Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн падпісаў закон аб апублікаваньні матэрыялаў, датычных паходжаньня COVID-19


Джо Байдэн
Джо Байдэн

Закон рассакрэчвае выведвальныя матэрыялы, зьвязаныя з тэорыяй аб лябараторным паходжаньні вірусу, які выклікаў глябальную пандэмію ў пачатку 2020 года.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн 20 сакавіка падпісаў закон, які патрабуе апублікаваньня выведвальных матэрыялаў аб патэнцыйнай сувязі паміж выбліскам пандэміі COVID-19 і біялябараторыяй у кітайскім горадзе Ўхань.

«Нам неабходна разабрацца ў паходжаньні COVID-19, у тым ліку магчымыя сувязі з Уханьскім інстытутам вірусалёгіі, — гаворыцца ў заяве Байдэна. — Пры рэалізацыі гэтага закону мая адміністрацыя рассакрэціць і прадставіць як мага больш гэтай інфармацыі».

«Я падзяляю мэту Кангрэсу — апублікаваць як мага больш інфармацыі аб паходжаньні COVID», — дадаў Байдэн.

Прэзыдэнт ЗША сказаў, што ў 2021 годзе, заступіўшы на пасаду, ён «даў указаньне выведвальнай супольнасьці выкарыстоўваць усе інструмэнты для расьсьледаваньня, якія ёсьць у яе распараджэньні».

Гэта праца «працягваецца», але будзе апублікавана максымальна магчымая колькасьць матэрыялаў, не наносячы «шкоды нацыянальнай бясьпецы», сказаў ён.

Законапраект нясе палітычныя рызыкі для Байдэна ў сувязі з напружанасьцю ў адносінах з кітайскім лідэрам Сі Цзіньпінам. Пэкін катэгарычна абвяргае магчымасьць таго, што выцек падчас дасьледаваньняў ва ўханьскай лябараторыі магла справакаваць глябальную пандэмію.

Аднак большасьць кангрэсмэнаў жадае працягнуць распрацоўку гэтай тэорыі, і гэтае пытаньне стала аб’яднаўчым фактарам, у прыватнасьці для супернікаў Байдэна, рэспубліканцаў. Кангрэс прыняў і адправіў законапраект Байдэну ў сакавіку.

Успышка COVID-19 пачалася ў 2019 годзе ва ўсходнекітайскім горадзе Ўхань. Па афіцыйных дадзеных, да цяперашняга моманту ва ўсім сьвеце загінула амаль 7 мільёнаў чалавек, зь іх больш за мільён — у ЗША.

Аднак кіраўніцтва органаў аховы здароўя і амэрыканская выведвальная супольнасьць па-ранейшаму разыходзяцца ў меркаваньнях адносна таго, ці перадаўся вірус выпадковым чынам ад заражанай жывёлы ці пратачыўся падчас дасьледаваньняў, праведзеных ва Ўханьскім інстытуце вірусалёгіі.

Міністэрства энэргетыкі ЗША — адно з фэдэральных ведамстваў, якія расьсьледавалі катастрофу, — зь «нізкай ступеньню дакладнасьці» прыйшло да высновы, што вірус, верагодна, зьявіўся ў лябараторыі, пагадзіўшыся з ацэнкай ФБР, але супярэчачы высновам некалькіх іншых агенцтваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG