Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 24 кастрычніка: арыштавалі IT-бізнэсоўца Караўца; журналістку Андрэеву занесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў»


Кацярына Андрэева
Кацярына Андрэева

У Беларусі трэці год запар няспынна ідуць арышты і суды за выказваньне грамадзянскай пазыцыі.

Журналістку Андрэеву дадалі ў сьпіс «экстрэмістаў»

МУС дадало палітзьняволеную журналістку тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Андрэеву ў сьпіс «экстрэмістаў». Акрамя яе, у сьпісе зьявілася яшчэ 142 прозьвішчы, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Большая частка зь іх — асуджаныя паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу людзі, якія ў гэты момант за кратамі.

Сярод найбольш вядомых палітвязьняў у сьпісе зьявіліся імёны філёзафа Ўладзімера Мацкевіча, грамадзкіх актывістаў Зьмітра і Насты Дашкевічаў, блогера Ўладзіслава Савіна.

Арыштавалі IT-бізнэсоўца Караўца

Заснавальнік і дырэктар адной найстарэйшый у Беларусі студый вэб-распрацоўкі Astronim Багдан Каравец арыштаваны.

Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку адзін з кіраўнікоў ініцыятывы BySol Андрэй Стрыжак.

«Тыдзень таму да Багдана зьявіліся пытаньні ў сілавікоў, якія скончыліся арыштам», — напісаў ён.

2,5 года «хатняй хіміі»​ за камэнтары

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 19 кастрычніка вынесьлі прысуд Натальлі Тодрас паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (Абраза прадстаўніка ўлады). Справу разглядаў судзьдзя Віталь Лабоцкі.

Натальлю абвінавацілі ў тым, што ў кастрычніку 2020 году яна пакінула камэнтары ў тэлеграм-канале пад допісамі пра супрацоўнікаў міліцыі. Камэнтары, на думку сьледзтва, былі «непрыстойныя па форме і абразьлівыя зьместам».

17 ліпеня 2022 Натальлю ўжо судзілі паводле таго ж артыкула ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.

19 кастрычніка судзьдзя Кастрычніцкага суду Горадні Віталь Лабоцкі прызнаў Натальлю Тодрас вінаватай і па сукупнасьці пакараньняў прысудзіў ён 2,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Таксама Натальлі прысудзілі штраф памерам 2000 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG