Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьледчы сказаў: „Будзеце адказваць за мужа“». Падрабязнасьці затрыманьня хворай жанчыны ў Гомельскай вобласьці


Мікрааўтобус сілавікоў. Гомель. Ілюстрацыйнае фота
Мікрааўтобус сілавікоў. Гомель. Ілюстрацыйнае фота

Ірыну (імя зьмененае, — РС) затрымалі за «лайк», які паставіў яе нябожчык муж «экстрэмісцкаму рэсурсу». Жанчыну адпусьцілі пасьля трох сутак у ізалятары.

Пра гісторыю затрыманьня і зьдзекаў з жыхаркі вёскі блогу «Галасы» расказаў яе знаёмы. Свабода перадрукавала гэты тэкст.

«Вы БЧБ, вам нічога не паложана»

За Ірынай міліцыя прыехала ўранку 28 сакавіка. Яна даглядае ляжачага чалавека з дэмэнцыяй. Разам зь сілавікамі прыехала «хуткая», якая забрала чалавека з інваліднасьцю першай групы ў раённы шпіталь на «сацыяльны ложак». У аддзяленьні на Ірыну надзелі кайданкі, зашчапілі іх ззаду.

«У яе праблемы вялікія з суставамі, плечавыя суставы амаль нерухомыя, у яе — поліартрыт, тут яшчэ і кайданкі на яе. Яны проста выломлівалі ёй рукі», — расказвае суразмоўца.

Ён дадае, што Ірына ў калідоры аддзяленьня міліцыі пачала страчваць прытомнасьць. Затрыманай дапамаглі жанчыны, якія былі на прыёме ў міліцыі як пацярпелыя ў нейкай справе. «Нават бачачы яе стан, ніхто ня зьняў зь яе кайданкі», — абураецца знаёмы.

Ірыну ў міліцыі дапытваў сьледчы. Жанчына сьцьвярджала, што не ставіла ніякіх падабаек «экстрэмісцкім рэсурсам», што гэта мог зрабіць муж, цяпер нябожчык. Маўляў, ён сядзеў у інтэрнэце зь яе тэлефона і актыўна чытаў сацыяльныя сеткі, у тым ліку цікавіўся і палітыкай. «На гэта міліцыя і сьледчы проста сьмяяліся. Сьледчы сказаў: „Будзеце адказваць за мужа!“», — дадаў знаёмы затрыманай.

Жанчына даводзіла на допыце, што яе інтарэсы відаць на яе старонцы — хрысьціянская літаратура і песьні, вязаньне, гатаваньне ежы.

Да ізалятара жанчыну звазілі ў шпіталь, дзе лекары пастанавілі, што яна можа знаходзіцца ў ІЧУ са сваімі хваробамі — з бранхіяльнай астмай, поліартрытам і праблемамі з хрыбетнікам і страўнікам.

«У ізалятары ў яе забралі ўсё, нават расчоску. Не дазволілі ўзяць з сабой Біблію. Яна сказала, што нават „сьмяротнікі“, асуджаныя на расстрэл, могуць чытаць Біблію. Канвойныя адказалі, што „сьмяротнікам“ можна, вам — не, бо вы БЧБ, вам нічога не паложана», — кажа знаёмы жанчыны.

«У вас асаблівая камэра, у вас — БЧБ»

Як вядома сябру затрыманай, Ірыне ў ІЧУ не далі ні матраца, ні пасьцельнай бялізны. Куртку забралі, жанчына мерзла.

«Зь ёй сядзелі рэцыдывісткі, яны ставіліся да Ірыны добра, дапамагалі ёй як маглі. Яны плакалі, калі ёй кожны раз, па некалькі разоў на дзень, надзявалі кайданкі і ёй было вельмі балюча. Ведаю, што адзін канвойны прапанаваў калегу зашчапіць кайданкі ня ззаду, а сьпераду, каб было ня так балюча. Той жа адказаў: «Ты што! Гэта ж бэчэбэшніца!». Казалі тым рэцыдывісткам: «У вас асаблівая камэра, у вас БЧБ, вам нічога не паложана», — дадаў знаёмы жанчыны.

Суразмоўца таксама расказвае, што Ірыне не давалі спаць уначы, будзілі на «праверкі». У яе былі прыступы астмы, яшчэ і іншыя зьняволеныя курылі.

«Але Ірыне сумленьне не дазволіла папрасіць іх не курыць. Яна казала, што разумее іх, што гэта залежнасьць, што яны на нэрвах, ёй было вельмі шкада іх», — зазначыў суразмоўца. Ён дадаў, што рэцыдывісткі, якія зьдзейсьнілі крадзяжы, рабаўніцтва, паводзілі сябе як людзі, у адрозьненьне ад некаторых маладых канвойных, «якія былі як зьвяры».

«На суд вялі па вуліцы, з кайданкамі за сьпінай, як страшную злачынцу»

У райцэнтры, дзе судзілі жанчыну, будынак суду знаходзіцца непадалёк ад ізалятара. Ірыну вялі на суд пешкі, па вуліцы, з кайданкамі за сьпінай.

«Быў такі выпадак, што адзін канвойны, малады хлопец, адмовіўся надзяваць на яе кайданкі, каб весьці на суд. Яна сказала: „Сынок, надзявай, ня бойся, бо цябе ж пакараюць“. Але ён адмовіўся. Іншыя не адмовіліся. Жанчына скардзілася на тое, што боль быў проста невыносны. У яе проста рукі чарнелі, усе апухлыя былі, бо поліартрыт», — заўважыў знаёмы.

На судзе жанчына расказала, што ні ў чым не вінаватая, што не ставіла нідзе ніякіх «лайкаў». Згадала словы сьледчага: «Вы будзеце адказваць за мужа». Суд аправіў справу на дапрацоўку, аднак жанчыну не адпусьцілі дахаты, а зноў павезьлі ў ІЧУ.

«Там яна перажыла сардэчны прыступ, але адмовілася ад выкліку „хуткай“, бо ёй было сорамна, што яна трое сутак ня мылася — папросту не магла, не было ніякіх умоў», — дадаў знаёмы жанчыны.

«Міліцыянт сказаў: «Я магу гаварыць усё, што хачу, і мне нічога ня будзе»

Перад вызваленьнем Ірына, па словах знаёмага, мела гутарку з міліцыянтам.

«Ён заявіў: „Я магу гаварыць усё, што захачу, і мне нічога ня будзе! А ты ніхто! Ідзі і далей стаў лайкі — і зноў трапіш да нас!“. Цяпер яна выйшла, з траўмаванымі, апухлымі рукамі ад кайданкоў. Але Ірына верыць у Бога, гэта дало ёй сілы вытрымаць усе выпрабаваньні. Яна кажа, што расказвала пра Бога тым рэцыдывісткам у камэры, якія мелі і па дзевяць „ходак“, і яны зацікавіліся. На выхадзе з ізалятару жанчына прасіла, каб канвойныя перадалі яе Біблію у камэру да дзяўчат. Тыя адмовіліся», — перадаў знаёмы жанчыны.

На выхадзе з ІЧУ Ірына атрымала квітанцыю. За кожны дзень у ізалятары яна мусіць выплаціць 17 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG