Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 1 красавіка: затрыманьні ў Дзяржынску; ператрус у сваякоў экс-«каліноўца»; наступствы зачысткі ў Круглым

абноўлена

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларускія сілавікі
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларускія сілавікі

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Ператрусы і затрыманьні ў Дзяржынску

1 красавіка праваабаронцы «Вясны» атрымалі інфармацыю пра ператрусы і затрыманьні ў Дзяржынску. Паведамляецца, што ператрусы адбываюцца сама меней у 5 чалавек.

Тэлеграм-канал «Койданава 2022» паведамляе ​, што 31 сакавіка ўздоўж дарогі былі вывешаныя сьцяжкі — пры спробе іх зьняць нібыта была знойдзеная выбуховая прылада (інфармацыя афіцыйна не пацьверджаная). Імаверна, ператрусы адбываюцца ва ўсіх, хто, учора праяжджаў з раніцы па гэтай дарозе, а таксама ў тых, каго раней затрымлівалі па палітычных матывах, адзначаецца ў паведамленьні.

Як сьцьвярджае крыніца «Медиазоны», днём 31 сакавіка міліцыянты прыяжджалі здымаць сьцягі ля трасы разам з машынай разьмінаваньня. Сёньня пачаліся ператрусы. Крыніцы вядома пра больш за дзясятак ператрусаў; траіх людзей з розных дамоў па вуліцы Ціхай сілавікі выводзілі ў кайданках. Некаторых гараджан ужо адпусьцілі пасьля апытаньня ў РАУС і праверкі тэлефонаў.

«Койданава 2022» таксама паведамляе пра сама меней трох затрыманых. Паводле інфармацыі каналу, колькасьць людзей, у якіх правялі ператрусы, мяркуючы па ўсім, ужо ідзе на дзясяткі.

З ператрусам прыйшлі да сваякоў былога добраахвотніка палка Каліноўскага

У сваякоў актывіста дэмакратычнага руху Аляксандра Стральцова правялі ператрус, паведамляе «Наша Ніва». Самога Аляксандра ў краіне няма яшчэ ад сьнежня 2021 году.

Сілавікі правялі ператрус не толькі на кватэры маці Стральцова, але нават у вясковай хаце ягонай цёткі. У чым падазраюць Аляксандра, яны не патлумачылі.

Аляксандар Стральцоў быў актыўным удзельнікам вулічных акцый пратэсту і неаднаразова выступаў падчас імправізаваных мітынгаў.

У сьнежні 2021 году Стральцоў зьехаў ва Ўкраіну. Ад пачатку вайны запісаўся ў тэрытарыяльную абарону, а потым уступіў у шэрагі палка імя Каліноўскага. Пасьля таго, як Аляксандар атрымаў траўму, камандаваньне вырашыла, што яму лепш зьехаць на рэабілітацыю ў Польшчу, і цяпер ён там, распавёў Аляксандар «нашай Ніве».

Дзяўчыне, затрыманай пасьля зачысткі ў Круглым, стала дрэнна ў РАУС

Да затрыманай у Круглым Аліне Горавай увечары 30 сакавіка выклікалі «хуткую дапамогу». На той момант яна яшчэ знаходзілася ў Круглянскім РАУС і чакала адпраўкі ў магілёўскае СІЗА.

Паводле праваабаронцаў, у дзяўчыны абвастрыліся хранічныя захворваньні. Сілавікі не далі яе шпіталізаваць, патлумачыўшы гэта тым, што ў СІЗА, куды яна павінна была пасьля накіравацца, ёсьць дзённы стацыянар.

Днямі сілавікі правялі аблаву ў Круглым. Распачалі крымінальную справу па артыкуле 342 КК аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Быў арыштаваны адзін з самых пасьпяховых мясцовых прадпрымальнікаў Аляксандр Калін. У межах гэтай крымінальнай справы пасьля ператрусаў былі ўзятыя пад варту на 72 гадзіны жыхары Круглага Аліна Горава, Улад Лагуценка і былы галоўны лекар санстанцыі Аляксей Цыганоў. Дачку і сына Аляксандра Каліна адпраўлялі на «суткі» ў ІЧУ, а 29 сакавіка ператрусы прайшлі ў ягонага бацькі і жонкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG