Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне адрэагавалі на прапанову Лукашэнкі аб перамір’і ў вайне з Расеяй


Міхаіл Падаляк
Міхаіл Падаляк

У адказ на сёньняшнюю прапанову Аляксандра Лукашэнкі абʼявіць перамірʼе ў вайне Расеі супраць Украіны ў офісе Зяленскага паўтарылі, што Ўкраіна не пагодзіцца на спыненьне агню, пакуль Расея ня вызваліць усе захопленыя тэрыторыі.

«Яшчэ раз па пунктах. Любое спыненьне агню будзе азначаць права Расеі застацца на акупаваных тэрыторыях. Гэтага катэгарычна нельга дапусьціць. Украіна мае права перамяшчаць на сваёй тэрыторыі войскі і тэхніку так, як лічыць патрэбным. Дзіўныя „міратворцы“ выглядаюць камічна», — пракамэнтаваў прапанову Лукашэнкі ў Твітэры дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк.

31 сакавіка Аляксандар Лукашэнка выступіў з пасланьнем да беларускага народу, у якім, сярод іншага, выказаў прапанову аб перамірʼі ў вайне паміж Расеяй і Украінай:

«Паспрабую рызыкнуць прапанаваць спыніць баявыя дзеяньні. Абвясьціць перамірʼе бяз права перамяшчэньня груповак войскаў і перакіданьня зброі і тэхнікі. Усё, мёртва. Замерлі», — сказаў Лукашэнка.

Дапамога ўладаў Беларусі ў расейскай вайне супраць Украіны

  • Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». «Спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй» расейскае, а ўсьлед за ім і беларускае кіраўніцтва называе поўнамаштабную вайну супраць Украіны, якую Расея пачала 24 лютага 2022 году. Разам з тым Лукашэнка часам называе разьвязаны Расеяй канфлікт і вайной.
  • Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку Расеі, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
  • Таксама ёсьць сьведчаньні, што Беларусь дапамагае Расеі зброяй: танкі і іншую бранятэхніку разам з боепрыпасамі актыўна вывозяць у Расею, хоць Мінабароны Беларусі сьцьвярджае, што тэхніку вывозяць на мадэрнізацыю.
  • У верасьні 2022 году беларускія ўлады абвясьцілі, што ў краіне створаць сумесную з Расеяй групоўку войскаў з прычыны «неабходнасьці супрацьстаяць агрэсіўным намерам NATO і забясьпечваць абараназдольнасьць». Неўзабаве пасьля гэтага ў Беларусь пачалі прыбываць эшалёны з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай, пераважна тэнтаванымі «КамАЗамі» для перавозкі салдат. Паводле беларускага Мінабароны, групоўка ўключае ў сябе да 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, а таксама да 170 танкаў, да 200 браняваных машын, да 100 гармат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG