Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 29 сакавіка: аўтара Youtube-канала «MozgON» Цыгановіча будуць зноў судзіць


Уладзімер Цыгановіч
Уладзімер Цыгановіч

У Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі.

Палітзьняволенага аўтара Youtube-канала «MozgON» Уладзімера Цыгановіча будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі» (па ч. 1 арт. 411 КК), паведамляе «Вясна». 7 красавіка ў Ленінскім судзе Магілёва разглядаць яго справу будзе Тацяна Касьцюк.

42-гадовага аўтара Youtube-канала «MozgON» Уладзімера Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня 2020 году. Палітвязьня абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 КК («арганізацыя масавых беспарадкаў»), ч. 3 арт. 130 КК («распальваньне сацыяльнай варожасьці»).

14 сьнежня 2021 Уладзімера асудзілі ў «справе Ціханоўскага» на 15 гадоў калёніі. А нядаўна Ўладзімеру ўзмацнілі пакараньне і перавялі яго з калёніі на турэмны рэжым.

У Менску затрымалі лекарку і яе мужа

34-гадовую лекарку Галіну Солтан, якая працуе ў прыватнай стаматалягічнай клініцы, і ейнага 35-гадовага мужа, індывідуальнага прадпрымальніка, 35-гадовага Ўладзімера Солтана, затрымаў ГУБАЗіК. На запісаным сілавікамі відэа жанчына кажа, што брала ўдзел у маршы. Уладзімеру інкрымінуюць удзел у пратэстах і адміністраваньне дваровага чату.

Пакуль невядома, ці завялі на сужэнцаў крымінальную справу, паведамляе «Наша Ніва».

Сыну палітыка Лябедзькі далі 15 содняў арышту

Апазыцыйны палітык, былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а цяпер прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і супрацы з парлямэнцкай супольнасьцю Анатоль Лябедзька паведаміў Радыё Свабода, што ягонага сына Арцёма асудзілі на 15 содняў арышту. Паводле абвінавачаньня, Арцём Лябедзька нібыта стаяў каля міліцыянтаў і нецэнзурна лаяўся.

У Лунінцы судзяць мясцовую жыхарку, якая нібыта паклёпнічала на Лукашэнку

У Лунінцы 29 сакавіка пачынаецца суд над 43-гадовай жыхаркай раённага цэнтру Тамарай Каравай. Жанчыну абвінавачваюць у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку паводле ч. 1 арт. 367 КК. Справу разглядае судзьдзя Лунінецкага раённага суду Кацярына Клеўжыц.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Тамара ў сьнежні 2022 году праз мэсэнджар у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» разьмясьціла ў інтэрнэце нібыта паклёпніцкія зьвесткі пра Лукашэнку.

Сьледчыя паведамляюць, што абвінавачаная неаднаразова ў 2022 годзе прыцягвалася да адказнасьці за ўчыненьне адміністрацыйных правапарушэньняў — на яе накладалі спагнаньні ў выглядзе штрафу, ніводнага зь якіх яна не сплаціла.

На польска-беларускай мяжы затрымалі кіроўцаў міжнароднага аўтобуса

У ноч з 28 на 29 сакавіка на беларускай мяжы былі затрыманыя кіроўцы міжнароднага аўтобуса, які ехаў з Польшчы ў Беларусь. Як паведамляе тэлеграм-канал «Вясна-Брэст», аўтобус належыць кампаніі PKS Gdańsk, якая выконвае рэйсы па маршруце Гданьск-Менск і Познань-Менск.

Праваабаронцы паведамляюць, што затрыманымі кіроўцамі былі беларусы, і пасажыры аўтобуса некалькі гадзінаў чакалі, пакуль да іх зь Менску прыедзе новы аўтобус. Прычыны затрыманьня невядомыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG