Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу супраць пракурора Міжнароднага крымінальнага суда Карыма Ахмад Хана, а таксама супраць судзьдзяў Тамока Аканэ, Разарыё Сальваторэ Айталі, Сэрхіё Херарда, Угальдэ Гадынэса. Раней яны выдалі ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай управах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай.
Паводле пазыцыі СК Расеі, крымінальны перасьлед Пуціна і Львовай-Бяловай нібыта «носіць загадзя незаконны характар, бо падстаў для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці няма».
Карым Ахмад Хан, паведамляецца ў прэс-рэлізе расейскага ведамства, прыцягнуў да крымінальнай адказнасьці заведама невінаватага і незаконна абвінаваціў асобу ў зьдзяйсненьні цяжкага або асабліва цяжкага злачынства. Судзьдзяў Сьледчы камітэт абвінаваціў у нібыта «заведама незаконным узяцьці пад варту».
У СК заявілі, што кіраўнікі дзяржаў карыстаюцца «абсалютным імунітэтам ад юрысдыкцыі замежных дзяржаў».
Пры гэтым у Маскве праігнаравалі, што Міжнародны крымінальны суд не прызнае імунітэт кіраўнікоў дзяржаў, калі размова ідзе аб расьследаваньні ваенных злачынстваў і перасьледзе за іх.
- Міжнародны крымінальны суд падазрае Пуціна і Львову-Бялову ва ўчыненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўных дэпартацыях і перамяшчэньні насельніцтва, у прыватнасьці дзяцей, з занятых тэрыторый Украіны. Міжнароднае права можа расцэньваць гэта як генацыд. МУС адзначае, што існуюць разумныя падставы лічыць, што Пуцін нясе асабістую адказнасьць за меркаваныя злачынствы.
- Расея не прызнае юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду і не ўдзельнічае ў яго працы.
- Масква не зьяўляецца ўдзельніцай Рымскага статуту, які вызначае дзеяньні суду, з 2016 года.
- Пуціна могуць арыштаваць у 123 краінах, якія прызнаюць Міжнародны крымінальны суд.