Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хворую жанчыну, якая даглядае чалавека з інваліднасьцю, затрымалі за «лайк» пад «экстрэмісцкім» рэсурсам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Выпадак адбыўся ў адной зь вёсак Гомельскай вобласьці. Чалавека, якім апекавалася затрыманая, адвезьлі ў раённы шпіталь.

Пра выпадак Свабодзе паведамілі знаёмыя затрыманай жанчыны. Сама яна пакуль за кратамі.

«У Ірыны (імя зьмененае, дадзеныя ёсьць у рэдакцыі. — РС) складаны лёс. Год таму яна даглядала дваіх ляжачых людзей з інваліднасьцю — свайго мужа і мужа сястры. Абодва былі цяжкія. Яе муж памёр год таму, у канцы сакавіка 2022 году. Цяпер яна даглядае чалавека з інваліднасьцю, які пасьля інсульту і пакутуе на дэмэнцыю. Ірына не цікавілася палітыкай, ды ёй і часу не было. Але яе ляжачы муж практычна ўвесь час сядзеў у інтэрнэце зь яе тэлефона. Можа, ён і паставіў падабайку на „экстрэмісцкім рэсурсе“. Але не Ірына — ёй гэта абсалютна нецікава», — расказаў суразмоўца.

Міліцыя прыехала да Ірыны 27 сакавіка — мясцовы ўчастковы і яшчэ адзін супрацоўнік, расказвае сьведка. У жанчыны запатрабавалі тэлефон на праверку. «Хоць яны прыехалі падрыхтаваныя, у іх былі скрыншоты яе Facebook. Ірына спакойна аддала ім свой тэлефон, бо была ўпэўненая, што там нічога такога няма. А яны „знайшлі“ падабайку», — дадала крыніца.

Паводле суразмоўцы, Ірына пераконвала міліцыянтаў, што не падпісвалася на «экстрэмізм», што тэлефонам карыстаўся яе муж, цяпер нябожчык. Яна казала, што сама хворая — у Ірыны бранхіяльная астма, праблемы з суставамі, страўнікам.

«І яшчэ яна ж даглядае ляжачага чалавека! Але гэта міліцыю не спыніла. Яны „вырашылі пытаньне“ — чалавека з інваліднасьцю адправілі ў мясцовы шпіталь на „сацыяльны ложак“, Ірыну — у ізалятар да суду», — кажа суразмоўца.

Апроч таго, у Ірыны ў вёсцы засталася гаспадарка, за якой трэба некаму прыглядаць, дадае ён. Жанчыну трымаюць у ІЧУ трэці дзень. Знаёмыя перадалі ёй інгалятар.

«Але яна сядзіць у камэры з жанчынамі, якія кураць! Ёй не даюць спаць ноччу канвойныя, ёй не далі матрац, пасьцельную бялізну. У яе забралі нават куртку, яна там мерзьне. У Ірыны апухлі ногі і рукі. Яе перамяшчаюць па ІЧУ толькі ў кайданках», — дадаў знаёмы затрыманай.

Ірыну павінны былі судзіць 30 сакавіка, аднак суд адправіў пратакол на дапрацоўку, каб міліцыя спраўдзіла, калі менавіта была пастаўленая тая падабайка. Ірына казала на судзе, што ня ставіла нідзе падабаек, прасіла праверыць яе старонку ў Facebook, на якой толькі вязаньне, гатаваньне ежы і хрысьціянскія песьні. Дата новага разгляду пакуль невядомая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG