Паведамляецца, што ён сустрэнецца з клірыкамі, адноўленымі ў сане і прынятымі пад царкоўнае кіраўніцтва Сусьветнага патрыярхату, а таксама зь дзяржаўнымі ўладамі, кіраўніцтвам Рымска-каталіцкай царквы, а таксама з праваслаўнымі вернікамі, якія выйшлі з падпарадкаваньня Маскоўскаму патрыярхату.
Шэраг праваслаўных вернікаў і грамадаў Літвы зьвярнуліся ў Сусьветны патрыярхат пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну з просьбай стварыць у Літве структуры Сусьветнага патрыярхату, бо зь меркаваньняў сумленьня для іх немагчыма далей знаходзіцца ў падпарадкаваньні Маскоўскаму патрыярхату, які падтрымаў агрэсію.
Праваслаўная царква — адна зь дзевяці традыцыйных рэлігійных супольнасьцяў у Літве. Яна адносіцца да Маскоўскага патрыярхату. На чале яе стаіць мітрапаліт Віленскі і Літоўскі Інакенцій. 17 сакавіка ён выпусьціў зварот, у якім рашуча асудзіў вайну ва Ўкраіне. Аднак празь месяц Інакенцій адхіліў ад пасады сьвятароў, якія адкрыта асудзілі вайну Расеі супраць Украіны, а пазьней абвінаваціў іх у расколе з мэтай «пераходу ў юрысдыкцыю Канстантынопальскага патрыярхату». Падставай для гэтага стаў учынак віленскіх сьвятароў Гінтараса Сунгайлы і Віталіса Даўпараса, якія адмовіліся памінаць на службе маскоўскага патрыярха Кірыла, бо той падтрымлівае вайну ва Ўкраіне.