўскага раёну
Фота - з сацыяльных сетак дзіцячага садку № 8 Рагачова і Сталпянскай школы Рагачоўскага раёну

У беларускіх школах 3 красавіка прайшоў «адзіны ўрок — сьвяткаваньне» дня еднасьці Беларусі і Расеі. У Гомлі ў гэты дзень ваенрук вадзіў дзяцей у «Рускі дом», каб ушанаваць памяць расейскага прапагандыста.

«Дзецям сказалі, што ідуць ушанаваць памяць расейскага салдата»

У беларускіх школах 3 красавіка прайшоў урок, прысьвечаны так званаму «Дню еднасьці Беларусі і Расеі». У Гомлі кіраўнік вайскова-патрыятычнага выхаваньня школы № 59 зладзіў ушанаваньне расейскага прапагандыста Ўладлена Татарскага, які загінуў у Санкт-Пецярбургу.

Гэта адбылося ў будынку «Рускага дому». Ускладаньне кветак школьнікамі да партрэта прапагандыста «Рускі дом» у сваіх сацыяльных сетках назваў «вельмі кранальнай акцыяй». Там таксама паведамляецца, што дзеці «заадно паглядзелі» расейскі фільм «Артэк. Вялікае падарожжа».

Свабода даведалася, што старшаклясьнікаў паставілі перад фактам, што яны ідуць ушанаваць памяць «нейкага расейскага салдата».

«Яны там асабліва і не зразумелі — чыю памяць трэба ўшанаваць. Дзеці так зразумелі, што «невядомага расейскага салдата», — патлумачыла крыніца Свабоды.

Суразмоўца таксама адзначае, ніхто ня быў супраць і не пярэчыў ваенруку. Дзьмітрый Уклейка раней працаваў прэсавым сакратаром Гомельскай памежнай групы. Пасьля таго як пайшоў на пэнсію, уладкаваўся ахоўнікам ва ўнівэрмаг «Гомель». Калі ў Беларусі пачалі ўводзіць у школах вайскова-патрыятычнае ыхаваньне, пачаў працаваць у школе № 59 ваенруком.

Што расказвалі дзецям на ўроках еднасьці з Расеяй?

На сайце Міністэрства адукацыі Беларусі разьмешчаны прыкладныя пляны-канспэкты для ўрокаў еднасьці з Расеяй.

Малодшых школьнікаў мэтадысты прапануюць паставіць у «чароўнае кола», каб яны працягнулі адзін аднаму руку як «дарожку дружбы». Дзецям раскажуць, што «ў нашай краіны ёсьць вельмі блізкая сястра» — Расея. Затым школьнікі мусяць прачытаць верш «Беларусь и Россия». Настаўнікі ж раскажуць, што «ў народаў Беларусі і Расеі агульная гісторыя, адна культура, адзіныя духоўныя каштоўнасьці, яны разам адстойвалі сваё жыцьцё і свабоду ў барацьбе супраць ворагаў». Таксама дзецям трэба давесьці інфармацыю, што «Расея — самая вялікая дзяржава ў сьвеце».

Акрамя гэтага, школьнікам прапануюць расказваць, што «расейская і беларуская мова вельмі падобныя, многія словы гучаць і пішуцца аднолькава, напрыклад, ручка, школа, месяц». Таксама беларускім вучням нагадваюць пра агульныя з Расеяй дзяржаўныя сьвяты — 23 лютага, 8 сакавіка, 9 траўня і перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG