Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі брэнд ZNWR пасьля скандалу адмовіўся ад супрацоўніцтва з расейскім фондам, які дапамагае мабілізаваным


Крама Z N W R у Маскве, ілюстрацыйнае фота
Крама Z N W R у Маскве, ілюстрацыйнае фота

Раней інфармацыя аб супрацы ZNWR з фондам выклікала скандал, бо фонд, як высьветлілася, надае дапамогу мабілізаваным расейскім вайскоўцам, якія ваююць ва Ўкраіне.

Беларускі брэнд адзеньня ZNWR вырашыў спыніць супрацоўніцтва з расейскім фондам «Проста», паведаміў заснавальнік брэнда Максім Ганісеўскі ў Інстаграме.

Ён заявіў, што артыкулы ў СМІ пра супрацоўніцтва брэнда з фондам «Проста» «скажаюць рэальную сытуацыю». Паводле яго, у пачатку сьнежня 2022 году ў ZNWR вырашылі знайсьці фонд, празь які яны маглі б дапамагаць сем’ям, што маюць патрэбу: аддаваць ім рэчамі брэнду, якія яны ня могуць прадаць ці пусьціць на перапрацоўку. Фонд «Проста», паводле Ганісеўскага, гэта «найбуйнейшы фонд, які за мінулы год дапамог 30 тысячам малазабясьпечаных семʼяў, і які ў той жа час займаецца перапрацоўкай рэчаў», таму ZNWR і выбрала яго.

Заснавальнік кампаніі запэўнівае, што ня ведаў пра дапамогу фонду «Проста» расейскім мабілізаваным.

«На момант пачатку супрацоўніцтва мы нідзе ня бачылі ніякай інфармацыі аб дапамозе мабілізаваным. Калі б такая інфармацыя была, мы б, вядома, з гэтым фондам не супрацоўнічалі», — запэўнівае Ганісеўскі.

Паводле яго, як высьветлілася пазьней, гэта была «разавая прыватная ініцыятыва некаторых удзельнікаў фонду» і дапамога «заняла менш за 0,1% ад яго дзейнасьці».

Ганісеўскі падкрэсьлівае, што брэнд ZNWR «ніколі ня меў ніякага дачыненьня да мілітарысцкіх праектаў», бо гэта «супярэчыць філязофіі і каштоўнасьцям брэнда».

Ён заявіў, што ягоная кампанія і раней займалася дабрачыннасьцю і ладзіла падобныя праекты ў Беларусі: перадавала рэчы ў праект «Каліласка», Чырвоны Крыж, бяздомным, дзецям у дзіцячых дамах і Беларускім дзіцячым хосьпісе, купляла дровы для пэнсіянэраў з глыбінкі і інш.

Акрамя таго, паводле Ганісеўскага, ZNWR рабіў пасты ў падтрымку міру і выпускаў рэчы з дэклярацыяй антываеннай пазыцыі ў падтрымку міру, а ў пачатку вайны, «рызыкуючы закрыцьцём», абклеіў вітрыны крамаў ў Маскве і Санкт-Пецярбургу слоганам «People for peace» («Людзі за мір»).

«І цяпер у нас быў чысты матыў, і гэта насамрэч крыўдна, калі ты робіш дабрачынны праект, а цябе ўсё роўна паліваюць брудам», — піша Ганісеўскі.

Нягледзячы на ўсе абставіны, кампанія вырашыла спыніць супрацоўніцтва з фондам «Проста», бо «супраць любых праектаў, зьвязаных з мілітарызмам», і цяпер шукае новых партнэраў, паведаміў Максім Ганісеўскі.

Дызайнэрскі брэнд street style-адзеньня ZNWR родам з Бабруйска. Вядомы сваімі худзі і футболкамі простага крою з натуральных матэрыялаў і зь мінімалістычнымі прынтамі. Таксама каманда часта ўдзельнічае ў розных калябарацыях: з Новай Баравой, з ініцыятывай па падтрымцы людзей з дыслексіяй Dyslexia Community, зь менскім гадзіньнікавым заводам «Луч».

Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне брэнд працягваў адкрываць крамы ў Расеі, а ў канцы лютага 2023 году заявіў пра пачатак супрацоўніцтва з расейскім фондам «Проста», які зьбірае рэчы ня толькі для тых жыхароў Расеі, якія жывуць у нястачы, але і для мабілізаваных вайскоўцаў, якія ваююць ва Ўкраіне. Пра гэта напісалі СМІ, інфармацыя выклікала розгалас і асуджэньне дзейнасьці брэнду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG