З 28 лютага па 2 сакавіка Лукашэнка зьбіраецца наведаць Кітай, сустрэцца са старшынём КНР Сі Цьзінпінам, абмеркаваць гандлёва-эканамічныя, інвэстыцыйныя і гуманітарныя пытаньні. Глядзім, што цяпер з эканамічнымі адносінамі Беларусі і Кітая.
Гандаль
867,4 мільёна даляраў — такі аб’ём экспарту зь Беларусі ў Кітай быў за 2021 год, сьвяжэйшай статыстыкі Белстат пакуль не публікаваў. Гэта ў 2,5 раза менш, чым экспарт за той жа пэрыяд у Нідэрлянды, у 1,5 раза менш, чым у Літву, і ў 2,3 раза менш, чым у Польшчу.
Беларусь за 2021 год купіла ў Кітая тавараў на 4 мільярды даляраў. Больш імпартавалі толькі з Расеі — на 23,6 мільярда даляраў. Асноўныя прадукты, якія Беларусь прадае ў Кітай, — калійныя ўгнаеньні, драўніна і прадукцыя зь яе, а таксама прадукцыя сельскай гаспадаркі. У Кітая Беларусь купляе электроніку, запчасткі і тэхніку.
Інвэстыцыі
За 2021 год, згодна зь Белстатам, у Беларусь прыйшло 104,5 мільёна даляраў інвэстыцый з Кітаю. Зь іх 73,2 мільёна прамых інвэстыцый. Зь Літвы у той жа пэрыяд часу інвэстыцый было ў 2,7 раза болей, з Польшчы — у 1,7 раза. За 2022 год афіцыйных зьвестак пакуль няма.
Кітайскія праекты ў Беларусі
Індустрыяльны парк «Вялікі камень»
Адзін з самых расьпіяраных беларускімі ўладамі сумесных з Кітаем праектаў у Беларусі. Пагадненьне аб стварэньні індустрыяльнага парку за 25 кілямэтраў ад Менску Беларусь і Кітай падпісалі ў 2011 годзе.
У 2014 годзе парк пачаў будавацца, у тым жа годзе зарэгістравалі першага рэзыдэнта, цяпер такіх рэзыдэнтаў 107. Інвэстыцыі, згодна з інфармацыяй з сайта парку, склалі 800 мільёнаў даляраў.
У студзені гэтага году кіраўнік індустрыяльнага парку Аляксандар Ярашэнка заявіў, што «выдаткі на парк не акупіліся».
«Калі гаварыць увогуле аб сукупнасьці ўсіх выдаткаў, пакуль яны не акупіліся. У праект укладзена больш за 800 мільёнаў даляраў», — заявіў кіраўнік адміністрацыі індустрыяльнага парку «Вялікі камень» Аляксандар Ярашэнка ў эфіры тэлеканалу СТВ.
Індустрыяльны парк «Вялікі камень» — гэта тэрытарыяльнае фармаваньне з плошчай 112,5 кв. м. Ён мае рэжым спэцыяльнай эканамічнай зоны.
Для параўнаньня, Парк высокіх тэхналёгій, які аб’ядноўвае ІТ-спэцыялістаў, мае больш за тысячу рэзыдэнтаў. Ягоны экспарт паслуг у 2021 годзе склаў 3,5 мільярда даляраў.
Вытворчасьць аўтамабіляў Geely
Завод для зьбіраньня кітайскіх легкавых аўтамабіляў Geely у Беларусі адкрыўся ў 2013 годзе. Першую машыну сабралі ў лютым 2013 году, а да траўня таго ж году пасьпелі сабраць каля 30 аўтамабіляў. Аб’ём інвэстыцый у праект — каля 250 мільёнаў даляраў. Каля траціны акцый кампаніі належыць кітайскай кампаніі Geely Automobile.
Праз санкцыі ў Беларусі цяпер амаль немагчыма купіць новы аўтамабіль эўрапейскіх вытворцаў, таму Geely па выніках 2022 году стаў лідэрам продажаў. Гэтых аўтамабіляў прадалі 4355 штук.
Завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам
У 2012 годзе на базе цэлюлёзна-кардоннага камбінату пад Сьветлагорскам пачалі будаваць новы завод беленай цэлюлёзы. Падрадчыкам выступіла кітайская кампанія China CAMC Engineering Co. Адкрыцьцё заводу некалькі разоў пераносілася, а дабудоўваць яго давялося канцэрну «Беллеспаперапрам».
Кошт праекту складаў каля 850 мільёнаў долараў, зь іх 654 мільёны прыпадала на крэдыт, выдзелены ўраду Беларусі Экспартна-імпартным і Індустрыяльна-камэрцыйным банкамі Кітая. 15 жніўня 2019 году канцэрн «Беллеспаперапрам» пашырыў заяву, што будзе завяршаць будаўніцтва заводу самастойна.
Тады ж кіраўніцтва Сьветлагорскага ЦКК пачало працэдуру разрыву з кітайскімі інвэстарамі. Прычынамі называлі будаўніцтва з адставаньнем, парушэньне нормаў, факты пастаўкі бракаванага абсталяваньня. Кантракт у выніку скасавалі.
Вось што казаў пра завод тагачасны кіраўнік ураду Сяргей Румас: «Задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы аб уводзе ў эксплюатацыю гэтага заводу ў IV квартале, безумоўна, будзе выкананая».
Пасьля запуску заводу мясцовыя жыхары скардзіліся на непрыемны пах і адчуваньні. У 2021 годзе плянавалі, што завод выйдзе на поўную магутнасьць у 2023 годзе.