Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыі банкаў у сьвеце ўпалі з прычыны краху амэрыканскага Silicon Valley Bank — гэта найбуйнейшы банкаўскі крах з 2008 году


Акцыі банкаў у розных краінах сьвету ўпалі ў панядзелак, нягледзячы на запэўніваньні прэзыдэнта ЗША, што фінансавая сыстэма Злучаных Штатаў у бясьпецы.

Пра гэта паведамляе ВВС.

Падзеньне курсаў акцыяў банкаў адбылося пасьля таго, як амэрыканскія ўлады мусілі ўмяшацца, каб абараніць дэпазыты кліентаў двух банкаў — Silicon Valley Bank (SVB) і Signature Bank.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн паабяцаў зрабіць усё неабходнае для абароны банкаўскай сыстэмы.

Але інвэстары асьцерагаюцца, што іншыя крэдыторы ўсё яшчэ могуць пацярпець ад наступстваў, а гэта справакуе рэзкае падзеньне цэнаў на акцыі ва ўсім сьвеце.

У панядзелак цэны на акцыі гішпанскага Santander і нямецкага Commerzbank у нейкі момант абваліліся больш як на 10%.

Крах Silicon Valley Bank

Амэрыканскі Silicon Valley Bank, які спэцыялізаваўся на крэдытаваньні і абслугоўваньні тэхналягічных кампаній, пацярпеў крах. Хоць гэты банк не ўваходзіць у лік найбуйнейшых фінансавых установаў ЗША, гэта самая маштабная праблема ў амэрыканскім банкаўскім сэктары з 2008 году, калі здарыўся сусьветны крызіс.

Урад ЗША гарантаваў бясьпеку сродкаў амэрыканскіх укладчыкаў Silicon Valley Bank, а банк HSBC выкупіў брытанскі бізнэс гэтага банку, забясьпечыўшы такім чынам яго стабільнасьць.

«Амэрыканцы могуць быць упэўненыя, што наша банкаўская сыстэма бясьпечная. Вашы дэпазыты захаваныя. Хачу вас запэўніць, што на гэтым мы ня спынімся. Мы зробім усё, што спатрэбіцца», — заявіў у сувязі з крахам банку прэзыдэнт ЗША Байдэн.

Амэрыканскі фінансавы рэгулятар закрыў Silicon Valley Bank і канфіскаваў яго актывы ў пятніцу. Гэта адбылося пасьля таго, як банк ня змог знайсьці 2,2 мільярда даляраў для пакрыцьця страт ад продажу актываў.

9 сакавіка акцыі банку ўпалі больш як на 60%, адначасова кліенты пачалі масава забіраць з Silicon Valley Bank свае дэпазыты.

Ці чакаць сусьветнага крызісу ў 2023 годзе?

Silicon Valley Bank быў адным з асноўных банкаў амэрыканскага і брытанскага тэхналягічнага сэктару. Па дадзеных крыніц ВВС, яго крах можа закрануць ад 30% да 40% брытанскіх стартапаў, дзе працуюць да 50 тысяч чалавек.

У ЗША Silicon Valley Bank абслугоўваў амаль палову амэрыканскіх вэнчурных тэхналягічных і мэдычных кампаній, якія ў мінулым годзе каціраваліся на фондавых рынках.

Як піша бізнэс-карэспандэнт ВВС Сайман Джэк, крах Silicon Valley Bank нельга параўноўваць з падзеямі 2008 году, калі абрынуліся многія найбуйнейшыя банкі, такія як Lehman Brothers.

Аднак гэты крах кажа, што становішча многіх банкаў можа быць горшае, чым здаецца на паперы, бо яны цярпяць страты на інвэстыцыях ва ўрадавыя каштоўныя паперы. Каштоўнасьць апошніх падае з прычыны падвышэньня ўліковых ставак.

Тым часам у нядзелю амэрыканскі дзяржаўны рэгулятар закрыў яшчэ адзін банк — нью-ёрскі Signature Bank. Па стане на канец мінулага году яго актывы складалі больш за 110 мільярдаў даляраў, ён трымаў сродкі кліентаў на суму каля 88,6 мільярда даляраў. Амэрыканскія ўлады маюць намер гарантаваць захаванасьць і гэтых дэпазытаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG