Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад навальніцай. Чаму пагрозы Пуціна і Лукашэнкі ўжо мала каго палохаюць


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота

Ядзерная зброя можа (і магла) быць разьмешчаная ў Беларусі ў любы момант і без публічных заяваў Пуціна і Лукашэнкі. Яна магла (і можа) быць выкарыстаная зь беларускай тэрыторыі ў кожную хвіліну.

А калі надта трэба «падставіць» Лукашэнку і Беларусь (хоць які ў тым сэнс, хто ў гэта паверыць?), было б дастаткова перамаляваць на самалёце расейскія чырвоныя зоркі на лукашэнкаўскія, амаль такія ж. Так што тут маем сабаку, які брэша, але пакуль што не кусаецца.

Лукашэнка ў сваім звароце ў пятніцу не сказаў нічога новага, і толькі яшчэ раз выступіў рэтрансьлятарам расейскага страху перад будучым украінскім контранаступам. Разам з тым ён паўтарыў ужо звыклыя абразы ў адрас Захаду і пуцінскія «ядзерныя» пагрозы, якія таксама ўжо не зьдзіўляюць і амаль не палохаюць.

Увесь наш рэгіён замёр у чаканьні абвастрэньня вайны. У задушлівым нэрвовым чаканьні, — такім жа, як затхлыя нецікавыя звароты Лукашэнкі да гораду і сьвету.

Як душнай рутынай застаецца лукашэнкаўскі ціск на беларушчыну ў Беларусі: што яны зробяць з помнікам Ларысе Геніюш у Зэльве? Калі яны канчаткова забароняць беларускую мову і любыя праявы нерасейскасьці? І, што трохі цікавей: ці дзеля Лукашэнкі стараюцца энтузіясты-беларусафобы з дробнага чынавенства, гарадзкіх фрыкаў і прапагандыстаў? Мо ўжо дзеля кагось важнейшага? Ці не з Масквы каардынуюць іхную дзейнасьць?

Беспасьпяхова і марна расейцы спрабуюць захапіць маленькі Бахмут коштам вялікіх стратаў, з заградатрадамі і іншымі характэрнымі прыкметамі расейскага «ваеннага мастацтва». А ўкраінцы гераічна абараняюць свой горад.

Працягвае павольна ісьці на дно беларуская эканоміка: вось і Мазырскі НПЗ раптам выказаў намер спыніць вытворчасьць на няпэўны час зь няпэўных прычынаў. Гэта і праўда мадэрнізацыя сіламі сумнеўных пастаўшчыкоў і кантрактараў з тых краінаў, дзе Беларусь яшчэ не пад санкцыямі? Ці клінічная сьмерць НПЗ пасьля адразаньня эўрапейскага і ўкраінскага рынкаў? А можа, кансэрвацыя на выпадак абстрэлаў з боку Ўкраіны, калі з тэрыторыі Беларусі зноў пачнецца атака на Кіеў ці на Валынь?

Жывём у страшны, душны, напружаны час.

І часам ствараецца ўражаньне, што ўкраінскі контранаступ на поўдні ці на ўсходзе можа пачацца літаральна ў любы дзень. Украінскае кіраўніцтва публічна кажа пра «красавік-травень». Красавік ужо пачаўся. І трэба ўсьведамляць, што любыя каляваенныя публічныя заявы ўкраінскага кіраўніцтва альбо блізкіх да яго ваенных экспэртаў разьлічаныя ў тым ліку (а мабыць, і перадусім) на Расею. А значыцца, дзеля эфэкту нечаканасьці даты, магчыма, называюцца як мага больш дальнія, несапраўдныя. І фраза «некалькі тыдняў» можа азначаць «некалькі дзён».

І ад непрадказальнасьці ўкраінскага наступу Пуціну і Лукашэнку страшней, чым нам. Гэта відаць па ўстрывожаных тварах прапагандыстаў на перадачах Салаўёва і Скабеевай. Па лёгкай паніцы Лукашэнкі ў пятніцу і па гістэрыцы расейскага Telegram пасьля забойства прапагандыста Уладлена Татарскага. Ім страшней і душней, чым нам.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG