Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень, палітык і пісьменьнік Павал Севярынец у няволі ўжо больш за тысячу дзён


Павал Севярынец. 25 траўня 2021 году.
Павал Севярынец. 25 траўня 2021 году.

46-гадовы сустаршыня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) Павал Севярынец 4 сакавіка больш за 1000 дзён знаходзіцца ў няволі.

Палітыка затрымалі 7 чэрвеня 2020 году, у разгар кампаніі збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Севярынец у выбарах не ўдзельнічаў, але выкарыстоўваў перадвыбарны пэрыяд для размоў зь людзьмі. У той дзень ён правёў на плошчы ля сталічнага Камароўскага рынку «народны пікет свабоды і салідарнасьці».

25 траўня 2021 году Магілёўскі абласны суд прысудзіў сустаршыні БХД 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў».

27 жніўня таго ж году Вярхоўны суд не задаволіў скаргу на прысуд.

23 сакавіка 2022 году МУС уключыла Севярынца ў «пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

  • За сваю грамадзянскую пазыцыю Паўла Севярынца неаднаразова затрымлівалі, каралі штрафамі і арыштамі.
  • Абвінавачаны ў арганізацыі акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году і асуджаны на 3 гады абмежаваньня волі (з улікам амністыі тэрмін скарочаны да 2 гадоў). Пакараньне адбываў на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна на Полаччыне.
  • У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году быў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Арыштаваны пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 20 сьнежня і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх.
  • 16 траўня 2011 году судзьдзя Заводзкага раённага суду Менску Жанна Брысіна асудзіла яго на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Цалкам адбыў тэрмін пакараньня ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну. Быў палітвязьнем са сьнежня 2010-га па кастрычнік 2013-га.
  • З жонкай Вольгай Павал гадуе сына Францішка.

Бібліяграфія Паўла Севярынца:

  1. «Дыджэй Адраджэньня» (1998).
  2. «Пакаленьне Маладога Фронту» (2002).
  3. «Нацыянальная ідэя» (2005).
  4. «Лісты зь лесу» (2007)6.
  5. «Брату» (2007).
  6. «Люблю Беларусь» (2008).
  7. «Маладафронтаўцы» (2009) (сумесна з Настай Палажанкай).
  8. «Беларуская глыбіня» (2014).
  9. «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя: 1917–2017» (2017).
  10. «Сто асобаў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» (2017, адзін з аўтараў).
  11. «Беларусалім. Золак» (2017).
  12. «Беларусалім. Сэрца сьвятла» (2020).

  • Павал Севярынец — ляўрэат літаратурнай прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча, прэміі імя Францішка Аляхновіча, прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава і народнай прэміі «За асабістую мужнасьць».
  • Узнагароджаны мэдалём «100 гадоў БНР» Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG