Улады КНР раніцай у нядзелю заявілі, што дыпляматычная стасункі з Гандурасам ужо ўстаноўленыя.
У заяве МЗС Гандурасу гаворыцца, што краіна лічыць Тайвань неадʼемнай часткай Кітаю, а ўлады КНР — адзіным легітымным урадам у Кітаі. Гэта неабходная фармулёўка для ўсталяваньня адносін з Пэкінам.
Да апошняга часу Гандурас быў адной зь нямногіх краін сьвету, якія прызнавалі Тайвань у якасьці Кітайскай Рэспублікі — легітымнага ўраду Кітаю — і, адпаведна, ня мелі дыпляматычных адносін з КНР. Адміністрацыя прэзыдэнта Сіямара Кастра, аднак, заявіла пра зьмену палітыкі. Кіраўнік МЗС Гандурасу на гэтым тыдні наведаў Пэкін, разрыў адносін з Тайванем быў чаканым.
Кіраўнік МЗС Тайваню Джозэф Ву заявіў, што Гандурас дзеля захаваньня стасункаў патрабаваў 2,5 мільярда долараў у якасьці эканамічнай дапамогі. Тайвань адмовіўся.
Пасьля разрыву з Гандурасам Тайвань, які па-ранейшаму афіцыйна называе сябе Кітайскай Рэспублікай, падтрымлівае афіцыйныя дыпляматычныя адносіны толькі з 13 краінамі. З многімі дзяржавамі, у тым ліку ЗША і краінамі Эўразьвязу, ён, аднак, падтрымлівае цесныя сувязі без фармальнага прызнаньня.
У апошнія гады ЗША ўсё часьцей заяўляюць пра сваю падтрымку Тайваню і пра тое, што КНР не павінна парушаць статус-кво. У найбліжэйшы час прэзыдэнтка Тайваня Цай Інвэнь павінна адправіцца ў паездку, падчас якой наведае Бэліз і Гватэмалу, якія захоўваюць дыпляматычныя адносіны з Тайбэем, а таксама наведае ЗША.