Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіліся першыя здымкі расейскага А-50 у Мачулішчах пасьля меркаванага падрыву


Сьвежыя здымкі з аэрадрому ў Мачулішчах
Сьвежыя здымкі з аэрадрому ў Мачулішчах

Як вынікае з спадарожнікавых здымкаў ад сэрвісу Planet Labs Inc, самалёт А-50 стаіць не на тым месцы, дзе быў на здымках за апошні месяц — 9, 14 і 19 лютага.

Асабліва заўважных моцных пашкоджаньняў на спадарожнікавых здымках ня бачна. Ёсьць цёмная пляма на лякатары, але яе характар вызначыць немагчыма. На здымках, зробленых 19 лютага, гэтыя плямы ня былі заўважныя.

А-50 падчас вучэньняў
А-50 падчас вучэньняў

Таксама іх няма і на фатаздымку А-50, зробленым у лютым на вучэньнях.

Апрача таго, пацямнела і левае крыло самалёта. Аднак спадарожнікавыя здымкі не даюць магчымасьці цалкам ацаніць узровень яго магчымых пашкоджаньняў.

На новых здымках бачна, што частка самалётаў, якія пастаянна былі на захоўваньні пад адкрытым небам, зьнікла з аэрадрома.

МІГі-3К, якія заўсёды знаходзіліся на адкрытай стаянцы, зараз стаяць паміж землянымі насыпамі. Гэтыя самалёты здольныя несьці гіпэргукавыя ракеты «Кінжал», якія могуць паражаць цэлі на адлегласьці да 2000 км, у тым ліку ва Ўкраіне.

Гэтыя самалёты нясуць пастаяннае дзяжурства ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы. Амаль кожны раз пры гэтым у многіх абласьцях Украіны ўводзяць рэжым паветранай трывогі. А згаданы А-50 праводзіў выведку ўкраінскай тэрыторыі. Менавіта А-50 наводзіў «Кінжалы» на аб’екты, якія яны абстрэльвалі.

Разьмешчаньне самалёта да выбуху. Здымак зроблены 19 лютага
Разьмешчаньне самалёта да выбуху. Здымак зроблены 19 лютага

На здымку за 19 лютага 2023 году бачым, дзе прыкладна мог стаяць гэты самалёт на момант інцыдэнту. На гэтым месцы ён знаходзіўся апошні час. Гэта відаць на здымках за 14 і 9 лютага сёлета.

  • ByPol паведаміў, што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Адказнасьць за дывэрсію ў Мачулішчах узялі ўдзельнікі пляну «Перамога».
  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньне, хоць сам Лукашэнка склікаў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі.
  • Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не адбылося.
  • Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена праглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
  • Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні людзей ў Мачулішчах і Фаніпалі пасьля меркаванага падрыву.
  • Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.

Радыё Свабода сочыць далей за разьвіцьцём сытуацыі на беларускіх вайсковых аб’ектах. Калі ў вас ёсьць інфармацыя, якой вы можаце з намі падзяліцца, прысылайце, калі ласка, у рэдакцыю.

Сувязь з рэдакцыяй у Telegram — @SvabodaBelarus

Даслаць навіну ў Signal можна па нумары +37068643669

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG