Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парушыць канфідэнцыйнасьць кліента можна па званку міліцыянта. Псыхоляг пра новую рэдакцыю закону «Аб аказаньні псыхалягічнай дапамогі»


19 жніўня 2020 году. Ілюстрацыйнае фота
19 жніўня 2020 году. Ілюстрацыйнае фота

Што можа стаяць за затрыманьнямі псыхолягаў і псыхатэрапэўтаў у Беларусі? Як зьмяніла працу псыхолягаў новая рэдакцыя закону «Аб аказаньні псыхалягічнай дапамогі», якая набыла моц сёлета ў студзені? Размаўляем з псыхолягам Натальляй Скібкай.

Глядзець размову цалкам на відэа ад 17 хвіліны.

Тут фрагмэнты размовы.

— Падсумую, што вядома пра затрыманьні псыхолягаў і псыхатэрапэўтаў у Менску і абласных цэнтрах на момант нашага эфіру. Паводле ініцыятывы «Белыя халаты», затрымана сама меней 20 спэцыялістаў. Падчас допытаў ад псыхолягаў і псыхіятраў патрабуюць парушыць закон аб мэдычнай таямніцы і дакладаць пра «нядобранадзейных» пацыентаў, якія прыходзілі да іх на прыём. Што вам вядома з вашых крыніц у Беларусі пра прычыны і маштабы затрыманьняў?

Натальля Скібская
Натальля Скібская

— Сытуацыя вельмі складаная. Думкі ў нашай супольнасьці падзяліліся, і мы вырашылі, што неабходна выступіць з заявай ад спэцыялістаў, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі і ў бясьпецы. Мы вырашылі не камэнтаваць затрыманьні псыхолягаў, псыхатэрапэўтаў і псыхіятраў фактычна і просім іншых калегаў устрымацца ад камэнтароў па індывідуальных кейсах. Мы ня ведаем, якая дакладная сытуацыя, і мы не жадалі б пладзіць чуткі і пашыраць параною ў грамадзтве. Гэта проста затрыманьні людзей. Як затрымлівалі раней дактароў, журналістаў.

— Наколькі гэтая хваля затрыманьняў можа быць зьвязаная з актуальнымі падзеямі, напрыклад, дывэрсіяй у Мачулішчах? Ці гэта проста чарговая хваля арыштаў паводле прафэсіі, як былі арышты артапэдаў, была справа фармацэўтаў, былі рэпрэсіі ў дачыненьні да прыватных мэдцэнтраў?..

— Калі гаварыць пра тое, што цяпер адбываецца, разглядаць гэтую новую хвалю затрыманьняў, то можна сказаць, што параноя ва ўладзе павялічваецца. І гэта заўсёды так адбываецца, калі хтосьці бярэ больш, чым ён можа вынесьці. Больш улады, больш трывогі і больш рэпрэсій. Гэта заганнае кола, гэта так працуе, калі ты ня можаш дацягнуцца да таго, што табе трэба кантраляваць. І гэта вядзе да таго, што пачынаюцца такія дзеяньні. Гэта ня першы і не апошні раз адбываецца ў чалавечым грамадзтве.

Мы нічога ня ведаем пра колькасьць затрыманых і пра абставіны. Псыхоляг дапамагае чалавеку, які да яго зьвяртаецца. Ёсьць псыхолягі, якія дапамагаюць людзям, якія на тым баку. Людзі прыходзяць да псыхоляга звычайна ў выніку гвалту і траўмаў, зьвязаных з гвалтам. Таму мы —прафэсія, якая дапамагае. Мы лекуем душы, псыхіку, псыхіку асобнага чалавека і грамадзтва ўвогуле. Дапамагаем тым, хто да нас зьвяртаецца, з кім мы гатовыя працаваць.

— Якім чынам цяпер заканадаўча рэглямэнтуецца мэдычная таямніца?

— На жаль, з гэтага году ўведзенае новае палажэньне, якое тычыцца канфідэнцыйнасьці. Мне вельмі цяжка пра гэта гаварыць, бо я разумею, што гэта будзе ўплываць. Калі хтосьці ня ведаў пра гэта, то зараз яны будуць ведаць. Напэўна, лепей, каб людзі ведалі, што адбываецца, калі прыходзіць кліент да псыхатэрапэўта ці псыхоляга і паведамляе нейкія зьвесткі...

Мы ўвогуле лічым, што ўсё, што нам кажа кліент, гэта таямніца, і канфідэнцыйнасьць яго абараняе. А цяпер паводле новаўвядзеньня ў закон канфідэнцыйнасьць павінна быць парушаная псыхолягам, псыхатэрапэўтам, псыхіятрам на запыт супрацоўнікаў розных органаў.

Закон (зьмены ў яго. — РС) дзейнічае з 6 студзеня 2023 году. Прыняты ён быў летам 2020 году. Раней канфідэнцыйнасьць магла быць парушаная на пісьмовы запыт органа, які вядзе крымінальную справу. Так было заўсёды. Калі чалавек знаходзіцца ў такім стане, што ён пагражае самому сабе ці іншым, калі ён плянуе забойства ці самагубства, ці яго стан такі, што ён можа ў выніку такое зрабіць, то псыхоляг, псыхатэрапэўт павінен быў пра гэта казаць ці родным, ці паведаміць у міліцыю, напрыклад. Гэта ёсьць ва ўсіх законах аб псыхатэрапэўтычнай дапамозе ўсіх краінаў сьвету. Так было, ёсьць і будзе.

І раней таямніцу можна было парушыць, калі быў запыт пэўнага органа па крымінальнай справе. Цяпер псыхоляг павінен парушыць таямніцу паводле запыту прадстаўніка сілавога органа. Гэта азначае, што хтосьці можа патэлефанаваць псыхолягу ці прыйсьці з «ксівай» і сказаць, што хоча ад вас атрымаць зьвесткі пра такога і такога чалавека. Гэта жах. Гэта вельмі дрэнна паўплывае на псыхатэрапэўтычныя адносіны.

— Ці можна псыхатэрапэўтычнымі мэтадамі спыніць гвалт хаця б у нейкай ступені, калі праводзіць тэрапію з тымі, каму загадваюць гвалтаваць, з тымі, хто дае такі загады?

— Канечне. Я веру, што мы будзем гэтым займацца ў новай Беларусі. Я веру, я спадзяюся, што гэта будзе як найхутчэй. Праца з гвалтаўнікамі і, канечне, з ахвярамі, — гэта тое, што спатрэбіцца, і тое, што трэба было б рабіць зараз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG