Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінадукацыі: характарыстыка пры паступленьні ў ВНУ патрэбная для «ўцягваньня студэнтаў у грамадзкае жыцьцё»


Афіцыйны дзень вышыванкі, Менск, 2 ліпеня 2020 году
Афіцыйны дзень вышыванкі, Менск, 2 ліпеня 2020 году

Характарыстыка пры паступленьні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы неабходная для актыўнага ўцягваньня студэнтаў «у грамадзкае жыцьцё, у розныя напрамкі спартыўнай і культурнай дзейнасьці».

Такую заяву, паводле агенцтва BPN, зрабіў начальнік галоўнага ўпраўленьня прафэсійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Касьпяровіч на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску 4 студзеня.

Паводле яго слоў, «гэта вельмі важны дакумэнт», хоць на «конкурсную сытуацыю ён не ўплывае». Уцягваньнем студэнтаў у грамадзкае жыцьцё будуць займацца «пэдагогі і іншыя службы ўнівэрсытэту», растлумачыў чыноўнік.

Касьпяровіч паведаміў, што характарыстыку абітурыентам будуць выдаваць школы або каледжы. У выпадку паступленьня на завочную форму навучаньня або пры наяўнасьці працоўнага стажу дакумэнт «можа быць прадстаўлены зь месца працы».

Неабходнасьць прадстаўленьня характарыстыкі пры паступленьні ў ВНУ прадугледжана новай рэдакцыяй «Правілаў прыёму асоб для атрыманьня агульнай вышэйшай і спэцыяльнай вышэйшай адукацыі». Адпаведны ўказ 3 студзеня падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

Упершыню пра характарыстыкі ў лістападзе 2022 году заявіў міністар адукацыі Андрэй Іванец.

На дыялёгавай пляцоўцы «Лідэр. Творчасьць. Посьпех», якая прайшла ў Менску, міністра спыталі пра прэфэрэнцыі пры паступленьні ў ВНУ для актыўных удзельнікаў грамадзкага жыцьця, пра льготы для так званых моладзевых лідэраў.

«Сёньня мы знаходзімся ў фінальнай стадыі падрыхтоўкі прапаноў па ўдасканаленьні ўступнай кампаніі. Міністэрства адукацыі будзе прапаноўваць на разгляд кіраўніка дзяржавы ўвядзеньне абавязковай характарыстыкі пасьля заканчэньня школы. Кожны выпускнік школы пры паступленьні ва ўнівэрсытэт будзе атрымліваць характарыстыку ўстаноўленай Міністэрствам адукацыі формы», — сказаў Іванец.

У характарыстыцы, як заяўлялася, будзе адзначаная ня толькі пасьпяховасьць вучня: увага будзе зьвяртацца на яго асабістыя якасьці, яго ўдзел у працы грамадзкіх моладзевых арганізацый і ў рэалізацыі розных праектаў.

Школьныя характарыстыкі існавалі за савецкім часам, потым іх скасавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG