Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На інаўгурацыю чэскага прэзыдэнта запрасілі ўпаўнаважаную Ціханоўскай, а не прадстаўнікоў амбасады Беларусі. ФОТА


Інаўгурацыя новага поэзыдэнта Чэхіі Пэтра Павэла (зьлева). Прага, 9 сакавіка 2023
Інаўгурацыя новага поэзыдэнта Чэхіі Пэтра Павэла (зьлева). Прага, 9 сакавіка 2023

9 сакавіка ў Празе праходзіць цырымонія інаўгурацыі новага прэзыдэнта Чэхіі Пэтра Павэла. На інаўгурацыі прысутнічае Крысьціна Шыянок, дырэктарка Офісу дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы, які стварылі ў лістападзе 2022 году падчас афіцыйнага візыту Сьвятланы Ціханоўскай у Чэхію.

Крысьціна Шыянок на цырымоніі інаўгурацыі
Крысьціна Шыянок на цырымоніі інаўгурацыі

«Мы ўдзячныя Чэскай Рэспубліцы за гэтае запрашэньне. Гэта важна і сымбалічна, што Беларусь прадстаўляе не лукашэнкаўская амбасада ці чынавенства, а сапраўдныя прадстаўнікі беларускага грамадзтва», — сказаў Свабодзе галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

У лютым новаабраны прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл сустрэўся са Сьвятланай Ціханоўскай на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі. Пасьля сустрэчы Павэл заявіў, што разумее асьцярогі наконт росту ўплыву Расеі і яе прысутнасьці ў Беларусі.

Інаўгурацыя Пэтра Павэла. Прага, 9 сакавіка 2023
Інаўгурацыя Пэтра Павэла. Прага, 9 сакавіка 2023

На думку Павэла, вельмі важна нагадваць аб правах чалавека, дэмакратыі і ўладзе закону, якія служаць падмуркам свабоднага грамадзтва.

Таксама новаабраны прэзыдэнт Чэхіі пасьля сустрэчы ў Мюнхэне заявіў, што гатовы падтрымліваць дэмакратычную Беларусь, якую рэпрэзэнтуе Сьвятлана Ціханоўская, на многіх узроўнях і ў розных галінах.

«Пэтр Павэл тады запэўніў Сьвятлану Ціханоўскую, што палітыка Чэхіі будзе пасьлядоўнай і прынцыповай у дачыненьні да нашай краіны, — кажа Франак Вячорка. — Мы будзем далей працаваць з Чэхіяй, умацоўваць прысутнасьць Офісу дэмакратычных сіл, будаваць кантакты, вырашаць праблемы беларусаў разам з Чэхіяй і таксама каардынаваць нашую дзейнасьць на міжнароднай арэне. Гэта адзін з прыярытэтаў нашай замежнай палітыкі — забіраць прастору ў рэжыму Лукашэнкі і даваць голас тым беларусам, якія змагаюцца за свабоду, за перамены ў краіне і падтрымліваюць Украіну».

Інаўгурацыя прэзыдэнта Чэхіі Пэтра Павэла. Прага, 9 сакавіка 2023
Інаўгурацыя прэзыдэнта Чэхіі Пэтра Павэла. Прага, 9 сакавіка 2023

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG