Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве ухвалілі законапраект, які можа ўскладніць прыём заявак ад беларусаў і расейцаў на візы, дазволы на жыхарства і грамадзянства


Сойм Літвы
Сойм Літвы

Законапраект прынялі ў першым чытаньні. Калі дэпутаты Сойма Літвы будуць галасаваць па дакумэнце ў другім чытаньні, не паведамляецца.

Сойм Літвы ў першым чытаньні прыняў законапраект аб увядзеньні абмежавальных захадаў у адказ на ваенную агрэсію Расtі ва Ўкраіне. За яго прагаласавалі 113 дэпутатаў, дзевяць устрымаліся, паведамляе агенцтва BNS.

Дакумэнт прадугледжвае прыпыненьне прыёму заяў ад грамадзян Расеі і Беларусі на атрыманьне грамадзянства Літвы і прыняцьце рашэньняў па такіх заявах, піша Delfi. Акрамя таго, грамадзянам гэтых дзьвюх краін больш ня будзе давацца часовы від на жыхарства ў Літве.

Што прадуглеждвае праект закону

  • Прыпыненне прыёму візавых заяў грамадзян Беларусі і Расеі ў літоўскіх візавых офісах за мяжой, за выключэньнем выпадкаў, калі Міністэрства замежных спраў Літвы выступае пасярэднікам пры падачы візавай заявы;
  • прыпыненьне прыёму заяў аб выдачы нацыянальнай візы грамадзянам Беларусі і Расеі праз зьнешняга пастаўшчыка паслуг за мяжой;
  • прыпыненьне прыёму заяў ад грамадзян Расеі і Беларусі аб наданьні статусу электроннага рэзыдэнта Літвы і прыпыненьне дзеяньня сапраўдных сэртыфікатаў электроннай ідэнтыфікацыі і кваліфікаваных сэртыфікатаў электроннага подпісу;
  • прыпыненьне прыёму заяў і рашэньняў аб літоўскім грамадзянстве грамадзянамі Расеі і Беларусі;
  • забесьпячэньне публічнага раскрыцьця зьвестак аб эканамічных адносінах з Беларусьсю і Расеяй у створаных у Літве юрыдычных асоб, якія належаць літоўскім палітыкам або зьвязаныя зь імі.
  • прыпыненьне прыёму заяў на атрыманьне дазволу на часовае пражываньне грамадзян Беларусі і Расеі ў Літве праз зьнешняга пастаўшчыка паслуг за мяжой (за выключэньнем іншаземцаў, у адносінах да якіх пасярэднікам выступае ўстанова, упаўнаважаная ўрадам Літвы) і ў Літве. Выключэньнем складуць уладальнікі шэнгенскай або нацыянальнай візы або дазволаў на пражываньне, выдадзеных Літвой ці іншай краінай ЭЗ.

Кіраўнік Freedom House у Літве пра магчымыя зьмены для беларусаў: «Законапраект замацоўвае мэханізмы, якія і так працавалі»

Палітоляг і кіраўнік Freedom House ў Літве Віціс Юрконіс лічыць, што новы законапраект, які можа ўскладніць для беларусаў атрыманьне візаў і дазволаў на жыхарства, патрабуе ўдакладненьняў.

На думку Віціса Юрконіса, законапраект замацоўвае тыя захады, якія і так існавалі. Для беларусаў, якія будуць атрымліваць візы ці дазвол на жыхарства з гуманітарных прычынаў, нічога ня зьменіцца.

«Наколькі напісана ў законапраекце, то ён нічога не мяняе з таго, што і так рабілася. У прынцыпе, мэханізмы, якія былі вызначаныя і ўжо працавалі на практыцы, цяпер прапісаныя на ўзроўні закону. Варта адзначыць, што законапраект мае адсылку на зьмену сытуацыі. Трэба разумець кантэкст вайны і саўдзелу беларускага рэжыму ў ім і пытаньні нацыянальнай бясьпекі. У такім кантэксьце і трэба бачыць гэты законапраект. Ён не мяняе таго, што і так існавала апошні год», — кажа Віціс Юрконіс.

Пры гэтым Юрконіс лічыць, што законапраект вымагае дадатковых тлумачэньняў.

«Хацелася б пачуць удакладненьні, як гэта будзе прымяняцца ў рэальнасьці. Аб візавай палітыцы зразумела: вылучаць тых, хто атрымлівае візы па праваабарончай лініі. Далей у законапраекце выключэньні не асабліва прапісаныя. Сярод беларусаў, якія прыехалі, вялікая доля рэлякантаў з ІТ-кампаній. Тут пытаньне, як гэта іх датычыцца. Трэба быць актыўнымі самім беларусам, дакладна весьці лінію, дзе візы трэба выдаваць і дзе іх выдаваць ня трэба», — лічыць Віціс Юрконіс.

Законапраект могуць ухваліць у другім чытаньні, тады ён будзе дзейнічаць год. Калі адбудзецца другое чытаньне, пакуль невядома.

Паводле зьвестак МУС Літвы, у 2021 годзе грамадзянства Літвы па натуралізацыі атрымалі 33 беларусы і 45 расйцаў, а ў 2022 годзе — 16 беларусаў і 29 расейцаў. У 2021 годзе літоўскае грамадзянства ў спрошчаным парадку атрымалі 34 беларусы і 34 расейца, а ў 2022 годзе — 6 беларусаў і 17 расейцаў.

Згодна з законапраектам, грамадзянам Расеі і кантраляваным імі кампаніям забараняецца набываць нерухомасьць у краіне. Выключэньне будзе для расейцаў, якія атрымалі часовы від на жыхарства ў Літве ў сувязі зь перасьледам на радзіме. Дэпутаты лічаць, што набыцьцё нерухомасьці расейцамі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве можа несьці небясьпеку для нацыянальнай бясьпекі Літвы.

Раней падтрыманая Камітэтам нацыянальнай бясьпекі і абароны Сойма Літвы прапанова забараніць грамадзянам Беларусі і Расеі набываць нерухомасьць у гэтай дзяржаве ў законапраекце ўлічаная часткова і датычыцца толькі расейцаў.

Акрамя таго, пры ўезьдзе ў Літву праз вонкавыя межы ЭЗ грамадзяне Расеі будуць правярацца ў індывідуальным парадку для ацэнкі іх патэнцыйнай пагрозы нацыянальнай бясьпецы краіны. Гэта ня будзе распаўсюджвацца на дыпляматаў, дысыдэнтаў, работнікаў транспартных кампаній, чальцаў сем’яў грамадзян ЭЗ і расецаў, якія маюць ВНЖ або доўгатэрміновую нацыянальную візу краін ЭЗ.

Меркаваны тэрмін дзеяньня прапісаных у праекце закона абмежаваньняў — з 15 красавіка 2023 года да 14 красавіка 2024-га.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG