Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы паведамляюць пра допыты на мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу


Чарга на беларуска-польскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота.
Чарга на беларуска-польскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота.

Допыты, зь вялікай доляй імавернасьці, праводзяць супрацоўнікі КДБ, адзначаюць праваабаронцы.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», людзям задаюць пытаньні наконт мэты паездак у Эўразьвяз, калі апошні раз і з кім былі ва Ўкраіне, за каго галасавалі на выбарах і за каго падпісваліся, а таксама ці хадзілі на пратэсты.

Акрамя таго, сілавікі глядзяць тэлефоны людзей і чытаюць іх перапіскі. Вядомыя выпадкі, калі людзей проста на мяжы прымушалі выдаляць допісы ў падтрымку Ўкраіны ў сацыяльных сетках.

На «размову» адпраўляюць амаль усіх, незалежна ад узросту і полу.

Пра нетыповы кантроль апошнімі днямі на беларуска-літоўскай мяжы некалькі беларусаў расказалі выданьню «Зеркало». Так, паводле аднаго зь іх, у пункце пропуску «Беняконі» ўсіх па адным выклікалі ў кабінэты для гутаркі, «было каля 5-6 такіх пакояў». Сярод іншага, запытвалі, за каго яны галасавалі на выбарах 2020 году, таксама прасілі разблякаваць мабільны тэлефон. Паводле сьведкі, у яго праглядалі сацсеткі, фатаздымкі каля дзьвюх хвілін. Але ні ў кога з тых, хто быў разам зь ім на «праверцы», праблемаў ня ўзьнікла, расказаў беларус.

У пункце пропуску «Каменны Лог» пасажыраў аўтобуса здымалі на відэакамэру, таксама было больш пытаньняў падчас пашпартнага кантролю, расказала выданьню беларуска, якая ехала зь Менску ў Вільню.

Празь дзень пасьля меркаванага інцыдэнту на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах беларускія памежнікі значна ўзмацнілі кантроль на выезд з краіны.

Як расказалі Свабодзе беларусы, якія перасякалі 27 лютага беларуска-польскую і беларуска-літоўскую межы, іх правяралі на выезьдзе зь Беларусі, «ператрэсьлі ўсе рэчы, усё агледзелі падрабязна».

  • 26 лютага 2023 году ByPol і лідэры апазыцыі ў выгнаньні паведамілі, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У быў пашкоджаны ў выніку атакі бесьпілётнікаў на авіябазу ў Мачулішчах.
  • Група ByPol паведаміла пра два выбухі і пашкоджаньне пярэдняй і сярэдняй частак А-50, а таксама антэны радара. Паводле ByPol, удзельнікі пляну «Перамога» скарысталі для гэтага два дроны кампаніі DJI, якія саматужна пераабсталявалі ў дроны-камікадзэ. Кожны дрон нёс выбуховае рэчыва — 200 грамаў у тратылавым эквіваленце. Скарысталі мэталічныя шары, прыблізна 200 штук на кожны.
  • Увечары 1 сакавіка дзяржаўныя тэлеканалы паказалі відэа з самалётам А-50, сьцьвярджаючы, што ён не пашкоджаны. На ім самалёт рухаецца ў цемры па засьнежанай бэтоннай паверхі аэрадрому.
  • 2 сакавіка праект «Беларускі Гаюн» паведаміў, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У з рэгістрацыйным нумарам RF-50608 вылецеў у Расею.
  • Роля самалёта А-50 — ствараць пазнавальную карціну паветранай абстаноўкі і забясьпечваць каардынацыю дзеяньняў зьнішчальнікаў.
  • Нягледзячы на тое, што пашкоджаньні афіцыйна не пацьверджаныя, брытанская выведка адзначае, што страта А-50 была б значнай для РФ, бо самалёт мае вырашальнае значэньне для расейскіх паветраных апэрацый у стварэньні карціны паветранай прасторы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG