Адпаведную пастанову апублікавалі 18 лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, пасьля апублікаваньня яна набыла сілу.
Згодна зь ёй, без іспытаў можна будзе паступіць у:
- Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт,
- Беларуска-Расейскі ўнівэрсытэт,
- Палескі дзяржаўны ўнівэрсытэт.
У гэтыя ВНУ без іспытаў (у тым ліку ў адпаведнасьці з дамовай аб мэтавай падрыхтоўцы спэцыялістаў) будуць залічваць тых, хто ў рамках профільнага навучаньня засвоіў праграму сярэдняй адукацыі з вывучэньнем асобных прадметаў, модуляў на павышаным узроўні ў гэтых ВНУ або ў ліцэі БДУ.
3 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, у якім гаворыцца, хто зможа патрапіць у беларускія ВНУ без іспытаў і па льготах. Згодна зь ім, без іспытаў у ВНУ могуць паступіць:
пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і ўнівэрсытэцкіх алімпіяд, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку (па рэкамэндацыі назіральнай рады), выпускнікі ліцэяў пры ўнівэрсытэтах (калі паступаюць менавіта ў гэты ўнівэрсытэт) абітурыенты, якія здалі Адзіны дзяржаўны экзамэн у Расеі (пры паступленьні на платную форму навучаньня).
Таксама па-за конкурсам будуць залічвацца дзеці сілавікоў, а менавіта дзеці вайскоўцаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія сталі інвалідамі пры выкананьні службовых абавязкаў, выхаванцы вайскова-патрыятычных клюбаў пры паступленьні ў ВНУ Мінабароны, МУС, Дзяржаўнага памежнага камітэту і на вайсковыя факультэты.