Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Мартаў спрабаваў прадухіліць катастрофу ў іншых шпіталях. 2-я частка 3-га сэзону падкасту «На вайне з COVID-19»


Каляж
Каляж

Два гады таму, 7 і 8 студзеня 2021 году, у рэанімацыі Віцебскага шпіталя хуткай дапамогі тройчы на працяглы час спынялася падача кіслароду. Усе пацыенты хірургічнага корпусу, залежныя ад кіслароду, памерлі за некалькі дзён. Чаму гэта адбылося і ці можна было перадухіліць катастрофу?

Чаму папраўдзе звольнілі Мартава? Гэтаму прысьвечаны 3-і сэзон падкасту «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19».

У гэтым выпуску вы пачуеце:

  • Мартаў дае мэдычным начальнікам апошні шанец.
  • Шчыры ліст кіраўніку Віцебскага абласнога ўпраўленьня аховы здароўя Вішнявецкаму.
  • Гісторыя «забойства» першай гарадзкой лякарні.
  • Мартаў спрабуе прадухіліць катастрофу з падачай кіслароду ў іншых шпіталях.
  • Праца ў паралельнай рэальнасьці.

«Мне хто толькі не гаворыць, што я павінен маўчаць. Кожны мой выступ выклікае такія хвалі, што я ня ведаю, куды бегчы. Сапраўды: пачуйце праблемы! Аднавіце зваротную сувязь зь лекарамі-практыкамі! Як высьветлілася, мне трэба было раней пачаць гаварыць пра непадрыхтаванасьць да другой хвалі! Мне трэба было не маўчаць у „ЖЖ“. Мне трэба было не 12 лістапада падняць пытаньне аб заганах падрыхтоўкі да другой хвалі, а шмат раней. Тады і кіслародную станцыю раней сталі б правяраць, і іншае што рабіць раней! І шмат бы цудоўных людзей, якія маглі б выжыць, выжылі б! Я думаю, няма нічога важнейшага сёньня ў Беларусі, чым праверка стану сыстэм падачы кіслароду, з разьлікам рэальных магчымасьцяў стацыянараў у правядзеньні кіслародатэрапіі».

Што трэба ведаць пра падкаст доктара Мартава

Хто такі Ўладзімер Мартаў

Доктар-рэаніматоляг Уладзімер Мартаў шмат гадоў быў загадчыкам аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай лякарні хуткай дапамогі. Адным зь першых у Беларусі ён адкрыта расказаў пра рэальную сытуацыю з каранавірусам. Вясной 2021 году з доктарам не працягнулі кантракту, бо ён адкрыта гаварыў аб праблемах у мэдыцыне і ў краіне.

У лютым 2022 году Мартава арыштавалі на 7 дзён за бел-чырвона-белы сьцяжок на аватарцы ў Facebook. Празь некалькі месяцаў доктар быў вымушаны часова выехаць зь Беларусі.

Пра што падкаст «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19»

Першы сэзон падкасту «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19» быў прысьвечаны пачатку пандэміі каранавірусу ў сакавіку 2020 году. Што адбывалася ў рэанімацыі віцебскага шпіталя, як паміралі пацыенты і мэдыкі, як фальшавалі каранавірусную статыстыку — у сямі частках першага сэзону.

Другі сэзон падкасту прысьвечаны другой хвалі каранавірусу ў Беларусі, якая супала зь мірнай рэвалюцыяй пасьля фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і брутальных рэпрэсіяў уладаў. Мэдыкі Беларусі сталі значнай і заўважнай часткай мірнага пратэсту. Драматычная падзеі жніўня-сьнежня 2020-га — у сямі частках другога сэзону.

Трэці сэзон падкасту прысьвечаны трагічным падзеям у Віцебскім шпіталі хуткай дапамогі ў студзені 2021 году, якія правялі да сьмерці хворых на каранавірус пацыентаў. Што адбылося насамрэч? Чаму звольнілі загадчыка аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Ўладзімера Мартава? Пра сапраўдныя прычыны катастрофы расказвае сам доктар у чатырох частках трэцяга сэзону.

Як слухаць падкаст доктара Мартава

Наш падкаст дасяжны на ўсіх папулярных падкаст-плятформах і ня толькі. Для зручнасьці мы сабралі для вас наўпроставыя спасылкі. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Што такое падкаст?

Падкаст — гэта аўдыёпраграма, якую можна спампаваць і слухаць у інтэрнэце. Як і радыёперадачы, падкасты часта дзеляцца на цыклі, сэзоны, асобныя часткі і могуць быць прысьвечаныя канкрэтнай тэме. Але гэта нашмат зручней за радыё, бо вы можаце слухаць іх у любы час і на любой зручнай для вас прыладзе і лічбавай плятформе.

Каб карыстацца мабільнымі падкаст-сэрвісамі, неабходна ўсталяваць іх на ваш смартфон. Калі вы падпісаліся на наш падкаст, аплікацыя сама паведаміць аб зьяўленьні новага выпуску.

Усе падкасты Свабоды тут

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG