Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 30 сакавіка: гомельскаму барду прысудзілі 2,5 года калёніі; за данаты затрымалі супрацоўніка ЕРАМ


Аляксей Ільінчык
Аляксей Ільінчык

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца. Цяпер прыйшлі па музэйных работнікаў, а ў Гомлі асудзілі барда.

Гомельскаму барду прысудзілі 2,5 года калёніі

Гомельскі абласны суд вынес прысуд у крымінальнай справе 61-гадовага барда Аляксея Ільінчыка, піша «Вясна». Яму выставілі абвінавачаньні ў паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і распальваньні варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК).

Справу разглядаў судзьдзя Аляксей Хлышчанкоў.

Пра затрыманьне Ільінчыка стала вядома 18 жніўня 2022 году, пасьля таго як праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што Аляксея затрымалі за «творчую дзейнасьць у інтэрнэце». Яго зьмясьцілі ў СІЗА, аднак з прычыны перанесенага перад гэтым інсульту Аляксей мусіў правесьці ў лякарні некалькі месяцаў, бо рэабілітацыя пасьля хваробы была праблемная і правы бок цела быў паралізаваны.

Вядома, што дзяржаўны абвінаваўца запрасіў для Ільінчыка 3 гады пазбаўленьня волі. Вырак суду — 2,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

За данаты затрымалі супрацоўніка ЕРАМ

Праваабаронцы «Вясны» атрымалі інфармацыю пра затрыманьне 28 сакавіка супрацоўніка EPAM Андрэя Баранава.

Вядома, што дома ў яго адбыўся ператрус. Папярэдне, Андрэю Баранаву інкрымінуюць арт. 290-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці), паводле гэтага артыкула яму пагражае ад 8 да 12 гадоў зьняволеньня.

Ператрусы ў Полацку

У супрацоўнікаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музэя-запаведніка прайшлі ператрусы; паводле папярэдніх зьвестак, затрымалі восем чалавек. Пра гэта паведаміла «Наша ніва» з спасылкай на ўласныя крыніцы.

Сярод затрыманых — былая дырэктарка ўстановы Тамара Джумантаева і кандыдат філязофскіх навук Ігар Бортнік.

Іх нібыта падазраюць у распаўсюдзе «экстрэмісцкай» інфармацыі.

Сілавікі затрымалі экс-памочніка пракурора Глускага раёну быццам бы за зьліў інфармацыі ў ЧКБ

У праўладным тэлеграм-канале зьявілася «пакаяннае» відэа з мужчынам, затрыманым за зьліў інфармацыі ў тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі». Паводле «Нашай нівы», гэта 43-гадовы былы памочнік пракурора Глускага раёну Канстанцін Прытуленка.

У відэа сілавікоў Прытуленка кажа, што адправіў у чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі» зьвесткі супрацоўніка пракуратуры Глускага раёну і лекара.

Па інфармацыі выданьня, у 2005 годзе Канстанцін Прытуленка быў сьледчым, а пасьля памочнікам пракурора раёну. Дзе Прытуленка працаваў да затрыманьня, невядома.

Пазьней СК паведаміў, што мужчыну прад'явілі абвінавачаньне па ч.6 арт.16 і ч.3 арт.130 Крымінальнага кодэксу (дапамога ў распальваньні варожасьці і варажнечы, учыненая групай асобаў).

Як удакладнілі ў СК, больш за 15 гадоў абвінавачаны працаваў у праваахоўных органах, а пасьля — юрысконсультам у адной з ЦРБ Магілёўскай вобласьці.

«Празь дзеяньні Паўла Севярынца» на царкоўныя службы ў шклоўскай калёніі пачалі прыходзіць міліцыянты

Пра гэта праваабаронцам расказаў адзін з былых вязьняў калёніі на ўмовах ананімнасьці.

«Вязьні неяк паскардзіліся адміністрацыі, што Павал Севярынец у царкве зьбірае гурткі палітзьняволеных на беларускай мове. Пасьля гэтага на царкоўныя службы пачалі прыходзіць супрацоўнікі міліцыі і сачыць. Ідзе служба, а ў іх рацыя гарлае, і яны жуюць семкі.
Севярынца не чапалі да лета 2022 году. Потым чулі, што і ў атрадзе, і ў ШЫЗА яму забаранілі ўсім кантактаваць зь ім. Але Павал заўсёды гаварыў па-беларуску», — расказаў былы зьняволены.

  • Палітыка Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 году.
  • 25 траўня 2021 году Магілёўскі абласны суд прысудзіў яму 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў».
  • 23 сакавіка 2022 году МУС уключыла Севярынца ў «пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG