«Усё заціхла, нават у інтэрнэце ніхто нічога ня піша. Але настаўнікі і міліцыя працягваюць „вайну“ невядома з кім. Зноў патрабуюць у групах viber нікуды не пускаць дзяцей у суботу», — паведамілі Свабодзе чытачы.
Бацькам школьнікаў адной зь менскіх гімназій у групу viber прыйшоў загад ад кляснага кіраўніка «забясьпечыць дакладны кантроль знаходжаньня дзяцей у суботу з 16:00 да 19:00, „Родан“ кінуў кліч на збор у гандлёвых цэнтрах».
«Прашу трымаць дзяцей дома», — напісаў клясны кіраўнік (копія паведамленьня ёсьць у рэдакцыі. — РС).
Пад паведамленьнем пералічаны артыкулы адміністрацыйнага і крымінальнага кодэксу, паводле якіх дзяцей могуць прыцягнуць да адказнасьці.
«Усе даўно забыліся на той „Родан“. Міліцыя яшчэ на мінулым тыдні казала, што „усе адміністратары груп устаноўленыя, пакараныя, затрыманыя“. Цяпер зноў пачынаюць. Дзеці нашы нічога ня ведаюць пра той „Родан“», — дадала маці, у якой дачка ходзіць у гімназію.
Папярэджаньні прыйшлі і бацькам, чые дзеці вучацца ў гомельскіх школах.
«У сьвятле апошніх падзей органамі ўнутраных спраў і ўсімі суб’ектамі прафіляктыкі ажыцьцяўляецца кантроль і маніторынг месцаў збору падлеткаў. Прымаюцца захады з мэтай недапушчэньня парушэньня грамадзкага парадку», — напісалі бацькам у viber-групе клясы.
Падобныя паведамленьні разьмясьцілі і ў тэлеграм-каналах адміністрацый раёнаў Гомля.