Празь нейкі час пачаліся сутыкненьні пратэстоўцаў з паліцыяй, якія працягваліся да 2-й гадзіны ночы. Акцыю разагналі, пля перад будынкам парлямэнту кантралюе спэцназ паліцыі.
На акцыі пратэсту супраць закону аб «іншаземных агентах», якая прайшла напярэдадні ў Тбілісі, затрымалі 66 чалавек, перадае грузінскі тэлеканал Mtavari са спасылкай на МУС.
Таксама ў МУС Грузіі паведамілі аб пачатку расьсьледаваньня па фактах гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў улады.
Што выклікала пратэст
7 сакавіка парлямэнт Грузіі ў першым чытаньні зацьвердзіў адзін з законапраектаў аб «іншаземных агентах».
За прыняцьце дакумэнта аб «іншаземных агентах» прагаласавалі 76 дэпутатаў, супраць — 13. Дакумэнт, унесены ў парлямэнт рухам «Сіла народу», падтрымалі члены кіроўнай партыі «Грузінская мара».
Галасаваньне па другім варыянце законапраекту адбудзецца 9 сакавіка. Гэтая вэрсія, у адрозьненьне ад прынятай у аўторак, 7 сакавіка, адносіцца ня толькі да юрыдычных асоб, але і да фізычных асоб, а таксама ўключае крымінальную адказнасьць.
7 сакавіка, паводле выданьня Paper Kartuli, у цэнтр Тбілісі да парлямэнту выйшлі на мітынг зь сьцягамі Грузіі і Эўразтвязу ад 5 да 10 тысяч чалавек. Фіксаваліся сутычкі пратэстоўцаў з паліцыяй, у выніку чаго сілавікі прымянілі сьлезацечны газ і вадамёты.
Паведамлялася, што ў цэнтар Тбілісі накіроўвалі «хуткія» для аказаньня мэдыцынскай дапамогі мітынгоўцам, якія пацярпелі ад дзеяньня сьлезацечнага газу.
Некаторыя пратэстоўцы спрабавалі прарвацца ў будынак парлямэнту. Але спэцназ цалкам заняў тэрыторыю, якая прылягае да парлямэнту Грузіі, пісала «Эхо Кавказа».
Паводле зьвестак МУС Грузіі, ёсьць пацярпелыя як з боку паліцыі, так і з боку пратэстоўцаў.
Паводле ведамтва, акцыя «прыняла гвалтоўны характар». Апазыцыя сьцьвярджае, што пратэст быў мірны і заявіла пра новыя акцыі штодня.
Прэзыдэнтка Грузіі: закон напісаны пад дыктоўку Масквы
Прэзыдэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі ў сваім звароце да грамадзян краіны падтрымала пратэстоўцаў і падкрэсьліла, што накладзе вэта на закон аб «іншаземных агентах».
«Зьвяртаюся да вас, да тых, хто сёньня ўвечары стаіць на Руставэлі, як я стаяла сама шмат разоў. Я побач з вамі, таму што вы прадстаўляеце свабодную Грузію. Тую Грузію, якая бачыць сваю будучыню ў Эўропе і не дазволіць нікому адняць гэтую будучыню. Гэта будучыня належыць нашым наступным пакаленьням, усім нам. ...Гэты закон нікому не патрэбен, ён напісаны пад дыктоўку Масквы», — сказала Зурабішвілі.
Ініцыятыву раскрытыкавалі многія СМІ і апазыцыя. Яны лічаць, што ўлады спрабуюць пераняць расейскі досьвед барацьбы з «іншаземнымі агентамі» і стварыць у краіне рэпрэсіўны мэханізм.
Пасьля зацьвярджэньня дакумэнтаў у першым чытаньні іх плянуецца накіраваць у Вэнэцыянскую камісію. Эўразьвяз заявіў, што прыняцьце падобных законаў несумяшчальнае з выкананьнем рэкамэндацый для атрыманьня Грузіяй статусу кандыдата ў Эўразьвяз, з нормамі і каштоўнасьцямі ЭЗ.
7 сакавіка парлямэнт Грузіі ў першым чытаньні прыняў законапраект «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву», які быў распрацаваны антызаходняй групай дэпутатаў «Сіла народу», якія маюць цесныя сувязі з кіроўнай партыяй «Грузінская мара».
Апанэнты ўладаў заяўляюць, што абодва законапраекты, па сутнасьці, зьяўляюцца аналёгіяй расейскага закона аб іншаземных агентах, пасьля ўвядзеньня якога ў Расеі спынілі працаваць незалежныя НДА і журналісты.
У той жа час кіроўная партыя «Грузінская мара» абвяргае абвінавачаньні і заяўляе, што прапанаваны закон накіраваны толькі на дасягненьне «празрыстасьці» фінансаваньня НДА і СМІ і ня мае на мэце іх перасьлед або закрыцьцё.
Дзярждэпартамэнт ЗША, ЭЗ, NATO, Рада Эўропы, амбасадары ЗША і Эўразьвязу ў Грузіі папярэдзілі Тбілісі аб наступствах прыняцьця закона аб рэгуляваньні СМІ і НДА, падкрэсьліўшы, што ён паўплывае на свабоду слова і дэмакратыю ў Грузіі, а таксама прыпыніць тэмп эўраатлянтычнай інтэграцыі краіны.
Раней амбасада ЗША ў Грузіі распаўсюдзіла заяву, у якой 7 сакавіка быў згаданы як «чорны дзень для грузінскай дэмакратыі».
«Працяг разгляду ў Парлямэнце натхнёных Крамлём законаў несумяшчальны з відавочным імкненьнем Грузіі да інтэграцыі з Эўропай і дэмакратычнага разьвіцьця краіны. Прыняцьце гэтых законаў нанясе шкоду адносінам Грузіі са стратэгічнымі партнэрамі і падарве важную працу, якую праводзяць шматлікія грузінскія арганізацыі, каб дапамагчы суграмадзянам. Гэты працэс і законапраекты выклікаюць рэальныя пытаньні аб прыхільнасьці кіроўнай партыі эўраатлянтычнай інтэграцыі», — гаворыцца ў заяве амбасады ЗША ад 7 сакавіка.