Міністэрства адукацыі Беларусі пастановай № 58 ад 27 лютага зацьвердзіла форму абавязковай характарыстыкі для выпускнікоў. Дакумэнт апублікаваны 4 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна з пастановай, выпускнікі або іх законныя прадстаўнікі мусяць падаць запыт на атрыманьне характарыстыкі ва ўстанову адукацыі ў год прыёму. Да запыту, паводле ініцыятыве выпускніка, можна прыкласьці дакумэнты са зьвесткамі, якія маюць значэньне для характарыстыкі. Установа адукацыі мусіць выдаць характарыстыку на працягу 5 каляндарных дзён з дня атрыманьня запыту.
Форма характарыстыкі ўключае 7 пунктаў:
- Прозьвішча, уласнае імя, імя па бацьку выпускніка (навучэнца).
- Дата, месяц і год нараджэньня.
- Асабістыя якасьці (у падрадковым тлумачэньні пад формай згадваюцца: выканаўчасьць, дысцыплінаванасьць, ініцыятыўнасьць, ступень самастойнасьці, сфармаванасьць навыкаў здаровага ладу жыцьця, актыўнасьць, інтарэсы, якасьці лідэра, іншае).
- Маральныя якасьці (сярод іншага, адказнасьць, тактоўнасьць, добразычлівасьць, стаўленьне да дзяржаўных і грамадзкіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу і інш).
- Удзел выпускніка (навучэнца) у рабоце органаў самакіраваньня ўстановы адукацыі, моладзевых аб’яднаньняў, у арганізацыі і правядзеньні «грамадзка значных мерапрыемстваў», шэфства над вэтэранамі вайны, удзел у валянтэрскім, студатрадаўскім руху, грамадка карыснай працы, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, выставах, заняткі творчасьцю, і інш.
- Зьвесткі аб дысцыплінарных спагнаньнях на працягу апошняга года да даты выдачы характарыстыкі; аб правядзеньні ў дачыненьні да выпускніка прафіляктычнай работы; зьвесткі аб паводзінах; аб атрыманьні дадатковай адукацыі, індывідуальных дасягненьнях, удзеле ў алімпіядах, конкурсах і інш.
- Іншыя зьвесткі.
У студзені Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 2, які ім зацьвярджаецца новая рэдакцыя правілаў прыёму ва ўнівэрсытэты. Сярод іншага, прадугледжана, што цяпер пры падачы дакумэнтаў для паступленьня абітурыент абавязкова павінен мець характарыстыку са школы (каледжу).
У Мінадукацыі Беларусі заявілі, што характарыстыка пры паступленьні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы неабходная для актыўнага ўцягваньня студэнтаў «у грамадзкае жыцьцё, у розныя напрамкі спартыўнай і культурнай дзейнасьці», і гэта «вельмі важны дакумэнт», хоць на «конкурсную сытуацыю ён не ўплывае».