Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашы абавязкі павялічыліся ў 2 разы», — начальнік мытнага кантролю Літвы расказаў пра сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю


Начальнік аддзелу арганізацыі мытнага кантролю Літвы Лайміс Жлабіс
Начальнік аддзелу арганізацыі мытнага кантролю Літвы Лайміс Жлабіс

Абстаноўка на мяжы зь Беларусьсю паступова стабілізуецца, расказаў Свабодзе начальнік аддзелу арганізацыі мытнага кантролю Літвы Лайміс Жлабіс.

Лайміс Жлабіс заявіў, што калі параўнаць зь мінулым тыднем, то сытуацыя на мяжы паляпшаецца, чэргі зьмяншаюцца, але ўсё яшчэ застаюцца.

«На гэта ёсьць прычыны: мы маем дадатковы трафік, які ідзе з польскага боку, — расказаў Лайміс Жлабіс. — Тры памежныя пераходы зь Беларусьсю закрытыя ў Польшчы, таму перавозчыкі выбіраюць Літву для выезду з тэрыторыі Эўразьвязу. Але на ўсіх пунктах праверкі ўсе супрацоўнікі занятыя. Мы робім гэта так хутка, як можам, але мы ня можам ахвяраваць якасьцю кантролю, асабліва калі гэта санкцыйныя тавары».

Паводле яго зьвестак, сёньня ў чарзе на літоўска-беларускай мяжы на ўезд у Беларусь стаіць сама менш чарга са 100 фур, а ў найдаўжэйшай чарзе — 350 грузавых машын.

«Гэта значыць, ім давядзецца чакаць дзень ці нават больш», — удакладніў Жлабіс.

Лайміс Жлабіс зазначыў, што трэба ўлічваць дадатковыя абставіны — гаворка ідзе ня толькі пра грузы, але і пра пасажырскія перавозкі.

«Што значыць пасажырскі паток? Гэта зьвязана таксама з афармленьнем tax-free чэкаў. Гэта дадатковае афармленьне. Цяпер нашы абавязкі павялічыліся ў 2 разы ў параўнаньні з сытуацыяй, якая была 2–3 месяцы таму.

Яшчэ трэба сказаць, што працэдура экспарту ў параўнаньні з працэдурай імпарту ў два разы карацейшая, чым у Беларусі. Нашы суседзі — беларуская мытня — ня здольныя прымаць той паток. Уся нэўтральная зона запоўненая машынамі, якія ня рухаюцца. Гэтая чарга наўпрост зьвязаная з галоўнай чаргой, у якой стаіць 400 машын. Мы ня можам абслугоўваць машыны, калі чарга ня рухаецца. І няма магчымасьці дадаваць яшчэ супрацоўнікаў на мытню, бо ў гэтым няма рацыі», — расказаў начальнік аддзелу арганізацыі мытнага кантролю Літвы.

Жлабіс адзначыў, што сытуацыя цяпер абсалютна адваротная, калі параўноўваць 2019 год і 2023.

«Ніколі не было чэргаў на баку „экспарту“, чэргі былі толькі на баку „імпарту“. Усё пачалося з увядзеньня санкцый, пачынаючы ад першага пакету і да апошняга. Працэдура праверкі падоўжылася ў сувязі з гэтым».

Пасьля ўвядзеньня новых санкцый Літва дэнансавала дамову аб прымежным супрацоўніцтве зь Беларусьсю.

«Я не магу прадказваць будучыню, аднак выглядае, што ў наступным годзе ці цягам двух бліжэйшых гадоў сытуацыя паміж Літвой і Беларусьсю на мяжы можа застацца ці такой, якая ёсьць, ці нават пагоршыцца. Калі латвійскія калегі закрыюць пункты памежнага кантролю, увесь паток пойдзе праз нашыя. Мы спрабуем рэгуляваць сытуацыю, і я лічу, што сытуацыя дастаткова рэгулюецца, бо чэргі не стаяць даўжэй, яны ўсё ж патроху зьмяншаюцца», — сказаў Лайміс Жлабіс.

Што пагаршае рух празь мяжу Літвы і Беларусі

На мяжы Беларусі і Літвы працуюць 8 памежных пераходаў. Пераход Беняконі — Стасілы (Stasylos), які прызначаны для грузавых чыгуначных перавозак, закрыты з 16 лютага з ініцыятывы Літвы.

На літоўска-беларускай мяжы цяпер працуюць наступныя пункты пропуску:

  • Відзы — Цьверач / Tverėčius (праезд даступны для легкавікоў і пустога грузавога транспарту, мяжу нельга перайсьці пешшу ці пераехаць на ровары).
  • Катлоўка — Лаварышкі / Lavoriškės (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Лоша — Шумск / Šumskas (праезд даступны толькі для легкавікоў, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Каменны Лог — Меднікі / Medininkai (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Беняконі — Салечнікі / Šalčininkai (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Прывалка — Райгардас / Raigardas (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Гудагай — Кяна / Kena (толькі для грузавых чыгуначных перавозак).

Да пандэміі ковіду ў Літву зь Беларусі можна было даехаць рэгулярнымі цягнікамі, дарога займала менш за 3 гадзіны. З 2020 году пасажырскіх чыгуначных зносін зь Літвой няма, такое рашэньне літоўскі бок прыняў пасьля пачатку пандэміі.

Увесну 2021 году на мяжы Беларусі і Літвы ўзьнік міграцыйны крызіс — Беларусь пускала праз сваю тэрыторыю мігрантаў з Сырыі, Іраку і некаторых афрыканскіх краін.

Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх памежнікаў зь мігрантамі. Падчас міграцыйнага крызісу на мяжы затрымлівалі па некалькі сотняў мігрантаў за дзень, агулам у Літву зь Беларусі не пусьцілі больш за 15 тысяч мігрантаў. Па стане на чэрвень мінулага году ў Літве заставаліся 2600 мігрантаў, якія прыйшлі з тэрыторыі Беларусі.

У верасьні 2022 году, калі пачалося ўжо расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, Літва заяўляла пра намер наогул закрыць мяжу зь Беларусьсю для турыстаў, аднак гэтага не адбылося.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG