«ДНР»
Часова акупаваная тэрыторыя Данецкай вобласьці Ўкраіны на сайце сваіх «органаў улады» публікуе статыстыку па гандлі. Напрыклад, у першым паўгодзьдзі 2021 году ў статыстыцы агульнага імпарту Беларусь сярод гандлёвых партнэраў называлася на трэцім месцы пасьля Расеі і «ЛНР». Доля імпарту зь Беларусі — 3,8%. Пры гэтым яшчэ ў 2018 годзе мясцовыя журналісты на акупаваных тэрыторыях ацэньвалі адсотак беларускіх тавараў на паліцах мясцовых крамаў у 25%.З гэтай тэрыторыяй Беларусь гандлюе з 2016 году. Згодна з журналісцкім расьсьледаваньнем ад 2017 году, Беларусь пастаўляла ў «ДНР» гарэлку, піва, малочную прадукцыю, трыкатаж.
Для гэтага выкарыстоўваліся схемы, якія не асьвятляліся ў статыстыцы, бо пастаўкі былі не прамыя. Напрыклад, беларускі прыватны завод «Слаўпрадукт» у 2016 годзе рэзка павялічыў свой экспарт, бо пачаў разьліваць гарэлку прэміюм-клясы Belsweet. Рабілася гэта на заказ данецкай кампаніі «Белсвит», буйнога імпартэра беларускай алькагольнай прадукцыі ў «ДНР». Схема працы наступная — «Белсвит» наймае беларускага перавозчыка, які вязе прадукцыю праз Расею ў акупаваны Данецк.Пастаўляў прадукцыю ў непрызнаную «ДНР» і буйны беларускі бровар «Крыніца», пад гэта рабілася адмысловая марка піва «Юзбир». Рэалізацыяй беларускага піва на акупаваных тэрыторыях займалася фірма «Мастер-торг». Аднак піва з «Крыніцы» пастаўлялася не наўпрост, а праз канадзкую фірму-пракладку.
Яшчэ адна схема паставак на акупаваныя тэрыторыі — праз зарэгістраваную ў Ганконгу фірму Huge Sky LTD. Так дзейнічаў «Мазырскі сьпіртагарэлачны завод».
Апроч прадуктаў харчаваньня і алькаголю, Беларусь пастаўляе ў «ДНР» таксама і сельскагаспадарчую тэхніку. Напрыклад, у ліпені 2022 году ў акупаваную Данецкую вобласьць Украіны перадалі партыю сельскагаспадарчай тэхнікі ў лізінг. Лізінгадаўцам выступала «Рэспубліканская лізінгавая кампанія».А ў траўні 2022 году беларускі завод МТЗ заключыў кантракты з самаабвешчанымі «ДНР» і «ЛНР» на пастаўку трактароў. Пра гэта паведамляла «Беларускае аб’яднаньне рабочых».
Калі да пачатку вайны гандаль з «ДНР» беларускія чыноўнікі хавалі, то цяпер гэта робіцца больш адкрыта. У 2022 годзе беларускія прапагандысты Азаронак, Гладкая і Лебедзева наведалі акупаваны Марыюпаль. Там яны сустрэліся з прадстаўніком самаабвешчанай «ДНР» Дзянісам Пушыліным. Вось што ён казаў наконт гандлю зь Беларусьсю:
«Тут мы зацікаўленыя ў тэхналёгіях і магчымасьцях, якія ёсьць у Рэспубліцы Беларусь. Калі гаварыць пра пастаўкі ўгнаеньняў, таксама нам цікава. Калі гаварыць пра мэталюргію, пра вугальную прадукцыю — тут таксама ёсьць пэўныя пункты судакрананьня. Таксама нам цікавая тэхніка, у тым ліку „МАЗы“, трактары, экскаватары», — растлумачыў кіраўнік так званай «ДНР».
«ЛНР»
Афіцыйнай статыстыкі пра гандаль зь Беларусьсю мясцовыя органы акупаванай тэрыторыі Луганскай вобласьці не публікуюць. Вядома, што схемы паставак гарэлкі, піва, малочнай прадукцыі ды іншых тавараў зь Беларусі для «ЛНР» прымяняліся такія ж, як і для «ДНР».У 2020 годзе стала вядома, што менскае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Сьвет піва» дапамагала кіеўскай кампаніі пастаўляць украінскую прадукцыю на непадкантрольную Ўкраіне тэрыторыю Луганскай і Данецкай абласьцей.
Як сьцьвярджаецца ў судовым выраку дырэктару дэпартамэнту камэрцыйнай і замежнаэканамічнай дзейнасьці ўкраінскай ТАА «Снек Експорт», прадукцыя (чыпсы, семкі, арэхі, піва) пастаўлялася ў Беларусь паводле кантракту з кампаніяй «Сьвет піва», каб «ачысьціць» украінскае паходжаньне.Паводле матэрыялаў справы, беларуская кампанія, атрымаўшы прадукцыю з Кіева ці Дніпра, ужо на тэрыторыі Беларусі праводзіла сэртыфікацыю і мытнае афармленьне. Пасьля гэтага прадукцыя ішла ў Расею, а адтуль — на акупаваны Данбас празь зьліквідаваныя Ўкраінай мытныя пасты ў Луганскай вобласьці.
Два беларускія прадпрыемствы — «Сьвет піва» (Менск) і Мазырскі сьпіртагарэлачны завод — трапілі пад украінскія санкцыі за гандаль з акупаванымі тэрыторыямі ў 2019 годзе. У жніўні 2022 году прадстаўнікі так званага МЗС «ЛНР» заявілі, што чакаюць ад афіцыйнага Менску канкрэтных прапаноў па супрацоўніцтве.Крым
З акупаваным Расеяй Крымам Беларусь гандлюе яшчэ больш, чым зь іншымі акупаванымі тэрыторыямі Ўкраіны. Паводле статыстыкі за студзень–сакавік 2021 году, 36,1% экспарту з Крыму прыпадала на Беларусь. У 2020 годзе Беларусь займала другую пазыцыю ў ліку асноўных гандлёвых партнэраў акупаванага Крыму.У акупаваным Крыме на паліцах крамаў можна знайсьці беларускія малочныя вырабы, напоі, трыкатажную прадукцыю. У Крыме Беларусь закупляе касмэтыку, віно, каньячныя напоі.
З акупаваным Крымам заключылі афіцыйныя пагадненьні аб супрацоўніцтве Віцебская вобласьць і Менск. Пра гэта на пачатку сакавіка казаў «паўнамоцны прадстаўнік» Крыму ў Беларусі Андрэй Лапацкі.«Цяпер мы з Крымам супрацоўнічаем у двух напрамках, гэта Віцебская вобласьць, якая 7 сакавіка заключыла ўсёабдымнае пагадненьне з рэспублікай Крым аб супрацоўніцтве, і пастаўлена задача апаратам дзьвюх адміністрацый стварыць плян супрацоўніцтва, які б уключаў ня толькі Віцебскую вобласьць, але і ўсю Беларусь», ― казаў тады Лапацкі.
А ў верасьні падобнае пагадненьне было заключанае паміж Менскам і Севастопалем.
У лютым гэтага году стала вядома, што акупаваны Расеяй Крым абыходзіць эўрапейскія санкцыі і пастаўляе свае прадукты ў Эўропу, у тым ліку, праз тэрыторыю Беларусі.Ва Ўкраіне арыштавалі актывы і маёмасьць больш як 20 кампаній, якія былі ўключаныя ў ланцужок паставак сельскагаспадарчай прадукцыі з акупаванага Расеяй Крыму ў Эўразьвяз у абыход эўрапейскіх санкцый.
Большасьць гэтых кампаній зьвязаныя з жыхаром Крыму Ўладзімірам Вылягжанінам або непасрэдна яму належаць. Пасьля захопу Расеяй Крыму ён перарэгістраваў свой фэрмэрскі бізнэс паводле расейскіх законаў, а ягоны сын пераехаў на мацерыковую Ўкраіну і стварыў шэраг сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у Чарнігаўскай і Чаркаскай абласьцях.
У ДБР (дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны) таксама назвалі польскія кампаніі, якія грузавым аўтамабільным транспартам вывозілі прадукцыю з акупаванага паўвострава ў Польшчу праз мацерыковую частку Расеі і потым праз тэрыторыю Беларусі — «Veles Agro» Sp. z o.o і «PTS» SP. z o.o. Уласьнік гэтых прадпрыемстваў, паводле сьледзтва, — той жа Ўладзімір Вылягжанін.
Беларускія ўлады афіцыйна не прызнавалі ні акупаваныя «ДНР» і «ЛНР», ні акупаваны Крым ні самастойнымі адзінкамі, ні часткамі Расеі, хоць Лукашэнка ня раз выказваўся наконт гэтага.