«Беларускі саюз мастакоў» 3 сакавіка апублікаваў паведамленьне, у якім інфармуе пра зьмены заканадаўства аб культуры ў частцы правядзеньня выставаў, заўважыў Reform.by.
Цяпер, гаворыцца ў паведамленьні, у адпаведнасьці з п. 1 арт. 222 Кодэксу Беларусі аб культуры арганізатар выставы абавязаны не пазьней чым за 10 каляндарных дзён паведаміць аб яе правядзеньні ў «структурнае падразьдзяленьне мясцовага выканаўчага і распарадчага органа абласнога (Менскага гарадзкога) тэрытарыяльнага ўзроўню, якое ажыцьцяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сфэры культуры».
Пісьмовае паведамленьне аб правядзеньні выставы павінна ўтрымліваць інфармацыю пра:
- арганізатара выставы (для грамадзян — прозьвішча, імя, імя па бацьку, месца жыхарства, для юрыдычных асоб — найменьне і месцазнаходжаньне);
- аўтараў, творы якіх плянуюць паказваць на выставе, і іх творчую дзейнасьць, а таксама пералік саміх твораў і фатаздымкаў (відэаматэрыялаў);
- назву, час (тэрміны) і месцы правядзеньня выставы.
Пры гэтым патрабаваньні не распаўсюджваюцца на выставы, якія праводзяцца паводле рашэньня дзяржаўных органаў або па ўзгадненьні зь імі.
У Беларусі ўжо неаднойчы закрывалі выставы або здымалі з выставы творы «палітычна нядобранадзейных» мастакоў.
Прадстаўнікі сфэры беларускага мастацтва расказвалі Свабодзе пра існаваньне «чорных сьпісаў» беларускіх мастакоў і ціск на творцаў, які пачаўся пасьля 2020 году. Таксама расказваюць пра праўладных актывістаў-даносчыкаў, якія паведамляюць уладам пра «палітычна нядобранадзейных».
У ліпені 2022 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў зьмены ў Кодэкс аб культуры, згодна зь якімі агранізатары ўсіх культурна-забаўляльных мерапрыемстваў павінны атрымліваць адпаведнае пасьведчаньне на права іх арганізацыі. Пасьля гэтага Мінкультуры уносіць гэтых арганізатараў у адпаведны рэестар, і толькі яны маюц права на правядзеньне культурных мерапрыемстваў.