Ён заявіў, сярод іншага, што «абсалютна ўпэўнены» у вырашальнай ролі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў яго крымінальным перасьледзе.
Па словах Саакашвілі, ён перакананы, што яго партыя «Адзіны нацыянальны рух» прайграла парламенцкія выбары ў кастрычніку 2012 года і страціла ўладу ў выніку маштабнай спэцапэрацыі Расеі. «Яны далі Іванішвілі (мільярдэр, заснавальнік кіруючай цяпер партыі „Грузінская мара“ Бідзіна Іванішвілі) два мільярды даляраў для вядзеньня перадвыбарнай кампаніі», — адзначыў былы прэзыдэнт, маючы на ўвазе, што падчас той перадвыбарнай кампаніі грузінскі мільярдэр змог вельмі хутка прадаць усе свае актывы ў Расеі.
«Іванішвілі здае Грузію Пуціну і ня хоча, каб я вярнуўся ва Ўкраіну на дапамогу Зяленскаму», — кажа экс-прэзыдэнт. Цяперашняга ўкраінскага прэзыдэнта Саакашвілі назваў «сучасным Чэрчылем».
Улады Грузіі пакуль ніяк не адрэагавалі на абвінавачаньні Саакашвілі. Афіцыйных камэнтароў з Масквы таксама не было.
Кажучы ў інтэрвію аб стане свайго здароўя, Міхэіл Саакашвілі зазначыў, што пасьля арышту 1 кастрычніка 2021 года схуднеў са 120 да 67 кіляграмаў. Акрамя таго, палітык сьцьвярджае, што пры яго гвалтоўным пераводзе ў Глданскую турму ён атрымаў пашкоджаньне мозгу.
- Міхэіл Саакашвілі, які займаў пасаду прэзыдэнта Грузіі з 2004 па 2013 гады, прыгавораны тбіліскім гарадзкім судом да шасьці гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў арганізацыі зьбіцьця спэцназам МУС у 2005 годзе апазыцыйнага дэпутата і бізнэсоўца Валерыя Гелашвілі, які абразіў у адным з інтэрвію яго ж Сандру Рулафс. Саакашвілі ніколі не прызнаваў сябе вінаватым ні па дадзенай, ні па чатырох іншых крымінальных справах, заведзеных супраць яго з 2015 года.
- З траўня мінулага года экс-прэзыдэнт праходзіць курс лячэньня ад шэрагу эндакрыналягічных і мэнтальных захворваньняў у тбіліскай прыватнай клініцы «Вівамэдзі», дзе для яго выдзелена двухпакаёвая палата з кругласутачнай аховай.