Пра гэта The Insider расказаў адвакат Кадарыя Аўтандзіл Алімжанаў. Па словах Алімжанава, 4 сакавіка Кадарыя вывезьлі зь Бішкецкага СІЗА-1 прадстаўнікі МУС краіны.
Раней Кадарыя зьвярнуўся да прэзыдэнта Садыра Жапарова з просьбай не выдаваць яго Беларусі. Абарона Кадарыя лічыць, што яго экстрадыцыя — парушэньне Кіргізстанам міжнароднага заканадаўства.
У звароце сваім Уладзімер Кадарыя расказаў, што ўцёк зь Беларусі ва Ўкраіну ад палітычнага перасьледу. У Беларусі ён быў адміністратарам інтэрнэт-рэсурсу, які публікаваў апазыцыйныя матэрыялы.
37-гадовы Ўладзімір Кадарыя быў грамадзянінам Беларусі зь імем Андрэй Кавалёў. У 2017 годзе атрымаў статус уцекача ва Ўкраіне і пасьля атрыманьня грамадзянства зьмяніў прозьвішча.
Летась у жніўні ён прыехаў у Кіргізстан, а ў верасьні на падставе запыту Беларусі яго затрымалі на 2 месяцы. Зь СІЗА ён зьвярнуўся ў Міністэрства працы, сацыяльнага забесьпячэньня і міграцыі для атрыманьня статусу ўцекача і 9 сьнежня 2022 году атрымаў адпаведнае пасьведчаньне. Аднак праз тры дні, 12 сьнежня, суд Бішкека вынес рашэньне аб яго экстрадыцыі, задаволіўшы заяву Генпракуратуры.
Адвакаты Ўладзіміра Кадарыі зьвярнуліся ў вышэйшую інстанцыю. 15 лютага Бішкецкі гарадзкі суд пакінуў у сіле рашэньне першай інстанцыі. Кадарыя напісаў, што не разумее прычын такога рашэньня, нягледзячы на наяўнасьць пасьведчаньня і рэгістрацыі яго хадайніцтва аб прызнаньні ўцекачам у Кіргізстане.
Генпракуратура Кіргізстану разглядае Кадарыя як грамадзяніна Беларусі і лічыць рашэньне аб яго выдачы законным.