«Здраднікам ня месца на сцэне, нават калі гэта будзе дзяржспэцмерапрыемства ці канцэрт у аграгарадку», — цытуе Маркевіча прэс-служба Міністэрства культуры.
Міністар адзначыў, што да «кожнага артыста або творчага калектыву, які заявіў аб адрачэньні ад ранейшых поглядаў і жаданьні працаваць на карысьць Беларусі, прымяняецца індывідуальны падыход».
«Калі чалавек шчыра раскайваецца ў сваіх словах, пастах, лайках, гатовы працаваць на дзяржаву і публічна заявіць аб сваёй грамадзянскай пазыцыі, яму даецца другі шанц. Калі словы пакаяньня аказваюцца хлусьнёй, з такімі людзьмі мы расстаёмся адразу і назаўжды», — заявіў Маркевіч.
Ён таксама сказаў, што для таго, «каб жыць лепш, трэба не балбатаць, а працаваць». Галоўнай задачай 2023 году Маркевіч назваў пераход на парытэтнае фінансаваньне тэатраў — «задача няпростая, але выканальная».
Адной з ключавых задач міністэрства Маркевіч назваў павышэньне заробку работнікам сфэры культуры.
Рэпрэсіі супраць музыкаў
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года рэпрэсіі закранулі і сфэру культуры ў Беларусі. Улады зьліквідавалі шматлікія культурныя ўстановы, шмат прадстаўнікоў творчай сфэры знаходзяцца сёньня за кратамі.
Днямі ў публічнай прасторы зьявіўся «стоп-ліст» абсалютна розных выканаўцаў — па стылі, мове песень і краіне паходжаньня, піша BY_culture. У яго трапілі, сярод іншых, Іна Афанасьева, Шэр, «Ляпіс Трубяцкі», гурт «Нэрвы», «Нэўра Дзюбель», «Крамбамбуля», Lady Gaga, Макс Корж, Ларыса Грыбалёва і яшчэ каля 80 выканаўцаў.
На пачатку 2023 году ўлады рэзка ўзмацнілі рэпрэсіі супраць музыкаў. За адзін тыдзень, 23–29 студзеня 2023 году ў Беларусі затрымалі:
- музыку Аляксандра Бурака з Магілёва. Яму прысудзілі 10 дзён арышту;
- сьпявачку Аляксандру Захарык зь Менску (артыкул 342 КК);
- барда Андрэя Мельнікава з Гомля. Яго арыштавалі да 5 лютага.
- На віцебскага музыканта і арт-мэнэджара Ўладзімера Булаўскага завялі крымінальную справу;
- У сярэдзіне студзеня пад адміністрацыйны арышт адправілі вулічнага музыку, які граў «Воины света».
- 20 студзеня музычны гурт Tor Band упершыню ў Беларусі прызналі «эстрэмісцкім фармаваньнем». На трох удзельнікаў гурту завялі крымінальныя справы.
- 31 студзеня за пратэсты пачалі судзіць уласьніка бару «Банки-бутылки» Андрэя Жука і ягоную жонку Марыю. У гэтым бары песьню «Окена Эльзи» выканала сьпявачка Мэрыем Герасіменка, якую за гэта ўжо асудзілі на «хатнюю хімію».
Перасьлед у тэатрах
Раней сыстэматычны перасьлед зазналі супрацоўнікі Опэрнага тэатру, на які абрынуліся адны з самых масавых рэпрэсій.
Пачынаючы з 2020 году, з Нацыянальнага тэатру опэры і балету Беларусі мусілі сысьці Вячаслаў Чарнуха-Воліч, Андрэй Галанаў і Іван Касьцяхін. Ад таго часу тэатар страціў яшчэ шмат супрацоўнікаў, вядомых далёка па-за межамі Беларусі. Саліст Нацыянальнага тэатру опэры і балету Павал Пятроў пакінуў калектыў разам з жонкай. Звольнілі сьпевака Ільлю Сільчукова, канцэртмайстра Рэгіну Саркісаву, скрыпачку Алу Джыган, альтыстку Аляксандру Пацёміну, хормайстра Івана Цітова.
Тэатар не працягнуў кантракты народнаму артысту Ўладзімеру Пятрову, сьпявачкам Натальлі Акінінай і Кацярыне Галаўлёвай. Некалькі чалавек звольніліся па ўласным жаданьні — у тым ліку адзін з найлепшых маладых дырыгентаў сьвету Дзьмітры Мацьвіенка і рэжысэркі Дар’я Пататурка і Алена Медзякова. Раней праз ідэалягічныя рознагалосьсі з адміністрацыяй пакінула тэатар сьпявачка Маргарыта Ляўчук.
Масавы сыход зорак беларускага мастацтва з тэатру працягнуўся найбольш інтэнсіўнымі тэмпамі пасьля прызначэньня ў траўні 2021-га дырэктарам тэатру Вячаслава Гарбузава, дзяржаўнага ідэоляга і актывіста БРСМ, які да 2017 году ня меў дачыненьня да мастацкай галіны, а ў тым годзе адразу быў пастаўлены кіраваць Берасьцейскім тэатрам драмы.
Яшчэ ў 2020 радзіму пакінулі асноўныя акторы Купалаўскага тэатру, якія заснавалі незалежную тэатральную групу за мяжой і даюць свае спэктаклі, у тым ліку ў рэжыме онлайн.