Пасьля інцыдэнту ў Мачулішчах міліцыя і КДБ распачалі новую хвалю рэпрэсій. Пад вобшукі і затрыманьні трапілі сотні беларусаў. Сілавікі масава праводзяць «гутаркі» з усімі, каго падазраюць у неляяльнасьці.
Затрыманьне ўкраінца Мікалая Швяца адбылося ў доме ў садовым таварыстве пад Менскам. Выданьне «Зеркало» пісала, што міліцыянты прыходзілі з гутаркамі да людзей, якія маюць лецішчы ў садовых таварыствах, у тым ліку пад Берасьцем.
Міліцыя «наведала» ўласьнікаў зброі, аматараў страйкболу, ролевых гульняў і гістарычных рэканструкцый. Адпаведныя ролікі зьявіліся ў тэлеграм-каналах, зьвязаных зь сілавікамі. На адным з відэа ўзброеныя людзі ў бронекамізэльках урываюцца ў кватэру беларуса, кладуць яго тварам у падлогу і пытаюцца пра зброю, якая захоўваецца ў сэйфе.
Таксама праўладныя тэлеграм-каналы далі справаздачу аб затрыманьні ў Салігорску дваіх аматараў страйкболу. «Замышлялі нешта супрацьпраўнае, мелі замежныя сувязі», — патлумачылі затрыманьне сілавікі.
Свабодзе стала вядома, што пад пільную ўвагу сілавікоў трапілі і ўдзельнікі грамадзкіх арганізацый, якія займаюцца пошукам і ўшанаваньнем памяці чырвонаармейцаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
«Прыходзілі да знаёмага, ён займаецца пошукам загінуўшых чырвонаармейцаў. Правялі ператрус і забралі яго ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Прычын вобшуку і затрыманьня блізкім не паведамілі. Цяпер ён у ІЧУ», — паведаміла крыніца Свабоды.
Некалькі дзён таму ў тэлеграм-каналах, зьвязаных зь сілавікамі, зьявілася відэа пра «адпрацоўку» ў Гомлі 30 чалавек. Іх праверылі «на прадмет садзейнічаньня экстрэмісцкім фармаваньням» і «выявілі сувязі з замежнымі ўдзельнікамі экстрэмісцкіх фармаваньняў». Дваццаць чалавек прыцягнулі да адказнасьці.
Свабодзе вядома, што абсалютную большасьць затрыманых асудзілі на 15 дзён арышту. У дачыненьні некаторых вырашаецца пытаньне пра крымінальную справу.
Некаторых затрыманых адпусьцілі адразу пасьля запісу «пакаяннага» відэа. «Іх затрымлівалі ў асноўным за камэнтары ў сацыяльных сетках у 2020 годзе ці калі знаходзілі падпіскі на „экстрэмісцкія“ рэсурсы. Адну з затрыманых сілавікі самі падпісалі на „дэструктыўныя“ каналы», — паведаміла крыніца Свабоды.
14 сакавіка стала вядома пра масавыя затрыманьні псыхолягаў і псыхатэрапэўтаў у Беларусі. Ёсьць інфармацыя, што затрымалі ня менш за 20 спэцыялістаў.
Як стала вядома Свабодзе, яшчэ на пачатку лютага ў Менску прайшлі затрыманьні супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацый. Крыніца паведаміла, што яны могуць быць зьвязаныя з падзеямі 2020 году. На некаторых затрыманых ратавальнікаў завялі крымінальныя справы паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу «арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
«Лукашэнка баіцца за сваю бясьпеку»
Праваабаронца «Вясны» Алена Масьлюкова лічыць, што пад чарговую «зачыстку» трапілі людзі з розных сацыяльных груп і катэгорый, ня толькі ўласьнікі зброі, страйкбалісты ці псыхолягі. «Ня варта шукаць лёгікі ў дзеяньнях тых, хто ня ведае, што такое лёгіка. Як казаў мой калега, не шукайце лёгіку там, дзе яе не палажылі», — кажа праваабаронца.
Яна мяркуе, што масавыя затрыманьні — адказ уладаў на інцыдэнт у Мачулішчах.
«Узбудзіліся ўсе сілавыя структуры. І ўзбудзіў іх Лукашэнка, які баіцца за сваю бясьпеку пасьля інцыдэнту на вайсковым аэрадроме. Таму цяпер бяруць усіх, хто выклікае хоць маленькае падазрэньне ў неляяльнасьці гэтай „уладзе“. Прыходзяць да людзей з АМАПу, ГУБАЗіКу, КДБ. Быццам бы з розных прычынаў, пра рознае гавораць, а мэта адна — „бойцеся нас і дрыжыце ад страху“. Такім чынам адбываецца спроба перанесьці сваю няўпэўненасьць і свой страх на плечы беларускага народу. Пры гэтым варта адзначыць, што праз гэтыя зачысткі адбываецца грубае парушэньне правоў чалавека, беларускага заканадаўства і дэкляраваных канстытуцыйных нормаў», — дадала Алена Масьлюкова.
Яна лічыць, што сілавікі будуць і далей рабіць зь Беларусі «выпаленую зямлю».
«Гэта памылковая тактыка. У беларусаў стагодзьдзямі выпрацоўваўся інстынкт самазахаваньня. Яны ня пойдуць з адкрытым забралам на ўладу, але стваралі і будуць ствараць гэтай уладзе пастаянныя „непрыемнасьці“ спадцішка. І чым болей улада будзе рэпрэсаваць народ, тым больш народ будзе ненавідзець гэтую ўладу і супраціўляцца ёй. І ў гэтым супрацьстаяньні перамогуць беларусы», — кажа праваабаронца.