Як стала вядома Свабодзе, беларускіх гідаў пачалі пазбаўляць бэджаў, што пацьвярджаюць іх атэстацыю і дазвол на правядзеньне экскурсій.
2 сакавіка ў прафэсійных гідаў была чарговая атэстацыя, на якую яны прыйшлі зацьвярджаць новыя тэмы для экскурсій. У выніку некаторым зь іх у атэстацыйнай камісіі проста сказалі: «Вы пазбаўлены бэджа».
Яшчэ некаторым даслалі лісты на электронную пошту і папяровыя паведамленьні. Сярод пазбаўленных бэджаў тыя, хто меў адміністрацыйныя арышты. Як паведамілі Свабодзе абазнаныя ў справе крыніцы, пасьведчаньні экскурсаводам адмянялі паводле «Палажэньня аб атэстацыі».
Сярод мажлівых прычын пазбаўленьня бэджа ў ім значацца судзімасьць паводле пэўных артыкулаў Крымінальнага кодэксу, а таксама адміністрацыйная правапарушэньні.
Асуджаныя паводле «народнага артыкулу» гіды ня змогуць працаваць
У Беларусі асоб з судзімасьцю паводле «пратэставых» і «палітычных» артыкулаў з гэтага году не дапусьцяць да атэстацыі, якая пацьвярджае кваліфікацыю экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.
Пастанову ўраду № 839 ад 7 сьнежня 2022 году, у якой вызначаныя гэтыя зьмены, апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пастанова набыла моц 1 студзеня 2023 году. З гэтага часу да атэстацыі, якая дазваляе працаваць экскурсаводам ці гідам-перакладчыкам, не дапускаюцца людзі з судзімасьцю паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- 123 (Прапаганда вайны);
- 130 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці);
- 293 (Масавыя беспарадкі);
- 341-1 (Прапаганда або публічнае дэманстраваньне, выраб, распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі);
- 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх);
- 357 (Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады);
- 361 (Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь);
- 367 (Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь);
- 368 (Зьнявага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь);
- 369 (Зьнявага прадстаўніка ўлады);
- 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
- 369-3 (Публічныя заклікі да арганізацыі або правядзеньня незаконных сходаў, мітынгу, вулічнага шэсьця, дэманстрацыі або пікетаваньня або ўцягваньня асоб у ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах);
- 370 (Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў).
Раней паводле артыкулу 342 КК за ўдзел у пратэстах у Менску судзілі экскурсавода і краязнаўцу Ігара Хмару. У выніку яго пакаралі «хатняй хіміяй» на 2,5 года.
Суд Цэнтральнага раёна Менска 20 сьнежня 2022 году асудзіў экскурсаводку Аксану Манкевіч на тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Яшчэ аднаго гіда Валерыю Чарнаморцаву, дасьледчыцу лёсу беларускіх вязьняў ГУЛАГу, асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі».
Акрамя таго, ёсьць цэлы пералік артыкулаў КаАП, за вырак паводле якіх таксама не дапусьцяць да работы экскурсаводам або гідам-перакладчыкам:
- 19.08 (Распаўсюджваньне твораў, якія прапагандуюць культ гвалту і жорсткасьці);
- 19.10 (Прапаганда або публічнае дэманстраваньне, выраб, распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі);
- 19.11 (Распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць);
- 24.22 (Распаўсюджваньне сродкамі масавай інфармацыі загадзя лжывых зьвестак, якія ганьбяць гонар і годнасьць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь);
- 24.23 (Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
Ва ўсіх гэтых выпадках ужо выдадзеныя раней пасьведчаньні аб атэстацыі будуць анулявацца.
Пастанова № 582 «Аб экскурсійным абслугоўваньні» аб правядзеньні атэстацыі для экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў была прынятая ў верасьні 2022-га. Згодна зь ёй, для арганізацыі і правядзеньня атэстацыі, прыпыненьня тэрміну дзеяньня пасьведчаньня або ануляваньня пасьведчаньня па кожным выпадку будзе стварацца атэстацыйная камісія.
Каб прайсьці атэстацыю, трэба пастаянна пражываць у Беларусі, мець поўную вышэйшую, сярэднюю спэцыяльную адукацыю або няпоўную вышэйшую (ня менш за тры курсы бакаляўрыяту). Атэстацыя праходзіць у форме іспыту і складацца зь дзьвюх частак: кампутарнага тэставаньня і вуснай гутаркі.